У жніўні 2020-га Станіслава пабілі сілавікі. Праз пагрозу далейшага перасьледу мужчына тэрмінова выехаў у Расею, дзе яму зрабілі 2 апэрацыі. Больш за месяц ён знаходзіўся ў маскоўскай лякарні. Цяпер Станіслаў жыве ва Ўкраіне, куды выехаў пасьля затрыманьня супрацоўнікамі ФСБ. Фонд Bysol абвясьціў збор яму ў дапамогу.
«Сказалі, калі буду дапамагаць палітвязьням, то „альбо мяне пасадзяць, альбо знойдуць у рацэ“»
«Я выехаў зь Беларусі праз пагрозы. Два разы мяне выклікалі ў КДБ, прыяжджалі і на працу. Хацелі зь мяне зрабіць стукача», — расказвае Станіслаў Цыбінскі пра перасьлед, які пачаўся за ягоную дзейнасьць.
Станіслаў кажа, што ў 18 гадоў забіў хлопца, які згвалціў ягоную дзяўчыну. За гэта і быў асуджаны. Прызнаецца, што раней ня мог і ўявіць, што пасьля адбыцьця пакараньня можа зноў апынуцца за кратамі. Але ўжо не за крымінальнае злачынства, а проста за выказваньне сваёй грамадзянскай пазыцыі.
Камэнтуючы колькасьць палітвязьняў, ён кажа: «Ніколі нават ня мог падумаць, што такое будзе».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вярхоўны суд: Па справах, зьвязаных з пратэстамі, асуджана 1832 чалавекіПасьля вызваленьня ў 2017 годзе з магілёўскай калёніі Цыбінскі вырашыў дапамагаць былым вязьням. Для гэтага ён арганізаваў грамадзка-інфармацыйную пляцоўку «Беларускі цэнтар падтрымкі», а таксама стварыў і афіцыйна зарэгістраваў дабрачынную супольнасьць «Рука дапамогі і падтрымкі».
На працягу некалькіх гадоў праца Станіслава і ягоных валянтэраў спрыяла таму, што людзі пасьля адбыцьця пакараньня змаглі пачаць новае жыцьцё.
Па словах Цыбінскага, у час выбарчай кампаніі ў 2020 годзе сілавікі хацелі, каб ён даваў ім інфармацыю пра людзей, якія зьвяртаюцца ў ягоную арганізацыю.
«Сказалі, што калі буду дапамагаць палітвязьням, то ў мяне 2 варыянты — „альбо пасадзяць, альбо знойдуць у рацэ“, — кажа Станіслаў, — Я ім адказаў, што не цікаўлюся, хто „палітычны“, а хто не. Дапамагаю ўсім і не гляджу ні на працягласьць тэрміну, ні на сам артыкул. Мне гэта не патрэбна».
Цыбінскі ўдакладняе: звычайна людзі ў месцах зьняволеньня адчуваюць псыхалягічны ціск, што ў далейшым можа прывесьці да псыхічных разладаў. Таму для яго важна аказаць падтрымку кожнаму, хто трапіў у бяду.
«Мы хочам, каб чалавек стаў на шлях выпраўленьня і змог сябе рэалізаваць, уліцца ў грамадзтва, прайсьці адаптацыю. Каб ён мог жыць, як звычайны грамадзянін, адчуваць любоў, шчасьце, спачуваньне да іншых людзей, — тлумачыць Станіслаў. — Наша арганізацыя дапамагае знайсьці жытло, працу, зрабіць дакумэнты, калі іх няма. І пры гэтым з кожным мы размаўляем індывідуальна. Але калі чалавек не ўхапіўся за шанец і зноў нешта ўчыніў, то паўторна мы ўжо не дапамагаем».
«Сілавікі пабілі і зламалі 4 рабры»
Суразмоўца гаворыць, што папярэджаньнямі і пагрозамі з боку сілавікоў яго перасьлед не абмежаваўся.
У першыя дні пасьля выбараў яго моцна пабілі супрацоўнікі АМАП, зламалі 4 рабрыны. Пасьля ўсяго, што здарылася, Станіслаў вырашыў пакінуць краіну. Падштурхнула яго да гэтага і тэрміновая патрэба ў лячэньні.
«Bysol тады аказаў мне падтрымку, каб я паехаў у Нямеччыну. Аднак праз абмежаваньні, зьвязаныя з пандэміяй, я павінен быў праседзець на карантыне, ну і ў першую чаргу мне патрэбна была віза. Такі варыянт мне па тэрмінах не падыходзіў»
На прыёме ў лекара ў Беларусі Станіслаў даведаўся, што ў яго прабіта левае лёгкае, у якім утварыўся крывяны тромб.
«Неабходна была тэрміновая апэрацыя, каб яго выпампаваць, у адваротным выпадку адбылося б загнаеньне знутры», — кажа ён. Так было прынята рашэньне ехаць у Маскву.
«Мае падапечныя з Расеі дапамаглі мне з тым, каб пакінуць Беларусь і аплаціць лячэньне ў шпіталі Скліфасоўскага ў Маскве. Паколькі я грамадзянін іншай краіны, у мяне не было страхоўкі і полісу, а трэба было заплаціць за 2 апэрацыі. І, хоць гэта зрабілі знаёмыя, я ўсё роўна крыху завінаваціўся. Я праляжаў у шпіталі 1,5 месяца, а харчаваньне, рэнтген, агляд лекараў, УГД — гэта ўсё каштуе грошай. У мяне зьявілася пазыка ў 420 тысяч расейскіх рублёў (каля 14 270 беларускіх рублёў). Я прыняў рашэньне застацца ў Расеі, каб яе пагасіць», — гаворыць суразмоўца.
Ён кажа, што знайшоў добрую працу дастаткова хутка — уладкаваўся кухарам у адным з рэстаранаў на Арбаце і праз час змог аплаціць 240 тысяч.
«Увогуле ў Расеі я прабыў 9 месяцаў. За гэты час у групу нашай арганізацыі пачалі пісаць былыя вязьні з Бранску, Яраслаўля з просьбай аказаць дапамогу, што мы ў сваю чаргу і рабілі», — распавядае Цыбінскі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьледчы камітэт прапанаваў завочна судзіць беларускіх уцекачоў, Лукашэнка падтрымаў«Вы ведаеце, каму вы дапамагаеце? Тэрарыстам!»
Аднак ягоная дзейнасьць не засталася незаўважанай расейскімі сілавікамі. Станіслаў апавядае, як яго затрымалі супрацоўнікі ФСБ.
«Пачалі задаваць пытаньні: „Вы ведаеце каму вы дапамагаеце? Тэрарыстам!“. Маўляў, нейкі з асуджаных, які да нас зьвярнуўся, раней быў затрыманы са зброяй. Сьцьвярджалі, што нібыта ў выпадку, калі ён „стане на ногі“, то пачне забіваць людзей, таму лепш яго зьмясьціць назад у турму і няхай там сядзіць. Я запэўніваў, што такі падыход няправільны. Казаў, што можа чалавек убачыць дабро і выправіцца. На што пачуў у адказ: „Не, так ня будзе“».
Цыбінскі згадвае, што нягледзячы на тое, што ў той дзень яго адпусьцілі на волю, мясцовыя сілавікі працягвалі ім цікавіцца. Каб пазьбегнуць затрыманьня, 23 сьнежня 2021 году ён тэрмінова выехаў ва Украіну.
«Некаторы час я быў без працы. Адразу спыніўся ў людзей, якім я раней дапамагаў. Потым Беларускі дом у Чарнігаве арганізаваў мне 21 дзень пражываньня ў гостэле. За гэты час я шукаў працу і рыхтаваў дакумэнты. І вось з 28 студзеня працую кухарам у Кіеве».
Паколькі першы заробак Станіслаў атрымае толькі ў сакавіку, ён прызнаецца, што зараз яму патрэбна матэрыяльная падтрымка на аплату арэнды жытла, адзеньне і іншыя рэчы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Вы ведаеце, з кім жывяце?» Чаму міліцыя стварае адмоўны імідж былому вязьню, які дапамагае людзямНягледзячы на тое, што Станіслаў ужо доўгі час знаходзіўся па-за Беларусьсю, ягоная арганізацыя працягвае існаваць і цяпер. І для каардынацыі працы яму неабходны новыя прылады — смартфон, а таксама ноўтбук ці пляншэт.
«На гэты момант пры зносінах з валянтэрамі ў мяне часта ёсьць нейкія перабоі ў сувязі. А каб іх каардынаваць, мне неабходна заходзіць на электронную пошту ці, напрыклад, у сацсеткі. Мне ж дасылаюць таксама чэкі, фатаздымкі асуджаных, якім штосьці патрэбна, удакладняюць, каму была аказана дапамога, у якім памеры, куды пайшлі грошы, адпраўлены пасылкі, на якія адрасы, у якія калёніі...»
Станіслаў расказаў, што 3 гады таму «Рука дапамогі і падтрымкі» заключыла на 5 гадоў дамову зь дзяржаўным цэнтрам сацыяльнай абароны і дапамогі насельніцтву.
«Ператрусы, вядома, былі. Але нас пакуль яшчэ не зьліквідавалі», — удакладняе ён.
«Палітвязень прасіў нас пакласьці хоць адну кветку на магілу ягоных маці і бабулі»
Станіслаў кажа, што зьвяртаюцца да яго таксама палітвязьні.
«Быў у нас выпадак, калі зьвярнуўся палітзьняволены з ПК „Віцьба“. Яго мама і бабуля трапілі ў сьмяротную аварыю, і ён нам напісаў ліст з просьбай прыехаць на іх магілу на 40 дзён і пакласьці хаця б адну кветку. Нашы валянтэры паклалі вялікі букет і запалілі лямпадкі, і пазьней выслалі фота ў калёнію. Пасьля чаго чалавек мне напісаў такі ліст з падзякай, ад якога ў мяне сьлёзы да гэтага часу бягуць», — успамінае Станіслаў і дадае, што яму цяжка пра гэта гаварыць, бо ў яго бацькоў няма.
Станіслаў падкрэсьлівае: ён як ніхто разумее, што значыць жыцьцё ў няволі. І запэўнівае, што мэтады, якія выкарыстоўваюцца сілавікамі ў адносінах да вязьняў у папраўчых калёніях, ніяк ня могуць выправіць чалавека. Хутчэй, яшчэ больш яго азлабляюць.
«Напрыклад, калі пры ператрусе высыпаюць рэчы і ў адной кучы на падлозе фатаздымкі сваякоў могуць апынуцца разам зь ежай і адзеньнем ці іх могуць нават і парваць, гэта ў чалавека выкліча толькі боль, крыўду, злосьць і нянавісьць. Ён ня толькі маральна пакутуе, але і фізычна, — кажа Станіслаў. — Ператрус праходзіць 40 хвілін, часам і гадзіну, а чалавек стаіць ля сьценкі на расьцяжцы. Пры гэтым сілавік падыходзіць і ногі рассоўвае ўсё шырэй, калі ўжо пахвіна пачынае балець. Я лічу, што гэта зьдзекі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У гэтым не сумняваюцца нават чэкісты». Аўтуховіч пра перамены, турэмныя будні і месца, якое захапляе яго ў Беларусі«Зьняволеным ня трэба пісаць у лістах аб праблемах на волі»
Усім хто, знаходзіцца цяпер у зьняволеньні, Станіслаў зычыць ня страчваць веры ў людзей і дабро. А таксама рэкамэндуе чытаць больш кніг.
«Калі чалавек чытае, ён адыходзіць ад думак, ад быцьця. У тых умовах гэта важна», — тлумачыць Станіслаў.
Сваякам вязьняў ён раіць наступнае:
«Магу сказаць толькі адно — ня трэба пісаць аб праблемах на волі, таму што чалавек будзе хвалявацца. Калі знаходзісься ў чатырох сьценах, усё ўспрымаецца вельмі востра і балюча. І чалавек нібыта гатовы чымсьці дапамагчы, але ня можа. І гэта толькі пагаршае ягоны стан — адсюль ідзе нэўроз, стрэс, перажываньні, недасып».
Станіслаў зазначае, што абавязкова хацеў бы вярнуцца на радзіму. Аднак прыехаць можа пры адзінай умове — калі ў Беларусі будзе іншая ўлада.
«Гэтая ўлада мяне пасадзіць. І вельмі надоўга», — удакладняе ён.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Сіл не было нават адказаць на лісты». Што рабіць, калі блізкі ў турме захварэў на каранавірус?