Пра пераход Мацкевіча на сухую галадоўку з 15 лютага напісалі на старонцы філёзафа ў Facebook.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Схуднеў на 7 кіляграм, адчувае слабасьць. Апошнія навіны пра галадоўку палітвязьня МацкевічаПаплечнікі Мацкевіча, якія вядуць прысьвечаную яму старонку ў Фэйсбуку пад хэштэгам #философ_в_тюрьме, расказалі апошнія навіны пра стан здароўя палітвязьня.
Паводле іх, Уладзімер Мацкевіч «адчувае сябе кепска». Ён перастаў піць ваду з учорашняга дня. Ад «кансультацыі» турэмнага псыхоляга Ўладзімер Мацкевіч адмовіўся: лічыць, што няма прычын зь ёй размаўляць, бо ад яе не залежыць выкананьне ягоных патрабаваньняў.
Сёньня яго двойчы агледзеў лекар СІЗА. Мацкевіч адчувае слабасьць, страціў больш за 7 кіляграмаў вагі з моманту пачатку галадоўкі.
Увечары 3 лютага палітвязень пачаў галадоўку, патрабуючы зьмены меры стрыманьня на не зьвязаную са зьняволеньнем, завяршэньня сьледзтва ў ягонай справе і прызначэньня даты суду. Ён паведамляў, што першыя дзесяць дзён «будзе галадоўка на вадзе», а калі па сканчэньні гэтага тэрміну патрабаваньні ня выканаюць, тады гатовы перайсьці да «сухой галадоўкі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Да палітвязьня Мацкевіча, які пачаў сухую галадоўку, не дапусьцілі лекара і пастараЯк вядома ягоным паплечнікам, 15 лютага Ўладзімер Мацкевіч перайшоў на сухое галадаваньне, перастаў піць ваду.
Пэтыцыя за выкананьне патрабаваньняў Мацкевіча сабрала больш за 5 тысяч подпісаў.
Беларус накіраваў зварот у Генэральную пракуратуру з просьбамі забясьпечыць Уладзімеру Мацкевічу мэдычны нагляд, візыты пастара, натарыюса і адваката, прызначыць дату судовага разьбіральніцтва і вызваліць яго з-пад арышту. 15 лютага мужчына атрымаў адказ з пракуратуры, дзе пра Мацкевіча напісалі, як пра «асуджанага». Хаця, наколькі вядома грамадзкасьці, суду над філёзафам яшчэ не было.
65-гадовага Ўладзімера Мацкевіча затрымалі ў жніўні 2021 году. Яго вінавацяць у арганізацыі групавых дзеяньняў, якія парушаюць грамадзкі парадак. Ён сядзіць у СІЗА на вуліцы Валадарскага ў Менску.
Праваабаронцы прызналі яго палітычным вязьнем.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму ўлады могуць выканаць патрабаваньні Мацкевіча. Тлумачаць ягоныя паплечнікіХто такі Ўладзімер Мацкевіч
Уладзімер Мацкевіч паходзіць зь сям’і рэпрэсаваных беларусаў, якія былі высланыя ў Сібір пасьля Другой сусьветнай вайны. Нарадзіўся ў 1956 годзе ў Іркуцкай вобласьці Расеі. Празь дзесяць гадоў сям’я пераехала ў Горадню, дзе хлопец і скончыў школу.
Мацкевіч працаваў фрэзэроўшчыкам на заводзе карданных валоў у Горадні. Потым служыў у войску ў Закарпацкай вобласьці Ўкраіны. Пасьля паступіў у Ленінградзкі дзяржаўны ўнівэрсытэт на псыхоляга, у час вучобы зблізіўся з Маскоўскім мэтадалягічным гуртком.
Да 1994 году Мацкевіч жыў то ў Ленінградзе, то ў Вільні, то ў Рызе, то ў Маскве. Затым прыехаў у Беларусь, дзе праз год атрымаў беларускае грамадзянства.
У 1990-я гады шчыльна супрацоўнічаў зь Міністэрствам адукацыі. У пэрыяд між 1997 і 2001 гадамі ўзначальваў цэнтар мэтадалёгіі Рэспубліканскага інстытуту прафэсійнай адукацыі (РІПА). У 1999–2000 гадах Мацкевіч браў актыўны ўдзел у дыялёгу грамадзка-палітычных сілаў, які адбываўся пад эгідай АБСЭ. Пасьля гэтага ён страціў працу ў сыстэме дзяржаўнай адукацыі.
Аднак у 2003 годзе Мацкевіча нечакана запрасілі весьці ток-шоў «Выбар» на тэлеканале АНТ. Яго праца доўжылася там толькі 9 выпускаў, і пасьля тэмы пра беларускую мову, дзе многія гледачы выказаліся за больш шырокі ўжытак нацыянальнай мовы, Мацкевіча звольнілі.
Мацкевіч падтрымаў стварэньне аргкамітэту Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі. Адной з апошніх палітычных ініцыятываў стала кампанія ў падтрымку незалежнасьці Беларусі «Сьвежы вецер». Яна ўзьнікла ў адказ на актыўнае абмеркаваньне і падпісаньне інтэграцыйных «карт» паміж Расеяй і Беларусьсю. У сьнежні 2019 году падчас масавых акцый супраць інтэграцыі актывісты кампаніі «Сьвежы вецер» ініцыявалі жывыя ланцугі ў цэнтры Менску.
Мацкевічу належыць ідэя Лятучага ўнівэрсытэту — некалькі дзясяткаў курсаў лекцый ад вядомых у Беларусі мысьляроў.
Актыўны вернік, пратэстант кальвінісцкага толку. У 2006 годзе філёзаф далучыўся да посту-галадоўкі вернікаў царквы «Новае жыцьцё», у якіх забіралі будынак. Тады ўлады пакінулі іх у спакоі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Філёзафу месца ў палітыцы». Хто такі Ўладзімер Мацкевіч, які пачаў галадоўку ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску зьявіліся надпісы «Свабоду Мацкевічу». Зьняволены Ўладзімер Мацкевіч галадае дзясяты дзень