Апісаныя на сайце мэханізмы сфармуляваныя на аснове паказаньняў дзясяткаў чальцоў выбарчых камісій па ўсёй краіне, якія мелі досьвед удзелу ў электаральных кампаніях мінулых гадоў, а інфармацыі ад дзейных і таксама тых, хто звольніліся зь дзяржаўнага апарату.
Пра вынікі дасьледаваньня «Честных людей» у інтэрвію Свабодзе расказаў прадстаўнік супольнасьці Цімафей Малахоўскі. Ніжэй мы прыводзім вытрымкі з размовы. Цалкам гутарку глядзіце ў відэафармаце.
«Ствараць камісіі ў гэтым годзе значна складаней»
«Сумленныя выбары — гэта ня толькі падлік галасоў. Гэта і свабода для СМІ, свабода абмеркаваньня. Але мы сканцэнтраваліся на камісіях. Мы выкарысталі дадзеныя, якія атрымалі ў 2020 годзе. Гэта скаргі назіральнікаў, пратаколы ад выбарнікаў, гэта сьведчаньні сумленных чальцоў камісій, вынікі „Голасу“. Дасьледаваньне складаецца зь дзьвюх частак. Мы надалі тэг „фальсыфікатар“ тым, хто гэта рабіў у 2020 годзе. З другога боку, мы апісалі ў схемах і малюнках як адбываюцца фальсыфікацыі, хто ўдзельнічаў, якая роляў старшыняў выканкамаў, КДБ, ЦВК, кіраўнікоў прадпрыемстваў, ідэолягаў, якія на пэўным этапе маюць сваю ролю ў фальсыфікацыях». — гаворыць Цімафей Малахоўскі.
Ён кажа, што большасьць камісій, у тым ліку ўчастковых, былі сфармаваныя яшчэ да Новага году. То бок уся кампанія з абвяшчэньнем рэфэрэндуму, прыёмам дакумэнтаў на вылучэньні ў камісіі была, на думку «Честных людей» фэйкам.
«Нам ужо раней дасылалі сьпісы гэтых камісій, які будуць лічыць галасы. Але нам вядома, што ствараць камісіі ў гэтым годзе значна складаней. Менш людзей гатовыя ўдзельнічаць у злачынствах. Таму і колькасьць камісій была скарочаная. Мы думаем, што гэта адна з прычын, чаму былі зачыненыя ўчасткі за мяжой, бо складана фарміраваць камісіі, якія зацьвердзяць той вынік, якога жадае Лукашэнка». — кажа прадстаўнік «Честных людей».
«Калі нехта адмаўляецца фальсыфікаваць, ім кажуць: „Вы ведалі куды ішлі“»
Супольнасьць прааналізавала таксама працэс фармаваньня камісій: па якіх крытэрах адных туды бяруць, а іншых не. Як пагражаюць адным і падкупляюць іншых.
«Тое, што ім прапануюць, насамрэч ня мае вялікай каштоўнасьці. За фальсыфікацыі чальцы камісій атрымліваюць, напрыклад, квіток на які-небудзь канцэрт расейскай зоркі. Цікавая і псыхалёгія фальсыфікатараў. Калі некаторыя чальцы камісій выказвалі нязгоду з тым, што адбываецца, што трэба пералічваць галасы і мы, маўляў, ня будзем падпісаць пратакол, рэакцыя старшыні камісіі ці яго намесьніка была: „Вы ведалі куды ішлі“. Для іх гэта норма».
Гэтым разам больш сур’ёзнымі, на яго думку, сталі і пагрозы ў адрас чальцоў камісій з боку ўладаў. Пагражаюць ня толькі не атрыманьнем прэміі, але і звальненьнем, непрацягненьнем кантракту, а нават праблемамі з правамі бацькоў.
«Але нават сярод тых, каго ўдалося зацягнуць, ёсьць сумленныя людзі, якія з намі ў кантакце. Мы пачалі зь імі працу яшчэ летась у лістападзе. Падтрымліваем сувязь, яны расказваюць нам пра працэс падрыхтоўкі. З таго часу далучаецца ўсё больш і больш людзей. Яны становяцца нашымі ананімнымі вачамі і вушамі ўнутры камісій». — кажа Малахоўскі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У выбарчых камісіях ужо ёсьць нашыя людзі», – прадстаўнік Офісу Сьвятланы Ціханоўскай«Іранічна атрымліваецца, што чальцы камісій кажуць, што яны не баяцца заклікаў лічыць сумленна»
Нядаўна чальцы камісій пачалі атрымліваць лісты з заклікам ня ўдзельнічаць у фальсыфікацыях. Гэтыя лісты, паводле Малахоўскага, рассылаюць прыхільнікі «Честных людзей». Ён кажа, што хваля ахвотных, каб расказваць праўду аб працы выбаркамаў пасьля гэтых лістоў, вырасла. Але ёсьць і іншая рэакцыя. У праўладных тэлеграм-каналах пачалі зьяўляцца відэазвароты сябраў камісій, якія сьцьвярджаюць, што атрымліваюць пагрозы, але яны, нібыта, не баяцца. Мы папрасілі Цімафея Малахоўскага пракамэнтаваць такія выпадкі.
«Гэта вельмі цікавая рэакцыя і мы лічым яе пэўнай перамогай. Мы ведаем, што рэжым рэагуе на тую кампанію, якую мы распачалі напярэдадні так званага рэфэрэндуму. Рэжым баіцца таго грамадзкага назіраньня і кантролю, якія грамадзянская супольнасьць прапануе. Цікава, што ў гэтым лісьце сумленныя беларусы з клопатам нагадваюць пра будучыню гэтых чальцоў камісій. Яны нагадваюць пра закон і тое, якімі прынцыпамі павінна кіравацца праца прадстаўнікоў выбарчых камісій. Яны нагадваюць, што дзейнасьць камісій павінна быць галоснай, публічнай і адкрытай. Нагадваюць пра крымінальныя артыкулы, якія могуць парушаць чальцы камісій, калі будуць фальсыфікаваць галасы. І сумленныя беларусы праз такі клопат папрасілі не фальсыфікаваць галасы, а супрацьстаяць ім і расказваць незалежным СМІ і арганізацыям пра тое, што адбываецца ўнутры камісій. Іранічна атрымліваецца, што чальцы камісій кажуць, што яны не баяцца заклікаў лічыць сумленна». — кажа Малахоўскі.
Але такіх відэазваротаў на дзясяткі тысяч сябраў камісій ня шмат. Пра большасьць беларусы магчыма і не даведаюцца. Канстытуцыя і Выбарчы кодэкс патрабуюць ад гарвыканкамаў і райвыканкамаў публікаваць сьпісы зь імёнамі чальцоў камісій і пра спосаб іх вылучэньня. Але сёлета яны не публікуюцца.
«Мы ўсё роўна лічым, што важна размаўляць з гэтымі людзьмі. Бо мы маем справу з банальнасьцю зла. Магчыма гэтыя людзі нават не разумеюць наступстваў сваіх дзеяньняў, не разумеюць адказнасьці, важнасьці справы, якую яны робяць. Таму мы падтрымліваем ініцыятыву зь лістамі, якія распаўсюджваліся напярэдадні». — сказаў Цімафей Малахоўскі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мірныя перамены ці падрыхтоўка да супраціву? Відэадэбаты Кавалеўскага і Шчыгельскага