15 лістапада Паўла затрымалі. Спачатку ён адбыў тры адміністрацыйныя тэрміны, затым яго перавялі ў СІЗА-1 у межах крымінальнай справы.
У інтэрвію Павал расказвае, чаму выступае за любое выкарыстаньне беларускай мовы, нават калі гэта прадыктавана маркетынгавымі хітрыкамі ці спробамі злавіць хайп. Ён лічыць, што нават скандалы вакол беларускай мовы (як тое было з брэндамі А-100, «Савушкин продукт» і МТС) на карысьць.
«Гэта сьведчыць пра тое, што мова жывая, разьвіваецца. І не таму, што так загадалі зьверху, а таму што гэта прадыктавана патрэбай людзей ці бізнэсу. Я за любое выкарыстаньне беларускай мовы, нават у самым абрэзаным выглядзе», — кажа Павал.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «На нейкім этапе мы былі выгадныя ўладам». Чаму будзе бракаваць «Арт Сядзібы»Ён адзначыў, што, паводле дасьледаваньня, якое замаўляў Symbal.by у 2019 годзе, большасьць беларусаў лічаць беларускую мову каштоўнасьцю, сымбалем краіны, але не гатовыя перайсьці да штодзённага яе выкарыстаньня.
«Людзі баяцца, што іх прымусяць карыстацца беларускай мовай. Большасьць не гатовая перайсьці на штодзённую камунікацыю толькі па-беларуску. З другога боку, гэтая ж самая большасьць сьцьвярджае, што лічыць беларускую мову каштоўнасьцю і падтрымлівае яе разьвіцьцё і выкарыстаньне, скажам, у рэкляме», — расказаў Белавус.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Заснавальніка Symbal.by Паўла Белавуса перавялі ў СІЗА-1Арт-мэнэджар успомніў, як у лютым 2020 году ладзіў традыцыйны да Дня роднай мовы «МоваФэст». Тады на адной сцэне выступалі дыпляматы, актывісты, журналісты, а спонсарамі імпрэзы былі «Белсат», банк «Дабрабыт», букмэйкерская кантора Leon, рыэлтарская кампанія Realt.by, а таксама піваварня «Аліварыя».
«І ўсё гэта праходзіла ў культурніцкай прасторы „ОК16“, якой на той момант кіравала Марыя Калесьнікава. І тады ў мяне было вельмі вялікае натхненьне: мы сабралі і прыватны бізнэс, і дзяржаўныя прадпрыемствы, і незалежныя мэдыя. І ўсе яны разам, і Лявон Вольскі — хэдлайнэр фэстывалю. І гэта ўсё здавалася нормай. І тады ну зусім не было адчуваньня, што хутка выбары, якія так моцна зьменяць усё. Было адчуваньне, што выбары пройдуць, як у 2015 годзе — прайшлі і прайшлі... А цяпер не разумею, навошта так усё робіцца, навошта так помсьціць людзям на тое, што ў іх адрознае меркаваньне».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навіны палітвязьняў: 5 месяцаў няма лістоў ад журналіста Івашына, Белавус даслаў з-за кратаў новы вершХто такі Павал Белавус
Павал нарадзіўся ў Лідзе, вучыўся на геаграфічным факультэце ў Берасьцейскім дзяржаўным унівэрсытэце.
«Хоць і вучыўся на геафаку, хацеў стаць журналістам. Я паступаў туды, бо добра ведаў беларускую мову, матэматыку, і мне патрэбен быў трэці прадмет. І я такі: „О, геаграфія! Паеду паступаць на геафак“. Але з другога курсу я пачаў пісаць, больш працаваў у журналісцкай сфэры. Дзякуючы геафаку, што я вучыўся ў Берасьці, я пазнаёміўся зь „Дзедзічам“, які зацягнуў мяне ў актывізм», — расказваў пра сябе Павал.
(«Дзедзіч» — агенцтва рэгіянальнага разьвіцьця. Грамадзкая адукацыйная, інфармацыйная і культурная пляцоўка. — РС).
Разам зь сябрамі заснаваў «Арт Сядзібу»
24 сьнежня 2011 году Павал Белавус разам зь сябрамі стварылі інфармацыйна-асьветніцкую арганізацыю «Арт Сядзіба». Праз канцэрты, лекцыі і забаўляльныя імпрэзы, якія рабіла «Арт Сядзіба», да беларушчыны масава далучалася моладзь па ўсёй краіне.
«Пашу я ведаю з 2009-га. Тады ён запомніўся мне сваім творчым і нестандартным падыходам. Мы разам распачыналі „Арт Сядзібу“, рабілі імпрэзы, пераяжджалі з розных памяшканьняў, разам рабілі Symbal.by. Паша для мяне — гэта сапраўдны беларус, які імкнецца зрабіць усё, каб Беларусь і беларушчына былі папулярнымі і прывабнымі. І робіць усё гэта шчыра! Паша — найлепшы сябра, да якога можна зьвярнуцца па дапамогу, параду, няхай гэта будзе вокладка, ці канцэпцыя новага альбому, ці нейкая бізнэс-ідэя. Я заўжды ўпэўнены, што Паша не падвядзе», — кажа Зьміцер Афанасенка, лідэр гурту Amaroka.
Зрабіў вышыванкі ізноў моднымі, папулярызуе беларускую культуру
Пазьней Павал стварыў краму Symbal.by, якая папулярызавала рэчы і зьявы, зьвязаныя зь беларускай мовай, культурай і гісторыяй. Вясной і летам 2020-га крама шыла вялікія партыі засьцерагальных масак і перадавала іх мэдыкам па ўсёй краіне. Празь ціск уладаў на пачатку сакавіка 2021-га краму закрылі.
У 2020 годзе Павал стварыў грамадзкую кампанію «Годна», якая прасоўвае сучасную нацыянальную ідэю Беларусі. У ёй каманды маладых людзей стваралі культурныя і гістарычныя праекты.
«Для мяне Паша — ня проста калега і сябра, ён як старэйшы брат, у якога заўсёды можна нечаму навучыцца. Ён марыць аб тым, каб Беларусь была беларускай. Паша вельмі шмат робіць для Беларусі, для таго, каб кожны адчуў годнасьць і гонар за сваю краіну, сваю мову і культуру, ганарыўся, што ён беларус. У яго гэта атрымліваецца, бо ў яго заўсёды шмат ідэй, гараць вочы, ён натхняе тым, наколькі ён любіць сваю працу, сваю місію», — кажа мэнэджар кампаніі «Годна», сяброўка Паўла Аліна Герашчанка.
Павал мае жонку Кацярыну і дваіх малых дзетак: Соф’ю і Мірона.