Затрыманьні ў Менску
10 лютага затрымалі ў Менску Андрэя Кішкурну, якога паўгода таму ўжо выклікалі на гутарку ў міліцыю, а таксама сябра Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Зьмітра Цесьлянка. Падрабязнасьці невядомыя, паведаміла «Вясна».
Інфармацыйную прадукцыю тэлеграм-канала Haradzienski прызналі «экстрэмісцкімі матэрыяламі».
Пастаяў у счэпцы на «Маршы герояў» — тры гады «хіміі»
У судзе Ленінскага раёну Менску за ўдзел у «Маршы герояў» 13 верасьня 2020 году паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу (удзел у дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак) асудзілі менчука Андрэя Зянькова. Судзьдзя Анастасія Ачалава пакарала яго трыма гадамі «хіміі», паведамляе «Вясна».
На судзе хлопец прызнаў віну цалкам. Ён расказаў, што быў нязгодны з вынікамі прэзыдэнцкіх выбараў, таму выйшаў на акцыю пратэсту.
Асноўным доказам віны абвінавачанага стаў здымак Tut.by, дзе пратэстоўцы стаяць у счэпцы. Сярод іх быў і Андрэй.
Таксама доказамі віны хлопца выступала відэа «счэпкі» з Nexta і зьвесткі білінгу мабільнага тэлефона, які вызначыў Зянькова ў месцы акцыі. Абвінавачанага ідэнтыфікавалі таксама і па адзеньні, у якім ён быў на Маршы і якое сілавікі знайшлі ў яго падчас ператрусу.
Асуджанаму жыхару Добрушу дадалі 3 гады калёніі
Дзьмітрыя Карнеева, які праходзіў у справе разам з падлеткам Мікітам Залатаровым, асудзілі яшчэ раз — за «парушэньне рэжыму» ў калёніі. Да васьмі гадоў зьняволеньня яму прыбавілі яшчэ тры, піша «Вясна».
Суд прайшоў у Віцебску 8 сьнежня 2021-га паводле артыкула 411 КК (злоснае непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі папраўчай установы). Амаль год таму 26-гадоваму Карнееву далі 8 гадоў калёніі строгага рэжыму.
Дзьмітрыя разам з падлеткам Мікітам Залатаровым і Леанідам Кавалёвым абвінавацілі ў незаконным вырабе выбуховых рэчываў, гвалце альбо пагрозе прымяненьня гвалту ў дачыненьні да супрацоўніка міліцыі, удзеле ў масавых беспарадках за падзеі 10 жніўня ў Гомлі. Пазьней усіх падсудных апраўдалі па артыкуле 364 КК.
Карнееў адбывае пакараньне ў горадзенскай турме.
Жыхара Віцебску асудзілі за абразу судзьдзі Шабуні
Андрэю Кузьняцову далі 2 гады «хатняй хіміі» за камэнтар у сацыяльных сетках на адрас судзьдзі Вікторыі Шабуні. Прысуд агучыў суд Кастрычніцкага раёну Віцебска 9 лютага, піша «Вясна».
Справу разглядала судзьдзя Ганна Тылец.
Пракурорка Драгель заявіла, што «грамадзкая небясьпека ў абразе прадстаўніка ўлады, судзьдзяў у сувязі з выкананьнем іхных абавязкаў нясе павышаную небясьпеку, такія дзеяньні парушаюць нармальную працу апарату ўлады». На думку пракуроркі, «прыніжэньне гонару і годнасьці судзьдзі можна разглядаць як псыхалягічны гвалт, які можа аказаць уплыў на псыхіку пацярпелай».
Жыхару Ліды далі штраф за сьцяг на фургоне
Жыхара Ліды аштрафавалі за бел-чырвона-белы сьцяг на фургоне-рэфрыжэратары, піша t.me/navinyonline. Паводле пратаколу, мужчына «ўзяў удзел у пікетаваньні шляхам выпуску на лінію аўтамабіля DAF з фургонам-рэфрыжэратарам KOGEL зь бел-чырвона-белым сьцягам». Судзьдзя Ўладзімер Федаровіч прызнаў мужчыну вінаватым і пакараў яго штрафам у 320 рублёў.