«Супрацоўнік ГУБАЗіК настойваў, каб я хадзіў на мітынгі і „здаваў“ людзей»
Арцём (імя зьмянілі дзеля бясьпекі. — РС) у 2020 годзе жыў у адным з райцэнтраў. Працаваў інжынэрам. Пасьля выбараў быў абураны гвалтам з боку міліцыі. У верасьні 2020 году Арцёма затрымалі, далі «суткі» за ўдзел у акцыі пратэсту.
«Да мяне ў ізалятары прыходзіў намесьнік пракурора. Даў паперку падпісаць, што я папярэджаны, што магу атрымаць крымінальную справу за пратэсты. На другі дзень па мяне ў камэру прыйшоў сам начальнік ізалятару. Адвёў у асобны пакой. Там сядзелі, як яны прадставіліся, супрацоўнікі ГУБАЗіК. Паводзілі сябе даволі дружалюбна. Распытвалі, дзе я працую, чым цікаўлюся, пра мае музычныя захапленьні; пыталіся, ці анархіст я або футбольны фанат. Якія я люблю фільмы, як зьбіраюся будаваць кар’еру; пра бацькоў, сястру пыталіся.
Яны паводзілі сябе нібыта добразычліва, а мяне ўсяго калаціла. Пасьля доўгай паўзы запыталі, ці буду я яшчэ хадзіць на мітынгі. Я пачаў гаварыць, што вядома ж, не, я і так у ІЧУ трапіў. Больш не пайду. А яны: „А калі мы цябе папросім?“. Я адказаў, што не хачу, каб зноў трапляць у ізалятар. Яны пачалі запэўніваць, маўляў, ня трапіш больш, будзеш пад нашым наглядам», — расказаў Арцём.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Далі імя Юстас». Праваабаронца расказаў, як у КДБ робяць пакаяльныя відэа і «пераконваюць» падпісваць паперы аб супрацы«Сказалі: ад супрацоўніцтва адны плюсы, а мінусаў аніякіх»
Ён кажа, што сэнс у ягоныя «хаджэньні» на мітынгі міліцыянты ўкладалі такі: каб ён там знаёміўся зь людзьмі і потым «здаваў» іх. Таксама, па словах Арцёма, міліцыянты прапанавалі ўступаць у закрытыя дваровыя чаты, наведваць сустрэчы.
«Сказалі: мы табе палепшым умовы ў камэры, мы не дамо хаду яшчэ тром пратаколам на цябе. Мы табе будзем дапамагаць вырашаць усе пытаньні ў горадзе і на працы. Ну такое, ведаеце, у манеры зносін 90-х гадоў — усё вырашаць яны. Яны шмат мне апісалі плюсоў ад супрацоўніцтва. Тады адзін міліцыянт кажа: „А мінусаў жа і няма!“» — успамінае Арцём.
На яго пачалі ціснуць пагрозай дэпартацыі (бо ён не грамадзянін Беларусі), згадвалі бацькоў, «якіх ты больш ня ўбачыш».
«Мне было страшна. Я не хацеў ніякага супрацоўніцтва, не зьбіраўся здаваць людзей. Мяне аж калаціла. Яны кажуць: „Мы і так доўга з табой размаўляем, пагаджайся“. Я спытаўся, ці ёсьць у мяне выбар. Сказалі, што не. Пасадзілі за стол, далі аркуш паперы, сказалі пісаць. Напісаў, што абяцаю супрацоўнічаць з унутранымі органамі пад псэўданімам... Тут я замяўся, пытаюся: „А які псэўданім“? Яны засьмяяліся і кажуць: „Ну ты ж Стывэна Кінга любіш, будзеш Стывэнам“. Хоць я не казаў, што люблю Кінга. Абяцалі, што патэлефануюць мне пасьля „сутак“ і мы сустрэнемся ў горадзе. Сказалі захоўваць усё ў сакрэце», — дадаў Арцём. Умоваў у камэры, дарэчы, яму не палепшылі, зазначыў Арцём.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Прапанавалі супрацу, пагражалі крымінальнай справай». Адміна суполкі «Это Минск, детка!» выклікалі ў міліцыюПасьля «сутак» ён выйшаў з ізалятару — і тут жа быў затрыманы міліцыяй.
«Паказалі здымак, дзе я быў на акцыі. Спыталіся, што я там рабіў. Гуляў. „Ах, гуляў?“ — і пацягнулі назад у ізалятар. Далі чарговыя „суткі“. Пасьля мяне выклікала начальства. І я звольніўся, сам. Бо разумеў, што спакою мне там ня будзе. Потым патэлефанаваў той, з ГУБАЗіК. Прапанаваў сустрэцца ў горадзе. У мяне быў вельмі цяжкі псыхалягічны стан. Я патэлефанаваў юрыстам, праваабаронцам, у фонды розныя. Мне параілі не ісьці зь міліцыяй на сустрэчу. Той, з ГУБАЗіК, настойваў. Я сказаў, што не пайду, бо я іх баюся. Ён пачаў мне: „Ды чаго ты баісься, я не буду на цябе кайданкі надзяваць, прыходзь“. Я адмовіўся і вырашыў выехаць з гораду», — расказаў Арцём.
Шэсьць месяцаў ён жыў «у знаёмых знаёмцаў».
«Бо тады была надзея на перамены... Мы ўсё чакалі, што вось пераможам, я вярнуся дахаты. Але праз шэсьць месяцаў стала зразумела, што заседзеўся я „ў гасьцях“. Таму паехаў за мяжу. Міліцыя і дагэтуль шукае мяне, ходзіць да бацькоў», — дадаў Арцём.
«Шантажавалі маці, казалі, што ведаюць, куды яна езьдзіць і калі»
Марына (імя зьмянілі дзеля бясьпекі. — РС) жыве за мяжой. У 2020 годзе яна праяўляла актыўнасьць у акцыях дыяспары. Магчыма, гэтым выклікала ўвагу з боку органаў.
«Гісторыя спробы майго вэрбаваньня не выключэньне. Многім нашым за мяжой прыходзілі такія „цікавыя“ прапановы. Увосень 2021 году мне напісаў незнаёмы ў Telegram. Прадставіўся супрацоўнікам КДБ. Пачаў пісаць, што ведае пра мяне шмат. Што ведае, што я не магу прыехаць на магілу сваякоў. Напісаў пра маршруты маёй маці — куды і як яна езьдзіць. Казаў, што могуць сустрэцца з маёй маці. Я яе, дарэчы, адразу пра гэта папярэдзіла. Супрацоўніка запрасіла прыехаць да мяне за мяжу.
Праз тры дні ён зноў пачаў пісаць мне. Маўляў, можа, ты ўспрымаеш гэта як жарт ці розыгрыш, але ўсё сур’ёзна, нашы намеры сур’ёзныя. Я яго проста заблякавала. Маёй прыяцельцы таксама паступалі такія прапановы. Ёй наагул прыслалі здымкі ўваходных дзьвярэй кватэр маці і сваякоў. Іншым пісалі зьвесткі сваякоў, з прапіскай і гэтак далей. Я ня ведаю, адкуль у іх такі інтарэс да мяне. Я даўно ўжо не актыўнічаю нідзе», — кажа Марына.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Рэкамэндуем вам з намі супрацоўнічаць». Як вэрбуюць інфарматараў спэцслужбы Беларусі і Расеі«Цяпер яны спрабуюць вэрбаваць пагалоўна ўсіх, каго затрымліваюць»
Былы начальнік упраўленьня ГУБАЗіК (цяпер ён у ініцыятыве ByPol) Аляксандар Азараў у камэнтары Свабодзе зазначыў, што цяпер міліцыянты «спрабуюць вэрбаваць пагалоўна ўсіх, каго затрымліваюць».
«Супрацоўніцтва з органамі — гэта добраахвотная справа. Лепш, вядома, не пагаджацца, нічога не падпісваць, не даваць інфармацыі, якая можа прывесьці да затрыманьня іншых людзей. Вэрбаваць — ну такая задача опэра. Цяпер кожнага затрыманага яны спрабуюць схіліць да гэтага. Калі сытуацыя невыносная, немагчыма адмовіцца і вы падпісалі паперы, варта зьвязацца з ByPol: мы параім, што рабіць далей», — кажа Аляксандар Азараў.
У арсэнале апэратыўнікаў мноства спосабаў і мэтадаў вэрбаваньня. Гэта могуць быць пагрозы, шантаж, абяцаньні. «Важна памятаць — верыць міліцыянтам нельга. Яны хлусяць, падманваюць. Цяпер слова супрацоўніка міліцыі не каштуе нічога. Абяцаньні „дапамагчы з кар’ерай“, „вырашыць пытаньні“ — хлусьня. Яшчэ такі момант: калісьці архівы будуць адкрытыя і ўсе завэрбаваныя будуць вызначаныя. Трэба пра гэта памятаць. Вядома, пытаньне — ці чалавек проста падпісаў паперы, ці ён „аказваў дапамогу“ органам. Лепш усё ж супраціўляцца», — лічыць былы міліцыянт.
Тым, хто жыве не ў Беларусі і атрымлівае «прапановы» ў Telegram, ён раіць не размаўляць, не адказваць, адразу блякаваць гэты акаўнт. «Пісаць такія прапановы — гэта іхная праца. Але лепш не ўступаць у дыялёгі. Нічога яны вам ня зробяць», — упэўнены Аляксандар Азараў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Былая чыноўніца сьцьвярджае, што КДБ схіляў яе шпіёніць за начальствам і амэрыканскімі дыпляматамі