Паплечнікі Мацкевіча, якія вядуць прысьвечаную яму старонку ў Фэйсбуку пад хэштэгам #философ_в_тюрьме, расказалі апошнія навіны пра стан здароўя палітвязьня.
Паводле іх, Уладзімер Мацкевіч «адчувае сябе кепска». Ён перастаў піць ваду з учорашняга дня. Ад «кансультацыі» турэмнага псыхоляга Ўладзімер Мацкевіч адмовіўся: лічыць, што няма прычын зь ёй размаўляць, бо ад яе не залежыць выкананьне ягоных патрабаваньняў.
Сёньня яго двойчы агледзеў лекар СІЗА. Мацкевіч адчувае слабасьць, страціў больш за 7 кіляграмаў вагі з моманту пачатку галадоўкі.
Пастара і лекара (не з сыстэмы МУС) да палітвязьня не дапусьцілі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Філёзаф Уладзімер Мацкевіч у СІЗА перайшоў на сухую галадоўку. Ён схуднеў на 7 кіляграм, адчувае слабасьць ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Не перастаў быць філёзафам». Алексіевіч, Кныровіч, Смалянчук пра галадоўку Ўладзімера МацкевічаХто такі Ўладзімер Мацкевіч
Уладзімер Мацкевіч паходзіць зь сям’і рэпрэсаваных беларусаў, якія былі высланыя ў Сібір пасьля Другой сусьветнай вайны. Нарадзіўся ў 1956 годзе ў Іркуцкай вобласьці Расеі. Празь дзесяць гадоў сям’я пераехала ў Горадню, дзе хлопец і скончыў школу.
Мацкевіч працаваў фрэзэроўшчыкам на заводзе карданных валоў у Горадні. Потым служыў у войску ў Закарпацкай вобласьці Ўкраіны.
Пасьля паступіў у Ленінградзкі дзяржаўны ўнівэрсытэт на псыхоляга, у час вучобы зблізіўся з Маскоўскім мэтадалягічным гуртком.
Да 1994 году Мацкевіч жыў то ў Ленінградзе (Санкт-Пецярбургу), то ў Вільні, то ў Рызе, то ў Маскве. Затым прыехаў у Беларусь, дзе праз год атрымаў беларускае грамадзянства.
У 1990-я гады шчыльна супрацоўнічаў зь Міністэрствам адукацыі. У пэрыяд між 1997 і 2001 гадамі ўзначальваў цэнтар мэтадалёгіі Рэспубліканскага інстытуту прафэсійнай адукацыі (РІПА). У 1999–2000 гадах Мацкевіч браў актыўны ўдзел у дыялёгу грамадзка-палітычных сілаў, які адбываўся пад эгідай АБСЭ. Пасьля гэтага ён страціў працу ў сыстэме дзяржаўнай адукацыі.
Аднак у 2003 годзе Мацкевіча нечакана запрасілі весьці ток-шоў «Выбар» на тэлеканале АНТ. Яго праца доўжылася там толькі 9 выпускаў, і пасьля тэмы пра беларускую мову, дзе многія гледачы выказаліся за больш шырокі ўжытак нацыянальнай мовы, Мацкевіча звольнілі.
Мацкевіч падтрымаў стварэньне аргкамітэту Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі. Адной з апошніх палітычных ініцыятываў стала кампанія ў падтрымку незалежнасьці Беларусі «Сьвежы вецер». Яна ўзьнікла ў адказ на актыўнае абмеркаваньне і падпісаньне інтэграцыйных «карт» паміж Расеяй і Беларусьсю. У сьнежні 2019 году падчас масавых акцый супраць інтэграцыі актывісты кампаніі «Сьвежы вецер» ініцыявалі жывыя ланцугі ў цэнтры Менску.
Мацкевічу належыць ідэя Лятучага ўнівэрсытэту — некалькі дзясяткаў курсаў лекцый ад вядомых у Беларусі мысьляроў.
Актыўны вернік, пратэстант кальвінісцкага толку. У 2006 годзе філёзаф далучыўся да посту-галадоўкі вернікаў царквы «Новае жыцьцё», у якіх забіралі будынак. Тады ўлады пакінулі іх у спакоі.