Пра гэта прафэсарку катэдры вышэйшай матэматыкі і матэматычнай фізыкі паінфармавала 17 лютага электронным лістом старшыня першаснай прафсаюзнай суполкі фізычнага факультэту Алена Ларкіна. Тэкст паведамленьня ад прафкаму Натальля Абрашына-Жадаева апублікавала ў сацсетках.
У лісьце паведамляецца, што 17 лютага на паседжаньні прафсаюзнага камітэту будуць разглядаць пытаньне «аб дачы папярэдняй згоды» на яе звальненьне.
«Ніякіх згодніцкіх папер пісаць ня буду. У мяне кантракт да 31 жніўня, таму і зробленыя гэтыя ненармальнасьці. Я ўжо ім раней казала, што па ўласным не сыду, бо за мной праўда», — сказала «Нашай Ніве» выкладчыца.
Натальля Абрашына-Жадаева 20 студзеня апублікавала на сваёй старонцы ў Facebook эмацыйнае відэа ў падтрымку калегі Максіма Шундалава. Выкладчыка, паводле яе слоў, пад ціскам прымусілі напісаць заяву аб звальненьні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Унутры ўсё кіпіць»: Прафэсарка БДУ запісала моцнае відэа ў падтрымку звольненага калегі«Больш за ўсё мяне зьбянтэжыла паведамленьне, што калегі зь іншых катэдраў пагадзіліся выконваць за яго ягоную нагрузку. Гэта як? Думаюць, што зь імі так ня зробяць, як з нашымі іншымі калегамі? Што іх такі лёс абміне? Сёньня яны прамаўчалі, а заўтра зь імі зробяць гэтак жа, гэтак жа разьлічацца. Так ужо было ў гісторыі. Кожны сам выбірае: служыць Богу ці прыслужваць Юду», — сказала ў сваім звароце прафэсарка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зь юрыдычнага факультэту БДУ «па сьпісах» звольнілі яшчэ траіх выкладчыкаў