«Натальля Хершэ выйшла на волю сёньня пасьля 17 месяцаў знаходжаньня ў беларускай турме», — напісаў ён у сваім твітары.
Яе сустрэлі брат і амбасадарка Швайцарыі ў Беларусі. Натальля Хершэ ўжо пакінула Беларусь і вяртаецца ў Швайцарыю, паведаміла амбасада Швайцарыі ў Беларусі.
«Я рады, што дыпляматычныя намаганьні Швайцарыі акупіліся. Мы з пасольствам Швайцарыі ў Беларусі працягваем заклікаць да вызваленьня ўсіх арыштаваных за ажыцьцяўленьне іх палітычных і грамадзянскіх правоў», — дадаў Касіс.
Нядаўна Швайцарыя накіравала ў Беларусь новага амбасадара Крыстынэ Гонэгер Залатухін, яна ўжо ўручыла даверчыя лісты міністру замежных спраў Уладзіміру Макею і пачала працу ў Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Яна хацела хутчэй апынуцца ў палёце!» — брат пра вызваленую Натальлю Хершэ. ВІДЭАУ аэрапорт Натальлю прывезьлі ў турэмнай робе
Вызваленьне Натальлі і сустрэчу зь ёй пракамэнтаваў «Нашай ніве» яе брат Генадзь:
«Яна паляцела ў Швайцарыю праз Стамбул — там яе сустрэне швайцарскі консул і пасадзіць на самалёт у Цюрых, — кажа Генадзь. — Пра тое, што Наташу вызвалілі і мы едзем у аэрапорт, я даведаўся ў 8:30, калі прыехаў у амбасаду.
Мяне павіншавалі з вызваленьнем сястры і сказалі, што праз 15 хвілін выяжджаем на машыне ў аэрапорт у VIP-залю. Туды ў бусіку прывезьлі Натальлю ў турэмнай робе.
Мы каля 40 хвілін прасядзелі ў зале чаканьня, праўда, у прысутнасьці службовых асобаў. Натальля вельмі худая, настолькі тонкая... Усе валасы сівыя, толькі кончыкі бялявыя засталіся. Казала, што траціна валасоў выпала. Але нават так яна выглядае добра. Настрой пазытыўны. Вытрымала.
У Швайцарыі яе будзе сустракаць паралямэнтарка Барбара Гізі, якая стала хроснай ёй, і былы амбасадар Клод Альтрэмат, які доўгі час кантактаваў з Натальляй. Таксама дачка і сын. На жаль, Робэрт на гэты момант у Пэру знаходзіцца, але ён вельмі хацеў таксама сустрэць. Наташа дала згоду, каб і Робэрт быў, я яе ўгаварыў.
Я не рыхтаваўся. Нават чамадан не сабраў, ніякіх рэчаў не прывёз Натальлі. Толькі дакумэнты».
Хто такая Натальля Хершэ:
7 сьнежня 2020 года суд Савецкага раёну Менску пакараў грамадзянку Швайцарыі Натальлю Хершэ пазбаўленьнем волі на 2,5 года ў калёніі агульнага рэжыму. Яе абвінавацілі ў «супраціве з гвалтам».
На жаночым маршы 19 верасьня 2020 году ў Менску Натальля Хершэ сарвала балаклаву з 22-гадовага амапаўца Сяргея Кончыка. Суд прысудзіў таксама, каб Натальля сплаціла пацярпеламу 1000 рублёў кампэнсацыі.
Натальля Хершэ не прызнала сябе вінаватай у тым, што брала ўдзел у несанкцыянаванай акцыі і нанесла драпіну амапаўцу, калі здымала балаклаву.
На агучваньні прысуду Натальля была ў вопратцы белага і чырвонага колераў.
У сакавіку 2021 году Натальлю Хершэ перавялі ў жаночую калёнію № 4 у Гомлі. Натальля скардзілася на ўмовы ўтрыманьня і дасылала на волю малюнкі сваіх сукамэрніц.
За адмову шыць форму для сілавікоў яе зьмясьцілі ў ШЫЗА, а потым перавялі ў ПКТ (памяшканьне камэрнага тыпу). У канцы верасьня 2021 году суд вырашыў перавесьці яе ў турму.
Натальля Хершэ тройчы адмаўлялася ад прапаноў напісаць заяву аб памілаваньні на імя Аляксандра Лукашэнкі, бо лічыла сябе невінаватай.
Міністар замежных спраў Швайцарыі запатрабаваў ад уладаў Беларусі вызваліць Натальлю Хершэ.
Амбасадар Шавйцарыі Клёд Альтэрмат наведваў Натальлю ў калёніі.
51-гадовая Натальля Хершэ мае беларускае і швайцарскае грамадзянства, нарадзілася ў Воршы, але цягам апошніх 12 гадоў стала жыла ў Санкт-Галене, у Швайцарыі. Там жывуць яе дзеці — 23-гадовая Вiялета і 27-гадовы Хведар. Дачка вучыцца ва ўнівэрсытэце Цюрыху, але цяпер вымушана была ўзяць акадэмічны адпачынак.Бацькі Натальлі памерлі ад анкалёгіі.