На таргах у Беларусі даляр і эўра дасягнулі рэкордаў на тле падзеяў на Данбасе. У абменьніках чэргі

Скончыліся таргі на Беларускай валютна-фондавай біржы. Даляр падаражэў амаль на 7 капеек, эўра — крыху больш як на 6.

Цяпер даляр каштуе 2,655 рубля. Эўра — тры рублі.

У абменьніках банкаў даляр і эўра каштуюць яшчэ даражэй: да 2,67 за даляр і 3,03 за эўра.

Гэта гістарычныя максымумы курсаў замежных валют у Беларусі. На фоне падзеньня беларускага рубля перастаў адкрывацца сайт Нацбанку Беларусі.

Чытачы Свабоды дасылаюць фота чэргаў у кругласуткавыя абменныя пункты ў Менску.

Беларускі рубель стаў апускацца ў цане ўсьлед за расейскім рублём. Расейскі рубель стаў таньнець адносна замежных валют увечары 21 лютага на тле заяваў расейскага кіраўніцтва аб прызнаньні так званых «ДНР» і «ЛНР».

Паказьнік нестабільнасьці расейскага рубля ўвечары 21 лютага дасягнуў 33,97%. Пра гэта піша РБК са спасылкай на дадзеныя біржавога тэрміналу Bloomberg.

Месяц таму валятыльнасьць рубля складала 20,7 %. Паводле гэтага паказчыка расейская валюта знаходзілася на другім месцы ў сьвеце пасьля турэцкай ліры, чыя хісткасьць дасягала 32,6%.

Пры гэтым выданьне адзначае, што дадзеныя тэрміналу Bloomberg ня ўлічваюць украінскую грыўню і беларускі рубель, курсы якіх таксама істотна зьніжаюцца ў апошнія дні.

Апытаныя РБК аналітыкі заявілі, што валятыльнасьць рубля вырасла на тле геапалітычных фактараў. 21 лютага яна наблізілася да максымуму ад пачатку пандэміі: 18 сакавіка 2020 г. гэты паказчык складаў 37,7%, у той дзень курс рубля зьніжаўся з 60-65 да 80 рублёў за даляр.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Танкі ў Данецку. Эўропа адказвае Пуціну санкцыямі. Расея рыхтуе ўдар па Ўкраіне? Што адбывалася 22 лютага
  • 21 лютага Ўладзімір Пуцін спачатку абвясьціў аб прызнаньні Расеяй незалежнасьці так званых «ДНР» і «ЛНР», а затым аб уводзе расейскіх войскаў на тэрыторыі, якія кантралююцца прарасейскімі сэпаратыстамі на ўсходзе Ўкраіны. ЗША і іншыя краіны Захаду раней заяўлялі, што ў выпадку расейскага ўзброенага ўварваньня на тэрыторыю Ўкраіны ўвядуць супраць Расеі жорсткія санкцыі. Кантраляваныя «ДНР» і «ЛНР» тэрыторыі ўсе краіны сьвету, акрамя Расеі, у дадзены момант лічаць тэрыторыяй Украіны.