СБУ: завэрбаваны беларускімі спэцслужбамі ўкраінец плянаваў тэракт у Кіеве. ВІДЭА

Служба бясьпекі Ўкраіны

Служба бясьпекі Ўкраіна заявіла, што затрымала грамадзяніна Ўкраіны, жыхара Кіева, які быў завэрбаваны «прадстаўнікамі адной зь беларускіх дзяржструктур» для ўчыненьня тэракту ва ўкраінскай сталіцы.

Паводле СБУ, затрыманьне адбылося ў часе спробы ўкраінца падпаліць аўтамабіль каля будынку адной са сталічных грамадзкіх арганізацый.

У часе сьледча-апэратыўных дзеяньняў Служба бясьпекі Ўкраіны вызначыла, што затрыманы таксама займаўся запалохваньнем прадстаўнікоў СМІ і замежных грамадзян. Для гэтага ён наносіў надпісы з пагрозамі і правакацыйнымі выразамі каля іхнага жытла і паведамляў пра псэўдамінаваньні. Апроч таго, па вэрсіі сьледчых СБУ, мужчына датычны да арганізацыі несанкцыянаваных мітынгаў каля замежных дыпляматычных прадстаўніцтваў.

«Паводле папярэдніх зьвестак, дзеяньні варожага агента былі накіраваныя на расхістваньне ўнутрыпалітычнай сытуацыі ва Ўкраіне і дыскрэдытацыю Ўкраіны перад краінамі ЭЗ і грамадзянамі Беларусі», — адзначылі ў СБУ.

На відэазапісе, распаўсюджаным СБУ, затрыманы прызнаецца, што атрымаў за ажыцьцяўленьне заданьняў 100 тысяч, але не ўдакладніў, у якой валюце. Ён таксама паведаміў, што рыхтаваў правакацыі зь піратэхнікай каля беларускай і польскай амбасады ў Кіеве.

Неўзабаве суд разгледзець хадайніцтва сьледчых аб арышце затрыманага на час дасудовага расьсьледаваньня паводле артыкулаў 111 і 258 (дзяржаўная здрада і тэрарыстычны акт) Крымінальнага кодэксу Ўкраіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Затрымалі ўладальніка сеткі крамаў касмэтыкі: ён крытыкаваў улады ў сацсетках