Мянчанка пра затрыманьне маці: «У бабулі запыталіся, ці ёсьць у яе зброя. У яе падняўся ціск да 200»

Сілавікі ў пад'езьдзе дому ў Брылевічах, сакавік 2021 году. Ілюстрацыйнае фота

У Менску 18 лютага КДБ затрымаў 45-гадовую жанчыну Алену Бурко. Ейная дачка Паліна расказала Свабодзе, як праходзіў ператрус і затрыманьне, і як гэта перажыла састарэлая бабуля.

Паліна Бурко знаходзіцца за межамі Беларусі. У 6:30 ранку 18 лютага да ейных сваякоў прыйшлі «людзі ў чорным са зброяй» зь ператрусам з пастановай на вобшук на імя Паліны. Доўга грукаліся ў дзьверы. Сказалі, што дзяўчына праходзіць сьведкай у нейкай крымінальнай справе.

«Вобшук праходзіў па клясыцы беларускіх рэалій: чорныя людзі, зброя. Маці і бабулю паставілі да сьценкі», — пачынае аповед Паліна.

Ператрус ішоў 4,5 гадзіны. Дзяўчына кажа, што агулам усё адбывалася ветліва. Забралі тэлефон маці, мабільны тэлефон бабулі праверылі.

«Перавярнулі ўвесь дом, нават сьметніцу. Бабулю спыталі, ці ёсьць у яе зброя. На што яна адказала: „Знайшлі, у каго пытаць“. Бабуля вельмі спужалася, у яе падняўся ціск да 200. Яна ня ведала, што такое можа быць, хоць мы ёй і казалі. Ня верыла», — расказвае суразмоўца пра рэакцыю сваёй 75-гадовай бабулі.

У выніку Алену Бурко затрымалі на допыт у КДБ, за што — невядома. Цяпер яна на Акрэсьціна.

Напярэдадні ў гэтым раёне затрымалі яшчэ некалькі суседзяў, пасадзілі іх на содні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сын Шаўковіча пра дэталі затрыманьня бацькі: «Сказалі, трэба зьезьдзіць у міліцыю для прафразмовы»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 18 лютага: у Менску КДБ затрымаў студэнта; у Магілёве ператрус у выкладчыка, у Гомлі — у журналісткі Шчыраковай