У Мюнхэне праходзіць штогадовая канфэрэнцыя аб бясьпецы. Ад Беларусі на яе прыехала Ціханоўская. ФОТА

Сьвятлана Ціханоўская (справа) падчас сустрэчы з камісарам унутраных спраў ЭЗ Ільвай Югансан

Сьвятлана Ціханоўская 17 лютага прыбыла ў Мюнхэн, дзе выступіць на Мюнхэнскай канфэрэнцыі па бясьпецы. Яна раскажа пра цяперашнюю сытуацыю ўнутры Беларусі, а таксама пра ролю Беларусі ў гарантаваньні рэгіянальнай і агульнаэўрапейскай бясьпекі.

У канфэрэнцыі бяруць удзел сусьветныя лідэры, у тым ліку генэральны сакратар ААН Антонію Гутэрыш, віцэ-прэзыдэнт ЗША Камала Гарыс, прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі, дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен і многія іншыя. Кіраўніцтва Расеі на канфэрэнцыі ня будзе.

Сёньня Сьвятлана Ціханоўская ўжо сустрэлася з камісарам унутраных спраў ЭЗ Ільвай Югансан. Яна выказала падзяку Эўразьвязу за тое, што яго краіны прынялі тысячы беларусаў, якія ратуюцца ад рэпрэсій. Многія маюць патрэбу ў абароне, некаторыя сутыкнуліся з сачэньнем КДБ нават на тэрыторыі Эўразьвязу, адзначыла Ціханоўская. Яна абмеркавала зь Югансан пытаньне аб несупрацоўніцтве з рэжымам Беларусі па лініі Інтэрполу і аб іншых падобных пагадненьнях, паведамляе прэс-служба Ціханоўскай.

Сьвятлана Ціханоўская і Ільва Югансан

Пасьля Сьвятлана Ціханоўская сустрэлася з мэрам Кіева Віталём Клічком. Падчас сустрэчы яна выказала салідарнасьць Украіне. Ціханоўская і Клічко абмеркавалі дапамогу беларусам у Кіеве, падтрымку беларускім СМІ і праваабаронцам, якія працуюць з украінскай сталіцы.

Сьвятлана Ціханоўская і Віталь Клічко

Пасьля сустрэчы з Клічко Ціханоўская сказала:

«Я прадстаўляю тут беларускі народ, які больш за 1,5 года змагаецца за свабоду, за сумленныя выбары, за вызваленьне палітвязьняў і за тое, каб даць людзям права выбіраць сваю будучыню. І, канечне, цяпер з прычыны слабасьці рэжыму яны гатовыя аддаць нашу радзіму ў арэнду трэцім краінам, каб пагражаць Украіне. Беларусы не жадаюць уцягвацца ні ў якія ваенныя канфлікты, асабліва супраць нашых суседзяў».

Мэр Кіева Віталь Клічко заявіў, што «можа пацьвердзіць словы Сьвятланы — гэта не супрацьстаяньне народаў, а супрацьстаяньне бачаньня сьвету і людзей, якія трымаюцца за свае крэслы і якіх па якіх-небудзь прычынах спрабуюць разьвязаць».

«Мы вельмі спадзяёмся, што мяжа Ўкраіны ня будзе парушаная, інтэрвэнцыя ня будзе разьвязаная, і гэта пытаньне выключна тых палітычных лідэраў, якія атаясамліваюць сябе з тымі працэсамі, што адбываюцца, і спрабуюць вырашаць свае пытаньні праз інтэрвэнцыю», — заявіў Віталь Клічко.

У кулюарах Мюнхэнскай канфэрэнцыі Сьвятлана Ціханоўская сустрэлася таксама з кіраўніцай Міжнароднага валютнага фонду Крысталінай Георгіевай і абмеркавала зь ёй пытаньне выдзяленьня мільярда даляраў Беларусі «для барацьбы з каранавірусам».

Ціханоўская адзначыла, што гэтыя грошы, хутчэй за ўсё, пойдуць на рэпрэсіі, а не на дапамогу людзям, і заклікала знайсьці спосаб заблякаваць гэтыя сродкі. Яна падкрэсьліла, што неабходна пераканацца, што ў будучым рэжым у Беларусі ня зможа злоўжываць мэханізмамі міжнароднай дапамогі. Ціханоўская атрымала запэўніваньні, што МВФ не зьбіраецца больш выдзяляць грошы рэжыму.

Сьвятлана Ціханоўская адзначыла, што Беларусь разьлічвае на дапамогу МВФ — як фінансавую, так і экспэртную адносна рэформаў — у новай Беларусі, пасьля перамен. Бакі дамовіліся падтрымліваць сувязь.

Сьвятлана Ціханоўская размаўляе з Крысталінай Георгіевай

Таксама Сьвятлана Ціханоўская правяла сустрэчу з Вольфгангам Шмідтам, які зьяўляецца правай рукой Олафа Шольца і прадстаўляе на канфэрэнцыі ў Мюнхэне канцлера Нямеччыны. Ціханоўская расказала яму пра сытуацыю з палітвязьнямі, адзначыла пра цяжкую эканамічную і палітычную сытуацыю ў Беларусі, пагрозы незалежнасьці краіны.

Ціханоўская і Шмідт абмеркавалі неабходнасьць ціску на рэжым (у прыватнасьці — празь ліквідацыю шчылін у санкцыях) і працягу падтрымкі грамадзянскай супольнасьці, а таксама праграмы і спосабы падтрымкі палітвязьняў. Паколькі Нямеччына старшынюе ў G7, абмеркавалі таксама магчымасьць узьняць беларускае пытаньне на адной з наступных сустрэч G7.

Сьвятлана Ціханоўская і Вольфганг Шмідт

У кулюарах Мюнхэнскай канфэрэнцыі па бясьпецы Сьвятлана Ціханоўская сустрэлася з заснавальнікам кампутарнай кампаніі Microsoft, амэрыканскім прадпрымальнікам Білам Гейтсам. Паведамляецца, што Гейтс прывітаў усіх беларусаў у яе асобе.

Сьвятлана Ціханоўская і Біл Гейтс

Як паведамілі на пачатку дня ў прэсавай службе Ціханоўскай, 18 лютага ў яе заплянаваныя іншыя двухбаковыя сустрэчы зь лідэрамі шэрагу дзяржаў, прадстаўнікамі вядучых тэхналягічных кампаній. Таксама Ціханоўская выступіць на круглым стале, арганізаваным Angermayer Policy & Innovation Forum, прысьвечаным сытуацыі зь беларускім бізнэсам і неабходнасьці прыцягваць інвэстыцыі ў новую Беларусь ужо цяпер.

Сьвятлана Ціханоўская сустрэлася з Барысам Руге, намесьнікам дырэктара Мюнхэнскай канфэрэнцыі па бясьпецы

Мюнхэнская канфэрэнцыя па бясьпецы праводзіцца штогод з 1962 году. На працягу першых 30 гадоў існаваньня форуму ў ім бралі ўдзел лідэры краін NATO; з 90-х гадоў мінулага стагодзьдзя ў ліку ўдзельнікаў зьявіліся Расея, краіны Ўсходняй Эўропы, Кітай, Індыя, Японія.

У 2022 годзе Мюнхэнская канфэрэнцыя па бясьпецы ўпершыню за два гады пройдзе ў вочным фармаце, з 18 па 20 лютага. За тыдзень да пачатку сёлетняй Мюнхэнскай канфэрэнцыі Масква — упершыню за 20 гадоў — цалкам адмовілася ад удзелу ў ёй.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзяржсакратар ЗША прапанаваў Расеі правесьці новую сэрыю перамоваў

Пагроза нападу Расеі на Ўкраіну

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.