Дзяржсакратар Мінабароны Латвіі: расейскае ўварваньне ва Ўкраіну створыць рызыкі і для бясьпекі Латвіі

Яніс Гарысанс

Калі Расея нападзе на Ўкраіну, паўстануць пэўныя рызыкі для бясьпекі Латвіі. У гэтым упэўненыя ў Міністэрстве абароны балтыйскай дзяржавы.

Пра гэта паведаміў дзяржсакратар міністэрства абароны Латвіі Яніс Гарысанс у інтэрвію Латвійскаму радыё, піша Delfi.lv. Па словах прадстаўніка Мінабароны, Расея канцэнтруе ўсё больш вайскоўцаў на мяжы з Украінай, а цяпер боегатоўнасьць расейскіх вайсковых падразьдзяленьняў дасягнула найвышэйшай кропкі, таму высокія рызыкі таго, што Масква можа прыняць рашэньне аб уварваньні ва Ўкраіну.

Гарысанс адзначыў, што для Латвіі гэтыя падзеі вельмі важныя, паколькі краіна знаходзіцца «на тым жа флянгу», што і Ўкраіна, і патэнцыйна супраць Латвіі таксама могуць рушыць усьлед кібэратакі і інфармацыйныя атакі. А таксама нічога ня скончылася на мяжы зь Беларусьсю, празь якую рэжым Лукашэнкі працягвае накіроўваць нелегальных мігрантаў на тэрыторыю Латвіі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Парадак вываду расейскіх войскаў зь Беларусі «знаходзіцца ў стадыі ўзгадненьня». Улады адказалі на запыт Латвіі, Літвы і Эстоніі

Яніс Гарысанс падкрэсьліў, што для Латвіі найбольшую пагрозу нясуць менавіта кібэратакі, паколькі іх параўнальна лёгка ажыцьцявіць, іх вынікі добра заўважныя, а выканаўцаў такіх атак вельмі цяжка ідэнтыфікаваць. Мэтамі кібэратак можа быць запалохваньне жыхароў і нанясеньне матэрыяльнай шкоды.

Напярэдадні Латвія стала разглядаць рэзэрвы, якім чынам краіна можа дапамагчы ўцекачам з Украіны, калі вайна ўсё ж пачнецца. Называлася лічба ў 10 тысяч чалавек, якіх патэнцыйна здольная прыняць у сябе Латвія.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Латвія гатовая прыняць да 10 тысяч грамадзян Украіны ў выпадку ваеннага ўварваньня Расеі

Раней прэс-сакратар Мінабароны ЗША Джон Кірбі не пацьвердзіў публікацыі шэрагу заходніх СМІ, што ўварваньне можа адбыцца 16 лютага. У Пэнтагоне лічаць, што на гэтым этапе «маштабныя ваенныя дзеяньні» магчымыя ў любы момант.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пэнтагон: Расея ня мае права вэта на рашэньне Ўкраіны ўступіць у NATO