Раніцай 11 лютага такія інструкцыі для сваіх грамадзян апублікавала амбасада Нідэрляндаў. Акрамя таго, яны стварылі цэнтар эвакуацыі ў Львове для тых, хто вырашыць застацца ва Ўкраіне і ў выпадку расейскага ўварваньня будзе пакідаць межы Ўкраіны сваім аўтатранспартам у заходнім напрамку.
Вядома, што афіцыйна заклікалі сваіх грамадзян «як найхутчэй» пакінуць Украіну амбасады або міністэрствы замежных спраў наступных краінаў:
- Аўстраліі,
- Бэльгіі,
- Вялікай Брытаніі,
- Даніі,
- ЗША,
- Ізраілю,
- Італіі
- Канады,
- Латвіі,
- Нарвэгіі,
- Нідэрляндаў,
- Новай Зэляндыі,
- Нямеччыны,
- Паўднёвай Карэі,
- Паўночнай Македоніі,
- Фінляндыі,
- Чарнагорыі,
- Швэцыі,
- Эстоніі,
- Японіі.
На сайтах дыпляматычных прадстаўніцтваў ці міністэрстваў замежных спраў гэтых краін зьявіліся ў цэлым падобныя інструкцыі пакінуць тэрыторыю Украіны як мага хутчэй, пажадана ў прамежку найбліжэйшых сутак. Таксама грамадзянам раяць не падарожнічаць ва Ўкраіну, бо консульскія паслугі будуць істотна абмежаваныя.
Акрамя таго, у інструкцыях раяць грамадзянам, якія вырашаць застацца на тэрыторыі Ўкраіны, мець дастатковы запас вады, ежы, коўдраў, батарэек і праверыць, ці дастаткова паліва ў аўтамабілі, каб выяжджаць у выпадку неабходнасьці ўласным аўтатранспартам праз сухапутную мяжу Ўкраіны.
МЗС Нарвэгіі таксама не рэкамэндуе падарожнічаць ці спыняцца ў Расеі на адлегласьці бліжэй за 250 кілямэтраў ад украінскай мяжы. Таксама сярод парадаў — пазьбягаць любых паездак у Беларусь, за выключэньнем Менску.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Белы дом: напад Расеі на Ўкраіну можа пачацца «ў любы час»Прадстаўніцтва Эўразьвязу ва Ўкраіне пераходзіць на дыстанцыйны рэжым працы. Амбасадар ЭЗ ва Ўкраіне Маці Маасікас заклікаў калег-эмігрантаў, за выключэньнем асноўнага пэрсаналу, як мага хутчэй пакінуць Украіну для дыстанцыйнай працы з-за мяжы.
ЗША зьбіраюцца эвакуяваць сваю амбасаду ў Кіеве, паведамляе агенцтва Associated Press. Паводле агенцтва, амэрыканскія чыноўнікі заявілі, што невялікая колькасьць супрацоўнікаў можа застацца ў Кіеве, але пераважная большасьць з амаль 200 амэрыканцаў у амбасадзе выедуць з Украіны або перамесьцяць на крайні захад Украіны, непадалёк ад польскай мяжы, каб ЗША маглі захаваць дыпляматычную прысутнасьць у краіне.
Паводле зьвестак газэты Kyiv Post, Злучаныя Штаты эвакуююць амэрыканскіх супрацоўнікаў місіі АБСЭ.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Джо Байдэн: амэрыканскія грамадзяне павінны неадкладна пакінуць УкраінуУ ноч на 11 лютага пакінуць Украіну заклікаў грамадзян ЗША прэзыдэнт Джо Байдэн. Паводле ягоных словаў, гэта неабходна зрабіць праз пагрозу вайны з Расеяй. «Падзеі могуць разьвівацца імкліва», — заявіў ён у інтэрвію каналу NBC News.
У канцы студзеня амбасада ЗША заклікала амэрыканцаў пакінуць Украіну і абʼявіла аб пляне эвакуяваць работнікаў амбасады ў гэтай краіне. Сьледам за гэтым аб такім жа кроку заявілі Вялікая Брытанія, Аўстралія і Канада. Эўразьвяз заклікаў неасноўны пэрсанал прадстаўніцтва ва Ўкраіне пакінуць краіну, аднак, як падкрэсьліў афіцыйны прадстаўнік Эўрапейскай службы зьнешніх сувязяў Петэр Стано, гэтая рэкамэндацыя не раўнацэнная эвакуацыі супрацоўнікаў.
- З восені мінулага году краіны Захаду заяўляюць аб канцэнтрацыі расейскіх вайскоўцаў ля межаў з Украінай і рэальнай пагрозе расейскага ўварваньня ў гэтую краіну. Каля межаў з Украінай, паводле апошніх ацэнак, сканцэнтравана ўжо каля 120 тысяч расейскіх вайскоўцаў. Паводле зьвестак Дзярждэпартамэнту ЗША, Масква можа пачаць наступ у найбліжэйшы час.
- Масква адмаўляе пляны ўварваньня і тлумачыць перасоўваньне войскаў вучэньнямі. На фоне напружанасьці Расея запатрабавала ад ЗША і NATO гарантый бясьпекі ў Эўропе. Высунутыя патрабаваньні заходнія дыпляматы назвалі невыканальнымі, ніякіх дамоўленасьцяў пакуль не дасягнута.
- У чацьвер міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў заявіў, што МЗС можа параіць неасноўнаму пэрсаналу дыпляматычнага прадстаўніцтва ў Кіеве выехаць у Расею. Ён абгрунтаваў такі крок асьцярогамі, што ЗША і Вялікая Брытанія, зь яго пункту гледжаньня, могуць рыхтаваць правакацыі на тэрыторыі Ўкраіны.
Пагроза нападу Расеі на Ўкраіну
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.