Шольц прыляцеў у Маскву 15 лютага пасьля візыту ў Кіеў, які адбыўся днём раней. Гэта першая сустрэча Шольца з Пуціным пасьля таго, як у канцы 2021 году ён узначаліў новы ўрад Нямеччыны.
Пасьля перамоваў два лідэры выступілі на сумеснай прэсавай канфэрэнцыі.
Канцлер Шольц на прэсавай канфэрэнцыі адзначыў, што прыехаў у Маскву ў разгар крызісу вакол Украіны. «Мы вельмі заклапочаныя, што 100 тысяч вайскоўцаў безь відавочнай прычыны сканцэнтраваныя каля межаў Украіны. Галоўнае, каб не пачалася вайна», — сказаў ён.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Канцлер Нямеччыны ў Кіеве: трэба забясьпечыць вывад расейскіх войскаў зь Беларусі пасьля вучэньняўПаведамленьні аб тым, што частка расейскіх вайскоўцаў адводзіцца ад мяжы з Украінай, канцлер назваў добрым знакам. Ён таксама заклікаў да працягу перамоваў з Расеяй, у тым ліку і аб так званых гарантыях бясьпекі, адзначыўшы пры гэтым, што Нямеччына падтрымлівае цэласнасьць Украіны, а далейшая расейская агрэсія супраць Украіны прывядзе да нэгатыўных наступстваў.
Пазьней нямецкае выданьне Die Welt паведаміла, што Шольц назваў перамовы з Пуціным «вельмі давернымі». Ён заявіў, што ёсьць «дастаткова адпраўных пунктаў» для пазытыўнага разьвіцьця сытуацыі вакол Украіны. Ён таксама паабяцаў рабіць усё, «каб выкарыстоўваць гэтыя адпраўныя кропкі і зрабіць магчымым мір у Эўропе».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея сьцьвярджае, што ўжо пачала выводзіць войскі ад межаў УкраіныПуцін чарговы раз адзначыў, што пашырэньне Паўночнаатлянтычнага альянсу на ўсход працягваецца, нягледзячы на запэўніваньні заходніх партнэраў. Паводле яго, адтэрміноўка ўступленьня Ўкраіны ў блёк нічога не памяняе, і Масква хацела б вырашыць гэтае пытаньне зараз.
Пуцін абвінаваціў Украіну ў невыкананьні Менскіх пагадненьняў аб мірным урэгуляваньні ў Данбасе.
Па словах Шольца, напярэдадні, падчас ягонага візыту ў Кіеў украінскі прэзыдэнт Уладзімір Зяленскі паабяцаў яму хутка распрацаваць усе законапраекты, прадугледжаныя Менскімі пагадненьнямі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Канцлер Нямеччыны Шольц папярэдзіў Расею аб наступствах уварваньня ва ЎкраінуШольц згадаў таксама пра ціск расейскіх уладаў на грамадзянскую супольнасьць. Ён згадаў пра судовую забарону «Мэмарыялу» і пра лёс маскоўскага бюро DW, праца якога была прыпыненая на загад расейскіх уладаў. Канцлер таксама згадаў расейскага апазыцыянэра Аляксея Навальнага, сказаўшы, што лічыць ягонае зьняволеньне неправамерным.
Сёньня ў калёніі ва Ўладзімірскай вобласьці пачаўся новы працэс над Навальным.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навальны: Лукашэнка — духоўны бацька Пуціна, а не наадваротПадчас прэсавай канфэрэнцыі двух лідэраў карэспандэнт DW спытаў у Пуціна, ці гатовы ён гарантаваць, што ў Эўропе ня будзе вайны. Пуцін адказаў, што для дасягненьня гэтай мэты Расея і выставіла свае патрабаваньні «гарантыяў бясьпекі».
У сваю чаргу, Шольц у адказ на пытаньне DW указаў на важнасьць выкарыстаньня ўсіх дыпляматычных магчымасьцяў для ўрэгуляваньня канфлікту. Ён падкрэсьліў неабходнасьць перамоваў у рамках трохбаковай кантактнай групы АБСЭ. Пры гэтым размова павінна ісьці перш за ўсё аб выкананьні Менскіх пагадненьняў, адзначыў нямецкі канцлер.
Пуцін назваў тое, што адбываецца ў Данбасе, «генацыдам» — у адказ на рэпліку Шольца аб тым, што мэтай апэрацыі NATO ў Югаславіі было спыніць генацыд.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзярждума зьвярнулася да Пуціна з просьбай прызнаць «ДНР» і «ЛНР». Пуцін сказаў, што дэпутаты «адчуваюць настроі народу»Расейскі прэзыдэнт таксама пракамэнтаваў заклік Дзярждумы да яго прызнаць незалежнасьць самаабвешчаных рэспублік «ДНР» і «ЛНР». Паводле Пуціна, дэпутаты «тонка адчуваюць выбаршчыкаў», якія, паводле яго слоў, спачуваюць жыхарам Данбасу.
Пры гэтым ён сказаў, што разьлічвае на выкананьне Менскіх пагадненьняў (яны не прадугледжваюць незалежнасьці кантраляваных сэпаратыстамі тэрыторыяў). Шольц назваў магчымае прызнаньне Расеяй «ДНР» і «ЛНР» парушэньнем Менскіх пагадненьняў і «палітычнай катастрофай».
Адказваючы на пытаньне аб «Паўночным патоку-2», канцлер фактычна даў зразумець, што лёс гэтага праекту залежыць ад таго, ці пачне Расея ўварваньне ва Ўкраіну.