«У сваіх інфармацыйных паведамленьнях дадзеная грамадзкая арганізацыя публічна выказвае ідэю па падтрымцы сярод людзей пратэставай актыўнасьці, пры гэтым выкарыстоўваючы фразу „Птушкі з народам“», — гаворыцца ў паведамленьні Мін’юста.
Далей дзяржаўны орган піша, што «Ахова птушак» пад выглядам валянтэрства па ратаваньні птушак «зьдзяйсьняе экстрэмісцкую дзейнасьць, накіраваную на дэстабілізацыю грамадзка-палітычнай абстаноўкі ў краіне».
У арганізацыі больш за 7 тысяч сяброў, каля 25 тысяч валянтэраў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ахову птушак Бацькаўшчыны» хочуць ліквідаваць. Мін'юст: «Выкарыстоўвалі выраз „Птушкі з народам!“»Першае дасудовае паседжаньне адбудзецца 1 сакавіка ў памяшканьні Вярхоўнага суду.
Свабода ўспамінае тыя мерапрыемствы, якімі «Ахова птушак Бацькаўшчыны» запомнілася і была карыснай грамадзтву і дзяржаве.
Пачатак бярэ яшчэ ў СССР
Карані арганізацыі бяруць пачатак у 1985 годзе, калі ў БССР было заснаванае аддзяленьне Ўсесаюзнага арніталягічнага таварыства. Працягнулася праца ўжо ў незалежнай Беларусі.
А ў красавіку 1998 году прайшоў устаноўчы зьезд «Аховы птушак Беларусі» (у 2006-м арганізацыя была вымушаная замяніць у назьве «Беларусь» на «Бацькаўшчыну»).
Тураўскі луг, які АПБ атрымала ў арэнду ад дзяржавы
Тураўскі луг — гэта вялізны поплаў у Жыткавіцкім раёне. На 140 гектарах тут жыве больш за 50 відаў птушак.
У 2014 годзе арнітолягі зафіксавалі на гэтай тэрыторыі абсалютны рэкорд па колькасьці птушак — каля 200 тысяч на адзін квадратны кілямэтар. Гэта заказьнік мясцовага значэньня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Тураве прайшоў сёмы «Фэст кулікоў». ФотарэпартажГалоўнай адметнасьцю Тураўскага лугу сталі кулікі, тут іх найбольшая папуляцыя ў Беларусі, тут жа іх кальцуюць. Тут адбываўся вядомы на ўсю краіну «Фэст кулікоў».
АПБ дамовілася зь дзяржаўнымі ўладамі, каб атрымаць Тураўскі луг у арэнду, дасьледаваць папуляцыі птушак. У 2018 годзе арэнду працягнулі яшчэ на 10 гадоў. Што будзе далей з гэтай тэрыторыяй, калі «Аховы птушак» ня стане, незразумела.
Захаваньне ляндшафту Палесься
Вялізны праект, які рэалізоўвала АПБ, — гэта «Палесьсе — дзікая прырода бязь межаў». Ён быў зарэгістраваны пры Кіраўніцтве спраў прэзыдэнта.
У рамках праекту ўдалося пашырыць тэрыторыю заказьніку «Альманскія балоты» на 10 тысяч гектараў. Самі ахоўнікі прыроды пісалі, што цяпер заказьнік стаў памерам з Ганконг, на яго тэрыторыі — самае вялікае некранутае балота Эўропы.
Менавіта АПБ прасоўвала ідэю аднаўленьня балотных ляндшафтаў Палесься. Удалося дабіцца забалочваньня 17 тысяч гектараў тарфянікаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 12 відаў за гадзіну: птушыная фотаэкскурсія па парку ЧалюскінцаўТут жа адбываўся праект па вывучэньні міграцыі вялікага арляца. Гэта від птушак, які зьнікае, і адказы на пытаньні пра міграцыю арляца могуць дапамагчы ў захаваньні птушкі ў будучыні.
Усе гэтыя праекты рэалізоўваліся сумесна зь Міністэрствам аховы прыроды і навакольнага асяродзьдзя.
Таксама вялікая праграма рэалізуецца па захаваньні ляндшафту Белавескай пушчы.
А што птушкі?
Дубальты — гэта невялікія птушкі (каля 24 см, вагою 130–230 грамаў) зь сямейства бакасавых, у Эўропе яны на мяжы зьнікненьня. Папуляцыя скарачаецца, бо ўсё менш паплавоў, дзе птушкі могуць харчавацца. Плюс да ўсяго іх часта блытаюць з бакасамі, на якіх паляваньне дазволенае.
Пытаньнем захаваньня дубальта АПБ займаецца сумесна з Франкфурцкім заалягічным таварыствам і Фондам Рафарда. Пакуль статыстычных дадзеных па дубальце ўсё яшчэ мала, каб выпрацаваць стратэгію захаваньня віду, таму важна было б працягваць працу ў гэтым кірунку.
Быў таксама ня менш значны праект па абароне вальдшнэпаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Дзікія мадэлі» Беларусі: 7 прыдатных для фотапаляваньня мясьцінАПБ пастаянна займаецца маніторынгам і звычайных відаў птушак у Беларусі. Многія дадзеныя вас могуць зьдзівіць. Напрыклад, за апошнія 40 гадоў у Эўропе на 70% зьнізілася папуляцыя шпакоў, на 55% — кнігавак, на 47% чыжоў.
Затое, наадварот, вырасла колькасьць: шэрых журавоў (513%), удодаў (244%), крумкачоў (118%), дзятлаў (103%).
У гэтым маніторынгу АПБ дапамагаюць тысячы валянтэраў па ўсёй краіне.
Сусьлікі і ласось
Нягледзячы на назву, «Ахова птушак Бацькаўшчыны» займаецца і іншымі відамі жывёл.
З ініцыятывы арыштаванага ў верасьні 2021 (абвінавачаны па артыкуле 342 КК «Арганізацыя ці ўдзел у дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак) былога дырэктара АПБ Віктара Фенчука быў запушчаны «Воўчы блог», каб падтрымаць гэты від. У АПБ лічаць, што ваўкоў вельмі часта несправядліва абвінавачваюць у многіх злачынствах, якіх жывёла і блізка ня робіць. Арганізацыя ставіла амбітную задачу зьмяніць стаўленьне да ваўкоў у грамадзтве.
Разам зь Мінпрыроды АПБ рэалізоўвала праект захаваньня ў жывой прыродзе такіх грызуноў, як сусьлікі, хамякі і вавёркі-ляцягі. Усіх іх практычна не засталося на тэрыторыі Беларусі, хоць раней гэта былі досыць звычайныя віды фаўны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Топ незвычайных месцаў, якія варта наведаць у Беларусі. Берасьцейская вобласьцьДаўняя праграма АПБ — вартаваньне ласося ў рэках Астравецкага раёну, куды рыба прыходзіць на нераст. Тое самае тычыцца і эўрапейскага вугра.
У выпадку закрыцьця «Аховы птушак Бацькаўшчыны» ўсе праекты чакае няясная будучыня і магчымае закрыцьцё. Унутры арганізацыі няма адказу на пытаньне, ці зможа хтосьці ўзяць на сябе рэалізацыю гэтых і многіх іншых праграм.