Менскі пэнсіянэр Анатоль Шаўковіч, выйшаў на свабоду 10 студзеня, пасьля таго як адбыў за кратамі 60 дзён. У фэйсбуку ён узгадвае часы, праведзеныя ў зьняволеньні.
«Усё, што я хачу тут напісаць, гэта пра лёсы людзей, якія прайшлі праз Акрэсьціна. Пра недарэчнасьць сыстэмы, якая прапусьціла іх праз суткі. Пра фармальнасьці і ненармальнасьці. Пра тое, як людзі там жывуць і выжываюць. Я таксама прайшоў праз суткі. Таму пра мяне таксама ёсьць тут. Пра іх, астатніх, толькі зь іх слоў», — піша Анатоль Шаўковіч.
Былы зьняволены зазначае, што такія публікацыі, на яго думку, неабходныя будуць таксама людзям, якія адсядзелі на сутках побач зь ім у камэрах:
«У нашай камэры і ў іншых. Каб яны змаглі перачытаць усё гэта гадоў праз 20 і ўзгадаць як гэта было».
Сярод іншага Анатоль Шаўковіч расказаў у сваім фэйсбуку, чаму яго абрадаваў першы вырак у 15 сутак:
«Судзьдзя дала мне 15 сутак, чым мяне тады вельмі ўзрадавала. Адразу настрой стаў значна лепшым. Я перастаў турбавацца, стала проста цікава, што будзе далей».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Незвычайная акцыя ў Менску: жанчыны ў белым прагуляліся з чырвонымі памідорамі. ФОТАПра затрыманьне ён піша:
«Потым спыталі, ці ёсьць у мяне БЧБ-сымболіка. Вось што было — тое было! Побач зь нечаканым наведвальнікам якраз стаяў пакет, вялікі, у які я склаў зробленыя сьцягі. Што ўжо тут адмаўляцца? Раз усё роўна знойдуць? Так, усё ім выклаў, паказаў, расказаў. Звадзіў у падвал, дзе сушылася чарговая партыя сьцягоў. Яны ўсё сабралі, расклалі па кватэры, сфатаграфавалі, запісалі відэа на тэлефон, дзе я пра ўсё падрабязна расказаў. І паехалі ў РАУС».
Таксама Шаўковіч піша і пра ўмовы ў ізалятары, у які яго зьмясьцілі адразу пасьля затрыманьня:
«У камэры ўжо спалі трое нецьвярозых грамадзяніна. Там была лаўка, на якой мы ўсе трое зьмясьціліся лежачы, падціснуўшы ногі. Сярод ночы прывялі чацьвёртага. Сядзець яму не было дзе, я сеў і прапанаваў яму сесьці побач. Пасядзелі. Але хацелася паляжаць. Я лёг на бэтонную падлогу, атрымалася лепш, чым седзячы на лаўцы, можна было ляжаць, выцягнуўшыся ва ўвесь рост. Аднак зьнізу здорава цягнула холадам. Паляжаўшы хвілін дзесяць зразумеў, трэба нешта рабіць. Зьняў куртку, акуратна склаў яе ў тры пласта, паклаў пад сябе, красоўкі пад галаву і заснуў. Зьнізу не цягнула, а тое, што зьверху халаднавата — не бяда. Бывала і горш».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Герой роліка МУС пра «памідоры са сьмятанай» ня выйшаў на волю пасьля 30 сутак арыштуПерасьлед Анатоля Шаўковіча
Шаўковіча першы раз затрымалі 11 лістапада, ад таго часу ён заставаўся ў турме на Акрэсьціна. 65-гадовага мужчыну пакаралі шэрагам арыштаў за бел-чырвона-белыя сьцягі.
Праваахоўныя органы раней заявілі, што мужчына наладзіў у сябе «вытворчасьць пратэставай сымболікі». Яго судзілі за кожны сьцяг паасобку, таму цяжка было прагназаваць, колькі ў суме яму давядзецца адседзець.
Анатоль Шаўковіч стаў папулярны праз сваю заяву ў «пакаянным відэа» пра любоў да белага і чырвонага колераў, патлумачыўшы, што проста любіць спалучэньне белага і чырвонага — да прыкладу, памідоры са сьмятанай.