Сьцісла:
- У пытаньні вываду расейскіх войскаў зь Беларусі ня ўсё залежыць ад Лукашэнкі.
- Ствараюцца чатыры вучэбныя цэнтры, якія мала адрозьніваюцца ад вайсковых базаў.
- Мінімізуецца самастойная пазыцыя Беларусі па пытаньні прызнаньня ДНР і ЛНР.
- Для лукашэнкаўскай Беларусі цяпер моцна абмежаваны свабодны выбар
Цяперашняя драматычная гісторыя вакол сумесных беларуска-расейскіх вучэньняў яскрава ілюструе, наколькі памяняліся расклады ў двухбаковых адносінах, наколькі моцна Беларусь страчвае самастойнасьць.
17 лютага Лукашэнка прыехаў на Асіповіцкі палігон, каб знаёміцца з ходам вучэньняў, падводзіць іх вынікі. А былі часы, калі прэзыдэнты Расеі прыяжджалі ў Беларусь, каб прыняць тут даклады ад генэралаў пра вынікі вучэньняў. Памятаеце, як Дзьмітрый Мядзьведзеў у статусе прэзыдэнта РФ падарыў малому Колю Лукашэнку залаты пісталет?
Цяпер усё па-іншаму. Лукашэнка заявіў, што едзе ў Расею, каб разам з Пуціным на расейскім палігоне правесьці інспэкцыю вучэньняў. Драбяза, але даволі знамянальная.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка заявіў, што 18 лютага ён з Пуціным абмяркуе далейшыя дзеяньні сумеснай групоўкі войскаўАле кідаюцца ў вочы і больш важныя, зьмястоўныя рэчы, якія адбываюцца вакол вучэньняў.
Яшчэ зусім нядаўна Лукашэнка цьвёрда запэўніваў, што пасьля заканчэньня вучэньняў расейскія войскі вернуцца дадому. Дарэчы, і Ўладзімер Макей дзень таму ўпэўнена казаў, што ніводнага вайскоўца Расеі, ніводнай адзінкі тэхнікі не застанецца ў Беларусі пасьля манэўраў.
А вось 17 лютага Лукашэнка пра вывад расейскіх войскаў кажа па-іншаму, ня так адназначна, нават няпэўна. Маўляў, як мы з Пуціным вырашым: «Прымем рашэньне — выведзем за суткі. Прымем рашэньне месяц — будуць стаяць месяц. Столькі, колькі трэба, будуць знаходзіцца тут узброеныя сілы».
Гэты пасаж можна перакласьці з палітычнай мовы на звычайную так: як скажа Пуцін. То бок цяпер Лукашэнка ўжо не паўнавартасны гаспадар на гэтай тэрыторыі? Ня ўсё ад яго аднаго залежыць? Бяз згоды Пуціна гэтае пытаньне не вырашаецца? І самае дзіўнае, што Лукашэнка нават ня здолеў схаваць гэта, вымушаны прызнаць новую рэальнасьць. Такое прызнаньне адбываецца інстынктыўна, падсьвядома.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэс-сакратар Пуціна і Мінабароны Расеі абверглі словы Лукашэнкі наконт расейскіх войскаў у Беларусі пасьля вучэньняўАкрамя таго высьвятляецца, што нават калі расейскія войскі будуць выведзеныя, боепрыпасы застаюцца на беларускай тэрыторыі.
Лукашэнка заявіў, што «няма неабходнасьці ствараць у Беларусі расейскія вайсковыя базы». Але тут жа аказваецца, што ў Беларусі ўжо створаны тры сумесныя беларуска-расейскія цэнтры. Лукашэнка кажа: «Я буду прасіць, каб быў чацьвёрты цэнтар, па „Іскандэрах“». У гэтых вучэбных цэнтрах разгорнутыя расейскія баявыя падразьдзяленьні. Чым яны адрозьніваюцца ад вайсковых базаў?
Адначасова Лукашэнка кажа, што ў нас «адзінае войска». Акрамя таго, паводле яго, «Беларусь таксама зацікаўленая ў падрыхтоўцы ў Калінінградзе або Мурманску сваіх маракоў, якія б служылі потым у сумесных частках». То бок беларусы пачнуць служыць у ВМФ Расеі?! Вельмі цікавы паварот. Ці абрадуе гэта беларусаў?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка: ядзерную зброю разьмесьцяць у Беларусі толькі ў выпадку пагрозаў з боку ЗахадуЯшчэ адзін момант. Адказваючы на пытаньне аб пазыцыі Менску ў выпадку прызнаньня Расеяй ДНР і ЛНР, Лукашэнка адказаў: «Мы дамовімся з Пуціным, як нам зрабіць, каб было лепш і для Расеі, і для Беларусі, але гэта будзе сумеснае рашэньне». Зноў жа, у перакладзе на зразумелую мову гэтая рэпліка выглядала б так: як загадае Пуцін.
Можна ўзгадаць, што ў свой час, калі Расея патрабавала ад Менску прызнаць незалежнасьць Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі, Лукашэнка адмовіўся. Апраўдваў гэта рознымі акалічнасьцямі, маўляў, Захад увядзе санкцыі, ці зможа Расея кампэнсаваць страты, і інш.
Цяпер рыторыка іншая. Самастойная пазыцыя Беларусі мінімізуецца. Цяпер будзе «сумеснае рашэньне», то бок пазыцыя Беларусі ня стане адрозьнівацца ад расейскай.
І апошняе. Было пытаньне пра пазыцыю Беларусі ў выпадку, калі пачнецца вайна на Данбасе. Лукашэнка адказаў: «Мы Расеі акажам любую падтрымку. І вайсковую, і, калі будзе трэба, эканамічную». То бок у лукашэнкаўскай Беларусі цяпер моцна абмежаваны свабодны выбар.
Той час, калі хвост круціў сабакам, застаўся ў далёкім мінулым.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.