Гэтыя пытаньні на канале Свабода Premium абмяркоўваюць палітычныя аглядальнікі Радыё Свабода Сяргей Навумчык і Юры Дракахруст.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пуцін падпісаў указы аб прызнаньні «незалежнасьці» так званых «ЛНР» і «ДНР» і ўводзе туды войска. Галоўнае
Тэзісы Сяргея Навумчыка:
- Прамова Пуціна — гэта рэваншысцкая прамова, напэўна, самая «імпэрская» прасьля сумнавядомай ягонай прамовы ў Мюнхэне ў 2007-м, калі ён фактычна паставіў пад сумнеў сусьветны парадак.
- Пуцін забраў бы ўсю Эўропу, калі б яму дазволілі. Але сёньня ёсьць спадзяваньне, што Захад павядзе сябе ня так, як у 2008 годзе з Грузіяй ці ў 2014 з Крымам і Данбасам.
- Цяпер існуе тры варыянты разьвіцьця падзеяў. Першы — Крэмль абмяжоўваецца прызнаньнем «ЛНР» і «ДНР» і адводзіць войскі (маларэальна). Другі — Пуцін уводзіць, цяпер ужо адкрыта, расейскія войскі ў «ЛНР» і «ДНР» (гэты варыянт найбольш рэальны, прычым у бліжэйшы час). Трэці — расейскія войскі не абмяжоўваюцца «ЛНР» і «ДНР», а ідуць на Кіеў — іншымі, словамі, пачынаецца тое, што мы называем «вялікай вайной». Такі сцэнар мне падаецца менш верагодным, але выключаць яго нельга.
- Адносна санкцый Захаду — верагодна, пэўныя санкцыі будуць ужо пасьля сёньняшняй заявы Пуціна пра прызнаньне «ЛНР» і «ДНР». Калі ж ён увядзе туды войскі (нават абмежаваўшыся толькі «ЛНР» і «ДНР» ) — будуць «вялікія» санкцыі, пра якія мы чуем ад заходніх лідэраў апошнія тыдні.
- З пункту гледжаньня як Канстытуцыі Ўкраіны, гэтак і міжнароднага права, тэрыторыя «ЛНР» і «ДНР» — гэта тэрыторыя Ўкраіны, і ўступленьне туды расейскіх войскаў будзе адназначна ўспрымацца як агрэсія.
- Тэарэтычна, можа быць і такое: Пуцін уводзіць войскі ў «ЛНР» і «ДНР» і танкі становяцца на мяжы гэтых самаабвешчаных утварэньняў зь іншай тэрыторыяй Ўкраіны. І далей ня рухаюцца. А Захад угаворвае Кіеў не ўступаць у баявое сутыкненьне, не выціскаць расейскія войскі, фактычна пагадзіцца з акупацыяй «ЛНР» і «ДНР», каб не разьвязалася «вялікая » вайна. Але наўрад ці Кіеў з гэтым пагодзіцца.
- Прызнае Лукашэнка «ЛНР» і «ДНР» і калі, ці не прызнае — залежыць ужо не ад яго, а цалкам залежыць ад Пуціна. Патрэбна будзе Пуціну, каб прызнаў заўтра — прызнае заўтра. Ня будзе патрэбна — не прызнае, як не прызнаў Крым. Лукашэнка будзе выконваць тую ролю, якая для яго прапісаная ў сцэнары Пуціна.
- Беларусь упершыню за больш як тры дзесяцігодзьдзі адноўленай сваёй незалежнасьці апынулася ва ўмовах, калі а)на яе тэрыторыі знаходзяцца вялікі кантынгент іншаземных войскаў, што, на мой погляд, можна разглядаць як акупацыю; б) яе нелегітымны кіраўнік кантралюе ўсё меней, а ваенную палітыку не кантралюе зусім; в)Беларусь успрымаецца як патэнцыйная краіна-агрэсар — ізноў жа, дзякуючы Лукашэнку. Лукашэнка абмяняў сувэрэнітэт на захаваньне сябе на пасадзе.
- Два гады таму немагчыма было ўявіць, што ўваход такой колькасьці расейскіх войскаў ня мае вынікам ня тое што нейкай масавай акцыі, але і нейкага адзіночнага пікету. Прычына зразумелая: людзі запалоханыя дзяржаўным тэрорам.
- Прапусьціўшы расейскія войскі на мяжу Беларусі з Украінай, Лукашэнка закладае бомбу ва ўзаемаадносіны паміж украінскім і беларускім народамі. Жывучы ў Чэхіі, мы бачым, што 1968 год многія чэхі не даравалі жыхарам краінаў былога СССР нават праз больш чым 50 гадоў.
- ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці азначае прызнаньне самаабвешчаных рэспублік вайну?
Тэзісы Юрыя Дракахруста:
- Пуцін у сваёй прамове казаў пра тое, што Украіна напампоўваецца зброяй, што Ўкраіна стварае пагрозу для Расеі. Патас прамовы Пуціна быў такі, што «мы абясшкодзім гэтыя пагроз» — а тут толькі «ЛНР» і «ДНР».
- Тэрыторыя «ЛНР» і «ДНР» больш як сем гадоў не кантралюецца Кіевам, і там так ці інакш расейскія войскі сапраўды былі. У гэтым сэнсе Данбас робіцца нечым падобным на Крым, ці на Асэтыю.
- Пуцін сказаў пра прызнаньне «ЛНР» і «ДНР» і пра дамову аб вайсковым супрацоўніцтве. А дамова аб вайсковым супрацоўніцтве — гэта хоць ядзерную зброю ўводзь. Ну, ядзерную наўрад ці, нават Лукашэнка гэтага не заслужыў, але іншую зброю ўвесьці могуць
- Прыкметна, што раней у 2014 годзе, калі ў «ЛНР» і «ДНР» прайшлі рэфэрэндумы, але тады Масква не пажадала іх прызнаць, хаця магла гэта зрабіць.
- На мой погляд, на настроі і паводзіны людзей у Беларусі ўплывае ня толькі тэрор, але і стомленасьць. Людзі стаміліся за паўтары гады. Такія выбухі, як у 2020 годзе, забіраюць шмат народнай энэргіі. І цяпер «народны акумулятар» запаўняецца.
- Мы бачым арышты людзей, якія заклікалі чальцоў выбарчых камісіяў падлічваць вынікі рэфэрэндуму сумленна.
- Між іншым, наяўнасьць на тэрыторыі Беларусі такой колькасьці расейскіх войскаў нават у прыхільнікаў Лукашэнкі (часткі зь іх) нараджае адчуваньне, што нешта ня тое адбываецца. І такі імпульс калі-небудзь можа сябе выявіць.
Што было раней
Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі і даручыў Савету Фэдэрацыі ратыфікаваць гэтае рашэньне.
Пасьля гэтага тэлеканал паказаў падпісаньне ўказаў аб прызнаньні незалежнасьці і дагавораў аб дружбе і супрацоўніцтве з так званымі «Данецкай народнай рэспублікай» і «Луганскай народнай рэспублікай».
Заява аб прызнаньні прагучала пасьля працяглага выступу Пуціна, у якім ён выкладаў сваё бачаньне сучаснай расейскай і ўкраінскай гісторыі.
Як стала вядома празь некаторы час, расейскія ваенныя падразьдзяленьні будуць накіраваныя ў сэпаратысцкія «ЛНР» і «ДНР». Гэта вынікае з указаў аб прызнаньні дзьвюх «рэспублік» Данбаса за подпісам прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна: у ім сказана, што ён даручыў расейскім вайскоўцам «забясьпечыць падтрыманьне міру» ў «ДНР» і «ЛНР».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея накіруе сваіх вайскоўцаў у «ЛНР» і «ДНР»: указ ПуцінаЗгодна з указамі, расейскія ваенныя будуць ажыцьцяўляць гэтыя функцыі «да моманту заключэньня дагавораў аб сяброўстве, супрацоўніцтве і ўзаемнай дапамозе».
Колькі менавіта ваенных будуць уведзены ў «ЛНР» і «ДНР» — невядома. Расея засяродзіла на межах Украіны войска прыкладна ў 150 тысяч вайскоўцаў, уключаючы цяжкую тэхніку, ЗРК і баявую авіяцыю. Пры гэтым яна абвінавачвае Ўкраіну ў абстрэлах тэрыторыі «ДНР» і «ЛНР», а таксама Расеі, што Ўкраіна катэгарычна адмаўляе.