Высокі прадстаўнік ЭЗ у кулюарах саміту: цяпер «ня час» уводзіць санкцыі супраць Масквы

Высокі прадстаўнік ЭЗ у справах вонкавай палітыкі Жузэп Бурэль

Эўразьвяз не гатовы ўвесьці санкцыі супраць Масквы, заявіў журналістам высокі прадстаўнік ЭЗ у справах вонкавай палітыкі Жузэп Бурэль. Пра гэта ён заявіў у кулюарах саміту ЭЗ 21 лютага.

Паводле Бурэля, ён скліча нечарговае пасяджэньне ЭЗ для ўвядзеньня санкцыяў толькі «калі прыйдзе час», — паведамляе ўкраінская служба Радыё Свабода.

Таму ЭЗ адхіліў заклікі міністра замежных справаў Украіны Дзьмітра Кулебы да Захаду прыняць неадкладныя меры супраць Масквы, якія, паводле яго, дапамогуць перадухіліць вайну, а не чакаць магчымага расейскага ўварваньня.

«Мы лічым, што ёсьць важкія і законныя прычыны ўвесьці хаця б частку санкцыяў зараз, каб паказаць, што ЭЗ ня толькі кажа пра санкцыі, але і гатовы дзейнічаць», — сказаў Кулеба перад сваім выступам на пасяджэньні міністраў замежных справаў краінаў ЭЗ.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна просіць правесьці тэрміновыя кансультацыі чальцоў Рады бясьпекі ААН

Тым часам Бурэль кажа, што міністры ЭЗ цяпер падтрымліваюць дыпляматычны шлях, у тым ліку крокі Францыі дзеля пасярэдніцтва паміж прэзыдэнтам ЗША Джо Байдэнам і прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным.

«Сустрэчы на найвышэйшым узроўні, на ўзроўні лідэраў, на ўзроўні міністраў, у любым фармаце, любым спосабам, каб гаварыць, сядзець за сталом і старацца ўнікнуць вайны, вельмі неабходныя», — сказаў высокі прадстаўнік ЭЗ у справах вонкавай палітыкі Жузэп Бурэль.

Замест гэтага міністры замежных справаў ЭЗ падтрымалі абвешчаныя ў студзені пляны аб фінансавай дапамозе Ўкраіне на 1,36 мільярда даляраў.

Яны таксама ў цэлым пагадзіліся на просьбу Кіева накіраваць групу вайсковых інструктараў для дапамогі ў рыхтаваньні афіцэраў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сусьветныя лідэры праводзяць перамовы на фоне плянаў Расеі прызнаць «ЛНР» і «ДНР»