Крыніца ў афіцыйных узбэкістанскіх колах заявіла расейскаму агенцтву «РИА Новости» пасьля словаў прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі аб неабходнасьці ўваходжаньня ў так званую «саюзную дзяржаву», што ў рэспублікі свой шлях нацыянальнай стратэгіі разьвіцьця.
Раней Лукашэнка ў інтэрвію расейскаму прапагандысту Ўладзіміру Салаўёву сказаў, што Ўзбэкістан можа з прычыны эканамічнай неабходнасьці ўвайсьці ў склад «саюзнай дзяржавы» Расеі і Беларусі.
«Сэрыя безадказных заяваў ніяк не адпавядае дасягнутым сумеснымі намаганьнямі абедзьвюх краінаў духу і ўзроўню міждзяржаўных адносінаў.
Было б разумным паважанаму Аляксандру Рыгоравічу заняцца, перш за ўсё, сваімі няпростымі ўнутранымі і зьнешнімі праблемамі», — сказаў суразмоўца агенцтва, камэнтуючы выказваньне.
Паводле яго ацэнкі, Лукашэнку ня варта даваць ацэнку сытуацыі ў іншых краінах і камэнтаваць іх зьнешнюю палітыку.
«Узбэкістан як незалежная сувэрэнная дзяржава мае дакладнае бачаньне сваёй будучыні і, зыходзячы выключна з інтарэсаў народу і дзяржавы, будзе працягваць ісьці па шляху ўласнай нацыянальнай стратэгіі разьвіцьця», — дадаў суразмоўца агенцтва.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Лепш бы ён паглядзеў, што робіцца ў менскім аэрапорце, які больш падобны да сьвінарніка». Армянскія дэпутаты абурыліся заявамі ЛукашэнкіСловы Аляксандра Лукашэнкі ў інтэрвію расейскаму прапагандысту Ўладзіміру Салаўёву пра далучэньне Армэніі да так званай «саюзнай дзяржавы» раней ужо выклікалі рэзка адмоўную рэакцыю ў Ерэване.
«Мы перакананыя, што своеасаблівы геапалітычны аналіз прэзыдэнта Беларусі мае на мэце абслугоўваць, у першую чаргу, уласны ўнутрыпалітычны парадак дня і ня мае ніякага дачыненьня да Армэніі і да яе зьнешняй палітыкі», — заявіў прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Армэніі Ваан Унаньян, камэнтуючы на просьбу СМІ заяву Лукашэнкі.
Унаньян паведаміў, што ў МЗС Армэніі выклікалі пасла Беларусі Аляксандра Канюка.