Марыя Аўдзеева адказала на пытаньне, чым адрозьніваюцца мэтады і наратывы прапаганды ў Маскве, Данбасе і прарасейскіх СМІ ва Ўкраіне, і лічыць, што Лукашэнка сам ня хоча, каб яго актыўна ўцягвалі ў поўнамаштабны ваенны канфлікт з Украінай.
Сьцісла:
- Расейская прапаганда зьмяніла кірункі, і галоўны зараз — гэта фармаваньне з Украіны вобраза ворага, які пры дапамозе NATO хоча напасьці на Данбас.
- Яны ня скажуць «мы за Расею», але яны гавораць «Захад кепскі, там нам нічога ня сьвеціць, і толькі ў супрацоўніцтве з Масквой мы можам дасягнуць нейкага посьпеху».
- Асноўная мэта Крамля зараз — падарваць давер да інстытутаў улады Ўкраіны, дэстабілізаваць унутраную сытуацыю.
- Лукашэнка спрабуе, як мне здаецца, абмежавацца самай агрэсіўнай рыторыкай, але ня даць уцягнуць Беларусь у непасрэдныя ваенныя дзеяньні.
— Як дзейнічае расейская прапаганда ў сэнсе маральнай і псыхалягічнай падрыхтоўкі грамадзянаў Расеі да магчымасьці вайны? Ці прапаганда ідзе наперадзе палітыкаў у гэтым сэнсе, зьяўляецца больш жорсткай? Якія тэзісы і аргумэнты яна выкарыстоўвае, каб прывучыць сваіх грамадзянаў да таго, што вайна магчымая і нават неабходная?
— Яшчэ ў 2014 годзе расейская прапаганда актыўна рыхтавала глебу для агрэсіі Крамля супраць Украіны. На тэрыторыі акупаванага Данбасу задачай прапаганды было стварыць у грамадзянаў гэтых тэрыторыяў панічныя настроі, страх таго, што «нацысты» могуць прыйсьці іх прыцясьняць і нават забіваць.
Цяпер мы бачым прыблізна тое самае, і па ступені напружанасьці ўзровень цяперашняй дэзынфармацыі можна параўнаць з тым, што адбывалася ў 2014 годзе. Але накіраванасьць прапаганды зьмянілася. Стварыць вобраз «нацысцкага рэжыму ў Кіеве» ўжо не атрымаецца, бо насельніцтва Ўкраіны кансалідаванае, гатовае адбіваць расейскую агрэсію. Таму расейская прапаганда зьмяніла кірункі, і галоўны зараз — гэта фармаваньне з Украіны вобразу ворага, які пры дапамозе NATO хоча напасьці на Данбас.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка стаў навыцяжку перад Пуціным, — Дракахруст пра крамлёўскае пасланьне— Фактычна прапаганда для абгрунтаваньня ваеннай агрэсіі хоча прадставіць саму Ўкраіну агрэсарам? І атака на Ўкраіна неабходна, маўляў, каб выратаваць мірных жыхароў Данбасу?
— Менавіта так. Тэзіс, які і Лукашэнка неаднаразова паўтараў, стаўшы, па сутнасьці, адным з «гаварушчых твараў» расейскай прапаганды, што Ўкраіна — гэта марыянэтка ў руках ЗША і NATO, якія рыхтуюць яе да вайны. Што Захад рыхтуе ўкраінскіх радыкалаў, якія ў дачыненьні і да Беларусі могуць учыняць нейкія атакі. Ствараецца вобраз краіны, якую заходнія партнэры напампоўваюць зброяй, каб яна напала на Данбас.
Для гэтага працуе ўся прапагандысцкая машына, якая існуе цэласным арганізмам. Напрыклад, у маргінальных тэлеграм-каналах акупаванага Данбасу, якія кантралююцца расейскімі грамадзянамі, зьяўляецца інфармацыя, што ўкраінскі бесьпілётнік скінуў выбухоўку на тэрыторыі Данбасу. Адтуль гэтая інфармацыя трапляе ў асноўныя расейскія мэдыя, пра гэта пачынаюць гаварыць расейскія чыноўнікі, дэпутаты, і такая «інфармацыя», якая на самой справе зьяўляецца фэйкам, становіцца шырокавядомай. Украіна рэагуе, абвяргае, — але такія фэйкі вырабляюцца кожны дзень і ў вялікай колькасьці.
Альбо ў адваротным кірунку. Напрыклад, міністар абароны Расеі Шайгу робіць заяву, што Ўкраіна рыхтуе атаку на Данбас з дапамогай хімічнай зброі. І пасьля гэтага ўсе гэтыя маргінальныя СМІ на тэрыторыі Данбасу, падкантрольныя Расеі, пачынаюць шукаць «доказы» таго тэзісу, які прагучаў зьверху.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хто цісьне на Ўкраіну? Думка расейскага экспэрта— Гэтыя прарасейскія СМІ на тэрыторыі Данбасу маюць нейкую асаблівую рыторыку, спрабуюць адрозьнівацца ад асноўных прапагандысцкіх наратываў з улікам мясцовых асаблівасьцяў — ці проста паўтараюць за Масквой?
— Яны ўбудаваныя ў агульную сыстэму і ня дзейнічаюць асобна. Зараз на тэрыторыі Данбасу знаходзіцца вялікая колькасьць расейскіх вайсковых карэспандэнтаў, што, сярод іншага, дае нам падставы меркаваць, што там рыхтуецца правакацыя і для яе ствараецца адпаведная інфармацыйная глеба.
Калі гаварыць, чым яны адрозьніваюцца... Ад таго, што яны не «буйныя», не фэдэральныя СМІ з прэтэнзіяй на прафэсійнасьць, то празь іх прасьцей запускаць дэзынфармацыю. ТАСС ня будзе публікаваць такую навіну. Таму для Расеі вельмі зручна мець сетку такіх каналаў, на якія потым спасылаюцца «сур’ёзныя» СМІ.
— А якую інфармацыйную палітыку праводзяць прарасейскія СМІ, афіцыйна зарэгістраваныя ва Ўкраіне? Вядома, самі сябе яны «прарасейскімі» не называюць і спасылаюцца на свабоду слова ва Ўкраіне. Як выглядае іх інфармацыйная палітыка, наколькі яна самастойная?
— Так, сапраўды, яны ніколі не назавуць сябе прарасейскімі, але тэзісы і наратывы, якія яны прасоўваюць, цалкам выгадныя Расеі. Яны ня скажуць «мы за Расею», але яны гавораць: «Захад кепскі, там нам нічога ня сьвеціць, і толькі ў супрацоўніцтве з Масквой мы можам дасягнуць нейкага посьпеху».
Асноўная мэта Крамля сёньня — падарваць давер да інстытутаў улады Ўкраіны, дэстабілізаваць унутраную сытуацыю. І такія мэдыя ўвесь час паўтараюць, што Ўкраіна — fail state, у яе не працуюць інстытуты ўлады, нічога не атрымліваецца. І калі гэтыя тэзісы, якія мы чуем у расейскай прапагандзе, увесь час трансьлююцца і тут, то гэтым ствараецца база, каб радыкалізаваць сытуацыю.
Вы ведаеце, што летась закрылі 3 каналы, якімі кіраваў Віктар Медзьвядчук. І калі абмяркоўвалася, ці не парушае гэта свабоду слова, то ў мяне для гэтага просты адказ. Украіна знаходзіцца ў стане, калі супраць яе ажыцьцяўляецца прамая агрэсія. І гэтыя СМІ зьяўляюцца інструмэнтамі інфармацыйнай вайны. Іхная задача не даводзіць да грамадзтва нейкую інфармацыю, а маніпуляваць насельніцтвам дзеля ўзмацненьня расейскай прысутнасьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Для ўкраінскага боку што Лукашэнка, што яго апанэнты — абое рабое». Ігар Тышкевіч пра беларускую грань украінскага канфлікту— Але як тады ставіцца да рэальных праблемаў Украіны, якія нельга ігнараваць ці замоўчваць? Праблемы, пра якія гучна гавораць і прыстойныя СМІ, і прапагандысцкія? Як улавіць гэтую розьніцу? Дзе тая мяжа, дзе заканчваецца крытыка і пачынаецца інфармацыйная вайна?
— Мяжа ў тым, што нармальныя прафэсійныя мэдыя асьвятляюць любую праблему і сытуацыю зь некалькіх бакоў, калі даецца максымальна аб’ектыўная карціна. А прапагандысцкія СМІ фармуюць адну карціну, якая патрэбна таму боку, які ажыцьцяўляе атакі, у гэтым выпадку Расеі. Я займалася маніторынгам інфармацыйных плыняў цягам апошніх 4 гадоў, і гэтыя закрытыя ва Ўкраіне мэдыя заўсёды траплялі ў маніторынг як каналы распаўсюджваньня расейскай дэзынфармацыі.
— Дык ці можна рабіць высновы, што прапаганда мае эфэкт і працуе? Ці гатовыя маральна расейскія грамадзяне сёньня да вайны?
— Мне здаецца, яны не да канца ўсьведамляюць магчымыя наступствы вайны; усьведамленьне можа адбыцца, калі ў Расею прыйдуць першыя трупы, ахвяры гэтай вайны. Я ўсё ж спадзяюся, што Пуцін разумее тыя незваротныя наступствы, якія могуць чакаць Расею. Спадзяюся, што поўнамаштабнай ваеннай агрэсіі ня будзе, і мы, хутчэй за ўсё, будзем мець справу з гібрыднымі апэрацыямі, якія будзе ўключаць у сябе кібэратакі, дэзынфармацыю і правакацыйныя дзеяньні ваеннага характару. Мне гэта здаецца найбольш імаверным сцэнаром.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці хочуць расейцы вайны? Тлумачыць намесьнік галоўнага рэдактара Carnegie.ru— Вы ў пачатку размовы сказалі, што Лукашэнка апошнім часам стаў тварам расейскай прапаганды. За апошнія паўтара года і асабліва за апошнія месяцы гэты чалавек даволі істотна зьмяніў сваю пазыцыю ў стаўленьні да Ўкраіны. Як зьмянілася стаўленьне да яго сярод украінцаў?
— Тое, што Лукашэнка пасьля скрадзеных выбараў рэзка зьмяніў сваю рыторыку і пачаў агрэсіўна ставіцца да Ўкраіны, стала відавочна. Але апошнія месяцы ён фактычна даў магчымасьць расейскім войскам стаць на мяжы з Украінай, заяўляе, што ў Беларусі разьмяшчаюцца комплексы С-300. Цяпер ва Ўкраіне вымушаны разглядаць магчымасьць агрэсіі з тэрыторыі Беларусі, чаго не было раней.
Крэмль выкарыстоўвае Лукашэнку, які, магчыма, сам ня хоча, каб яго актыўна ўцягвалі ў поўнамаштабны ваенны канфлікт з Украінай. Таму ён спрабуе, як мне здаецца, абмежавацца самай агрэсіўнай рыторыкай, але ня даць уцягнуць Беларусь у непасрэдныя ваенныя дзеяньні. Нам, вядома, хацелася б, каб так гэта і было. Бо іншае разьвіцьцё падзеяў разбурыць беларуска-ўкраінскія стасункі і накладзе на іх трагічны адбітак на доўгія гады.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дэпутат Эўрапарлямэнту: «Лукашэнка — раб Крамля і бясьсільны слуга Пуціна»