Выступаючы на прэс-брыфінгу ў Белым доме, Саліван сказаў, што ўсе амэрыканцы, якія ўсё яшчэ знаходзяцца ва Ўкраіне, павінны пакінуць краіну ў бліжэйшыя 24–48 гадзін, бо расейская паветраная атака ўскладніць іх выезд.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Выведка ЗША: у выпадку ўварваньня ва Ўкраіну расейскія танкі дойдуць да Кіева за 48 гадзін, загінуць 50 тысяч цывільныхПаводле слоў Салівана, расейскае ўварваньне «можа пачацца ў любы момант», у тым ліку падчас зімовых Алімпійскіх гульняў у Пэкіне.
«Мы па-ранейшаму назіраем прыкметы эскаляцыі з боку Расеі, у тым ліку прыбыцьцё новых сіл да ўкраінскай мяжы, — сказаў Саліван, зьвяртаючыся да журналістаў. — Уварваньне можа пачацца ў любы час, калі Ўладзімір Пуцін вырашыць аддаць загад аб гэтым. Яно можа пачацца падчас Алімпійскіх гульняў, нягледзячы на мноства меркаваньняў, што гэта адбудзецца толькі пасьля Алімпіяды».
Саліван дадаў, што ў Белым доме ў хуткім часе чакаюць тэлефоннай размовы паміж прэзыдэнтам Джо Байдэнам і расейскім лідэрам Уладзімірам Пуціным. Расейскае інфармацыйнае агенцтва РИА Новости са спасылкай на Крэмль паведаміла, што гутарка Байдэна з Пуціным можа адбыцца ў суботу, 12 лютага.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна патрабуе ад Расеі тлумачэньняў аб вайсковай актыўнасьці паблізу ўкраінскай тэрыторыіПа словах Салівана, саюзьнікі дасягнулі «выбітнага ўзроўню адзінства» перад абліччам расейскай пагрозы. Калі Масква вырашыць уварвацца ва Ўкраіну, яе ўплыў «зьменшыцца», папярэдзіў дарадца прэзыдэнта.
«Што б ні здарылася, Захад больш згуртаваны, чым калі-небудзь, NATO стала мацнейшым», — запэўніў журналістаў Джэйк Саліван.
Па словах Салівана, застаецца незразумелым, ці аддаў Пуцін канчатковы загад аб пачатку ўварваньня.
«Мы пакуль не атрымлівалі якіх-кольвек дакумэнтаў, якія гавораць аб тым, што [Пуцін] прыняў канчатковае рашэньне, што быў аддадзены загад [аб уварваньні ва Ўкраіну]», — сказаў ён.
Паколькі на мяжы з Украінай цяпер сканцэнтравана 100 тысяч вайскоўцаў, расейскае ўварваньне можа прывесьці да захопу вялікіх участкаў тэрыторыі Ўкраіны, а таксама буйных гарадоў, уключна з Кіевам, папярэдзіў дарадца прэзыдэнта ЗША.
«Сёньня мы гаворым пра больш як 100 000 расейскіх вайскоўцаў, сканцэнтраваных уздоўж мяжы з Украінай... Гэта прысутнічае ва ўсіх сацыяльных сетках, гэта ёсьць паўсюль на сайтах навін. Так што можаце паверыць сваім вачам», — дадаў Джэйк Саліван.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Раптоўнасьць, колькасьць удзельнікаў, месцы правядзеньня. Чаму «Саюзная рашучасьць — 2022» — ня проста вучэньніРасея адкідае абвінавачанні ў агрэсіі
Міністэрства замежных спраў Расеі позна ўвечары ў пятніцу заявіла, што заходнія краіны з дапамогай сродкаў масавай інфармацыі распаўсюджваюць ілжывую інфармацыю, робячы здагадкі аб тым, што Масква плянуе ўварваньне ва Ўкраіну.
У заяве МЗС РФ гаворыцца, што заходнія краіны спрабуюць «адцягнуць увагу ад уласных агрэсіўных дзеяньняў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША накіруюць у Польшчу яшчэ 3 тысячы вайскоўцаўНекалькі дзяржаў эвакуююць сваіх грамадзян з Украіны ці заклікалі іх пакінуць краіну
Такі зварот да грамадзян Японіі 11 лютага зрабіла Міністэрства замежных спраў.
З падобным паведамленьнем выступіў амбасадар Нідэрляндаў у Кіеве.
Пра эвакуацыю сем'яў дыпляматаў з Кіева заявіў Ізраіль.
Пакінуць тэрыторыю Ўкраіны заклікалі сваіх грамадзян Вялікая Брытанія і Латвія, паведамляе BBC.
Паводле зьвестак газэты Kyiv Post, Злучаныя Штаты эвакуююць амэрыканскіх супрацоўнікаў місіі АБСЭ.
У ноч на 11 лютага пакінуць Украіну заклікаў грамадзян ЗША прэзыдэнт Джо Байдэн. Паводле ягоных словаў, гэта неабходна зрабіць праз пагрозу вайны з Расеяй. «Падзеі могуць разьвівацца імкліва», — заявіў ён у інтэрвію каналу NBC News.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Джо Байдэн: амэрыканскія грамадзяне павінны неадкладна пакінуць Украіну11 лютага дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен заявіў, што Расея канцэнтруе ўсё больш войскаў каля межаў Украіны, і папярэдзіў аб магчымасьці ўварваньня ў любы момант.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен дапусьціў, што Расея можа ўварвацца ва Ўкраіну падчас Алімпіяды- З восені мінулага году краіны Захаду заяўляюць пра канцэнтрацыю расейскіх вайскоўцаў ля межаў з Украінай і рэальную пагрозу расейскага ўварваньня ў гэтую краіну. Каля межаў з Украінай, паводле апошніх ацэнак, сканцэнтравана ўжо каля 120 тысяч расейскіх вайскоўцаў. Паводле зьвестак Дзярждэпартамэнту ЗША, Масква можа пачаць наступ у найбліжэйшы час.
- Масква адмаўляе пляны ўварваньня і тлумачыць перасоўваньне войскаў вучэньнямі. На фоне напружанасьці Расея запатрабавала ад ЗША і NATO гарантый бясьпекі ў Эўропе. Высунутыя патрабаваньні заходнія дыпляматы назвалі невыканальнымі, ніякіх дамоўленасьцяў пакуль не дасягнута.
- У чацьвер міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў заявіў, што МЗС можа параіць неасноўнаму пэрсаналу дыпляматычнага прадстаўніцтва ў Кіеве выехаць у Расею. Ён абгрунтаваў такі крок асьцярогамі, што ЗША і Вялікая Брытанія, зь яго пункту гледжаньня, могуць рыхтаваць правакацыі на тэрыторыі Ўкраіны.
Пагроза нападу Расеі на Ўкраіну
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.