«Наадварот, ствараецца ўражаньне, што Расея працягвае нарошчваньне вайсковай моцы. Мы назіраем, што яны павялічылі колькасьць вайскоўцаў і яшчэ больш войскаў знаходзіцца ў дарозе», — цытуе агенцтва DPA кіраўніка NATO.
Тым часам Мінабароны Расеі заявіла, што падразьдзяленьні танкавай арміі Заходняй вайсковай акругі (ЗВА) вяртаюцца ў пункты сталай дысьлякацыі пасьля вучэньняў.
Бранятэхніку пагрузілі на чыгуначныя саставы, якім трэба праехаць да базаў каля 1 тыс. км, гаворыцца ў паведамленьні абароннага ведамства РФ.
«Вайскоўцы падразьдзяленьняў танкавай арміі Заходняй вайсковай акругі завяршылі пагрузку танкаў і браняванай гусенічнай тэхнікі на чыгуначныя плятформы і прыступілі да зьдзяйсьненьня маршу камбінаваным спосабам у пункты пастаяннай дысьлякацыі на адлегласьць каля 1 тыс. кілямэтраў пасьля завяршэньня плянавых вучэньняў», — заявілі ў Мінабароны РФ.
Рэгіён, у якім праводзіліся вучэньні, у паведамленьні не пазначаны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Белы дом расказаў, што будзе лічыць посьпехам у пытаньні вакол УкраіныДнём раней міністар абароны Расеі Сяргей Шайгу далажыў прэзыдэнту Ўладзіміру Пуціну, што частка вайсковых вучэньняў, якія праходзяць зараз, у бліжэйшы час будзе завершана. У прыватнасьці, 10–20 лютага праходзяць сумесныя вучэньні Расеі і Беларусі «Саюзная рашучасьць — 2022».
Прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітрый Пяскоў раней заяўляў, што расейскія войскі пакінуць Беларусь пасьля сумесных вучэньняў. Канкрэтнай даты вяртаньня войскаў у месцы дысьлякацыі ён не назваў.
16 лютага кіраўнік МЗС Беларусі Ўладзімер Макей заявіў, што пасьля завяршэньня вучэньняў «ніводнага» вайскоўца і адзінкі баявой тэхнікі Расеі «не застанецца» ў Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МЗС: ніводнага вайскоўца Расеі, ніводнай адзінкі тэхнікі не застанецца ў Беларусі пасьля манэўраў. Лукашэнка казаў іначайНа пачатку лютага 2022 году Расея перакінула ў Беларусь некалькі тысяч сваіх вайскоўцаў у рамках сумесных вучэньняў. Дакладная колькасьць вайскоўцаў, якія прыбылі з РФ, афіцыйна не называлася. Акрамя Беларусі, Расея з канца 2021 году назапашвала вайсковую тэхніку і ў іншых рэгіёнах, блізкіх да межаў Украіны: у Растоўскай, Бранскай, Варонескай абласьцях, а таксама ў анэксаваным Крыме. Усяго, паводле зьвестак назіральнікаў, да межаў Украіны было перакінута каля 120 тысяч вайскоўцаў, у тым ліку з Сыбіры і Далёкага Ўсходу.
Заходнія краіны асьцерагаюцца, што Расея можа напасьці на Украіну ў найбліжэйшыя дні. У Крамлі неаднаразова абвяргалі наяўнасьць плянаў нападу на Ўкраіну.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Жадаю NATO ў кожны дом». Як жыве ўкраінскае мястэчка Казачая Лопань за два кілямэтры ад расейскай мяжы