«Сёньня мы маем гонар і задавальненьне паведаміць аб пачатку Ўкраінай, Вялікай Брытаніяй і Польшчай новага трохбаковага фармату супрацы», — заявіў Дзьмітро Кулеба 17 лютага ў Кіеве на супольным брыфінгу зь міністаркай замежных спраў Вялікай Брытаніі Ліз Трас, якая знаходзіцца ва Ўкраіне зь візытам.
Украінскі міністар удакладніў, што неўзабаве будзе абнародавана супольная заява кіраўнікоў зьнешнепалітычных ведамстваў Вялікай Брытаніі, Польшчы і Ўкраіны.
«Вялікая Брытанія і Польшча будуць стаяць побач з украінскім народам у намаганьнях дзеля абароны сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці ў міжнародна прызнаных межах. Польшча і Вялікая Брытанія будуць дапамагаць нам абараняць нашу дзяржаву. Таксама мы сканцэнтруем свае намаганьні на трохбаковым фармаце ў эканамічнай, гандлёвай і энэргетычнай супрацы і ў барацьбе з дэзынфармацыяй. Асобную ўвагу тры краіны будуць скіроўваць на падтрымку Крымскай плятформы», — удакладніў Дзьмітро Кулеба.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністэрствы абароны Беларусі і Ўкраіны дамовіліся аднавіць камунікацыю на фоне пагрозы расейскага ўварваньняУ сваю чаргу, Ліз Трас падкрэсьліла, што Вялікая Брытанія застаецца на баку Ўкраіны і дапамагае ў сфэры бясьпекі і абароны. «Сёньня я хачу абвясьціць пра наступны кампанэнт нашай падтрымкі — павелічэньне фінансавай падтрымкі на 100 мільёнаў эўра. Таксама я рада, што сёньня мы запускаем трохбаковае партнэрства з Украінай і Польшчай. Мы актывізуем нашу супрацу ў галіне бясьпекі, санкцыйнай палітыкі і ў барацьбе з дэзынфармацыяй. Сёньня Злучанае Каралеўства гатовае стаць побач з нашымі хаўрусьнікамі ў Цэнтральна-Ўсходняй Эўропе», — заявіла яна.
Міністарка замежных спраў Вялікай Брытаніі Ліз Трас перакананая, што Расея «павінна яшчэ раз задумацца над сваімі дзеяньнямі».
Стварэньне трохбаковага альянсу дзеля бясьпекі анансавалі ў Кіеве на пачатку лютага, калі ва ўкраінскую сталіцу з адначасовым візытам прыбылі кіраўнікі ўрадаў Польшчы і Вялікай Брытаніі Матэвуш Маравецкі і Борыс Джонсан. Падпісаньне, як сьцьвярджаюць інфармаваныя крыніцы, тады не адбылося, бо Ліз Трас захварэла на каранавірус і скасавала свой візыт у Кіеў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Кіеве анансавалі стварэньне новага рэгіянальнага праекту Брытаніі, Польшчы і Ўкраіны. Зь якой мэтай?