Канцлер Нямеччыны ў Кіеве: трэба забясьпечыць вывад расейскіх войскаў зь Беларусі пасьля вучэньняў

Канцлер Нямеччыны Олаф Шольц і прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі ў Кіеве 14 лютага

Канцлер Нямеччыны Олаф Шольц папярэдзіў Расею аб маштабных палітычных і эканамічных наступствах у выпадку яе агрэсіі супраць Украіны, а таксама заявіў, што тэма сяброўства Ўкраіны ў альянсах не зьяўляецца тэмай перамоў.

«Вельмі шмат расейскіх вайскоўцаў і вайсковай тэхнікі. Мы гэта бачым на моры, а таксама з боку Малдовы, і вучэньні на тэрыторыі Беларусі. Калі на гэта глядзець у комплексе, ёсьць выклік дээскаляцыі гэтай сытуацыі. Трэба забясьпечыць, каб войскі выводзілі зь Беларусі, адводзілі ад межаў, каб не адбылася вайна ва Ўкраіне. Гэта тая задача, якую цяпер мы маем», — заявіў Олаф Шольц на супольным з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім брыфінгу 14 лютага ў Кіеве.

Канцлер Нямеччыны таксама падкрэсьліў, што сяброўства Ўкраіны ў NATO цяпер неактуальнае. «Таму крыху дзіўна, што расейскі ўрад зрабіў гэта прадметам вялікіх палітычных дыскусій. Гэта пытаньне, якое не стаіць на парадку дня. І, вядома ж, прынцып вольнага выбару альянсу ня можа быць прадметам дыскусій. Гаворка не ідзе пра нейкія сфэры ўплыву, калі адна дзяржава можа загадаць іншай, дзе ім быць ці ня быць. Задача цяпер, каб адбылася дээскаляцыя», — патлумачыў ён.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўніца МЗС Нямеччыны: Эўропа ў небясьпецы, утрымаць Расею спрабуюць па ўсіх каналах

Олаф Шольц таксама паведаміў, што ў Расеі, якую ён наведае адразу пасьля Ўкраіны, ён падкрэсьліць палітычныя і эканамічныя наступствы для Расеі ў выпадку агрэсіі супраць Украіны. «Мы занепакоеныя сытуацыяй на ўкраінска-расейскай мяжы. Вайсковыя актыўнасьці Расеі для нас неабгрунтаваныя, няма лягічных прычын для нарошчваньня вайсковага патэнцыялу. Гарантыі бясьпекі былі цэнтральнай тэмай нашых перамоў», — дадаў канцлер Нямеччыны.

У сваю чаргу, прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі яшчэ раз пацьвердзіў жаданьне Ўкраіны інтэгравацца ў NATO. «Ад нас няма сыгналу, што сяброўства ў NATO не зьяўляецца нашай мэтай. Гэта ж ня першы сыгнал, што гэтае пытаньне неактуальнае. Гэта ж ідзе ня з нашага боку, а з боку лідэраў іншых дзяржаў», — дадаў ён.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Адрэагуем хутка і рашуча на любую далейшую расейскую агрэсію супраць Украіны». Прэзыдэнты ЗША і Ўкраіны правялі тэлефонныя перамовы

Апроч таго, Уладзімір Зяленскі заявіў, што «ня мае інфармацыі аб санкцыях, якія будуць уведзеныя супраць Расеі ў выпадку эскаляцыі», нягледзячы на тое, што запытваў аб гэтым замежных палітычных лідэраў.

Па выніках сустрэчы Олаф Шольц таксама паведаміў, што ўрад Нямеччыны выдзеліць Украіне 150 мільёнаў эўра незьвязанага фінансавага крэдыту на дадатак да макрафінансавай дапамогі Эўразьвязу.

Пагроза нападу Расеі на Ўкраіну

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.