Амэрыканская журналістка, ляўрэатка Пулітцэраўскай прэміі Эн Эплбаўм у сваім артыкуле ў прэстыжным выданьні Atlantic скрытыкавала заходніх палітыкаў за адсутнасьць рашучасьці падчас размоваў з кіраўніцтвам Расеі.
Вядомая публіцыстка згадала ў гэтым кантэксьце візыт у Маскву брытанскай міністаркі замежных спраў, назваўшы яго няўдалым. Менавіта пасьля сустрэчы з Ліз Трас кіраўнік МЗС Расеі Сяргей Лаўроў заявіў, што гэта былі перамовы глухога зь нямым. Амэрыканская журналістка выказала думку, што перамовы з Лаўровым неабходна праводзіць у ягоным жа стылі.
«Трас, а перад ёю Бурэль (кіраўнік замежнай дыпляматыі ЭЗ. — РС), маглі дадаць жменю асабістай зьнявагі, у стылі самога Лаўрова, і голасна спытаць, як гэта магчыма, што афіцыйнага заробку Лаўрова хапае на ўтрыманьне шыкоўных нерухомасьцяў, якімі карыстаецца ягоная сям’я ў Лёндане», — піша Эплбаўм.
Журналістка выказала думку, што Трас магла б пералічыць прозьвішчы многіх іншых расейскіх чыноўнікаў, якія пасылаюць сваіх дзяцей у прэстыжныя навучальныя ўстановы на Захадзе, і дадаць, што гэта больш ня можа працягвацца. Паводле Эплбаўм, брытанская міністарка магла заявіць, што расейскія чыноўнікі больш ня змогуць набываць кватэры ў эксклюзіўным лёнданскім раёне Найтсбрыдж. Але, на думку Эплбаўм, заходнія палітыкі, зь якімі нядаўна сустракаўся Пуцін, ніколі такога ня скажуць нават у прыватнай размове.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Беларусі трэба нацыяналізм». Ляўрэатка «Пулітцэра» пра радзіму прадзедаў і выхад з тупіку гісторыі«На жаль, заходнія лідэры і дыпляматы, якія цяпер спрабуюць прадухіліць расейскі напад на Ўкраіну, працягваюць лічыць, што жывуць у сьвеце, у якім важныя прынцыпы, дзе выконваецца дыпляматычны пратакол, дзе цэняцца добрыя словы. Усе яны думаюць, што калі едуць у Расею, то размаўляюць зь людзьмі, чые меркаваньні можна зьмяніць аргумэнтамі або дыскусіяй. Яны думаюць, што расейская эліта клапоціцца пра такія рэчы, як „рэпутацыя“», — напісала Эплбаўм.
Паводле амэрыканскай журналісткі, калі Захад размаўляе з аўтакратамі новага пакаленьня — у Расеі, Кітаі, Вэнэсуэле ці Іране, то мае дачыненьне зь людзьмі, якія не цікавяцца дамовамі і дакумэнтамі, людзьмі, якія паважаюць толькі жорсткую сілу.
На думку Эплбаўм, Пуцін не хвалюецца за сваю рэпутацыю чалавека, годнага даверу, а яго хлусьня прымушае трымаць праціўнікаў няўпэўненымі. Лаўрову, паводле яе, таксама не замінае, што многія яго ня любяць, бо нянавісьць стварае ўражаньне сілы.
«Іх намеры таксама адрозьніваюцца ад нашых. Мэта Пуціна — не квітнеючая, мірная, багатая Расея, а Расея, у якой ён знаходзіцца ва ўладзе. Мэта Лаўрова — захаваць свае пазыцыі ў цёмным сьвеце расейскай эліты і, вядома ж, захаваць сваё багацьце. Тое, што мы разумеем пад іх „інтарэсамі“, і тое, што яны разумеюць пад „інтарэсамі“, гэта дзьве розныя рэчы. Калі яны слухаюць нашых дыпляматаў, яны ня чуюць нічога, што сапраўды пагражае іх пазыцыі, іх уладзе, іх асабістым посьпехам».
На думку Эплбаўм, Захад ніколі сур’ёзна не спрабаваў спыніць нелегальныя патокі расейскіх грошай на Захадзе або расейскія палітычныя і фінансавыя ўплывы на Захад, а цяпер вымушаны эвакуаваць з Украіны сваіх дыпляматаў.
«Але гэты жахлівы момант — ня толькі доказ правалу дыпляматыі. Ён таксама паказвае правал заходняй вынаходлівасьці, доўгае нежаданьне дыпляматаў, палітыкаў, журналістаў і інтэлектуалаў разумець, якой дзяржавай становіцца Расея, і рыхтавацца да гэтых зьмен. Мы не хацелі бачыць прадстаўнікоў гэтай краіны такімі, якімі яны ёсьць насамрэч. Мы не хацелі зь імі размаўляць так, каб гэта прынесла вынік. Цяпер можа быць позна».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эплбаўм: За апатычнае стаўленьне да плянаў Пуціна наконт Беларусі Захаду давядзецца заплаціць