Расейскі суд вынес турэмныя прысуды двум крымскім татарам

Зекір’я Муратаў

Вайсковы суд у Растове-на-Доне 11 лютага асудзіў двух крымскіх татараў на працяглыя турэмныя тэрміны, прызнаўшы іх вінаватымі ў датычнасці да дзейнасьці ісламскай арганізацыі «Хізб ут-Тахрыр», якая ў Расеі прызнаная тэрарыстычнай і забароненая.

Зекір’я Муратаў і Вадзім Бектэміраў атрымалі 11 з паловай і 11 гадоў пазбаўленьня волі адпаведна. Абодва сваёй віны не прызналі.

«Вадзім у апошнім слове казаў, што не чакае нічога, акрамя абвінаваўчага прысуду, і зь першага дня арышту выдатна ведаў і разумеў, чым гэта скончыцца… Мы даказалі, што гэта была правакацыя ФСБ, што ўсе сакрэтныя сьведкі — гэта агенты ФСБ, якія вандруюць са справы ў справу. Усё гэта было даведзена да суду, але рашэньне прынятае», — сказаў адвакат Бектэмірава Эміль Курбядзінаў. Яго словы цытуе Крым.Рэаліі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Расеі чацьвёра крымскіх татараў атрымалі ад 12 да 18 гадоў калёніі па справе «Хізб ут-Тахрыр»

Муратава і Бектэмірава арыштавалі ў анэксаваным Крыме ў ліпені 2020 году, разам зь пяцьцю іншымі мясцовымі татарамі. Гэтых пяцёх таксама западозрылі ў сувязях з «Хізб ут-Тахрыр».

Украінскі амбудсмэн Людміла Дзянісава паведаміла ў Telegram-канале пра затрыманьне трох журналістаў зь ліку крымскіх татараў, якія прыехалі на абвяшчэньне прысуду крымчанам у Растове-на-Доне. Дзянісава ўказала на парушэньне расейскім кіраўніцтвам нормаў міжнароднага права і заклікала міжнародную супольнасьць паспрыяць таму, каб Расея «спыніла неабгрунтаваныя арышты і працэсы па сфабрыкаваных справах супраць грамадзян Украіны».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вярхоўны суд Крыму завочна асудзіў на 6 гадоў калёніі лідэра крымскіх татараў

З моманту анэксіі Крыму ў 2014 годзе расейскія ўлады паддалі крымінальнаму перасьледу дзясяткі крымскіх татараў паводле абвінавачаньняў у сувязях з арганізацыяй «Хізб ут-Тахрыр», забароненай Вярхоўным судом Расеі ў 2003 годзе.