У сваёй вэрсіі падзей ByPol паведаміў, што тэставаньне будучага татальнага кантролю пачалося «пры нагодзе» яшчэ ў 2014-м, калі Менск прымаў чэмпіянат сьвету ў хакеі. Неўзабаве пасьля яго ўлады арганізавалі конкурс, дзе быў адзіны ўдзельнік — даччыная арганізацыя кампаніі Synesis, што пасьля фальсыфікацыі выбараў і перасьледу грамадзян за іх погляды 17 сьнежня 2020 году трапіла пад заходнія санкцыі, але спрабуе іх абыходзіць.
Кіраўнік той самай даччынай кампаніі «24×7 Panoptes» Аляксей К. раней працаваў якраз у Апэратыўна-аналітычным цэнтры, створаным Лукашэнкам. ААЦ у ByPol называюць «асабістай кібэрвыведкай дыктатара».
Менавіта KIPOD дапамог ГУБАЗіКу выкрыць сярод пасажыраў менскага мэтро публіцыста, дзеяча анархісцкага руху Міколу Дзядка, якога пасьля затрыманьня жорстка катавалі, а затым асудзілі ў палітычна матываванай справе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кампанія Synesis адрэагавала на санкцыі ЭўразьвязуПаводле ByPol, плятформу для распазнаваньня асобаў выкарыстоўваюць амаль усе сілавыя ведамствы сучаснай Беларусі, што бяруць удзел у палітычных рэпрэсіях. Пад сыстэму падключаны тысячы камэр па ўсёй краіне, прадпрыемства падпісала зь дзяржавай кантракт на 20 гадоў, а многія прадпрымальнікі мусяць плаціць за абслугоўваньне тэхнікі, усталяванай у іх.
Акрамя таго, у расьсьледаваньні расказалі, якім чынам Synesis спрабуе пазьбегнуць санкцый: створана некалькі кампаній пад іншымі назвамі, а ўладальнікам замест грамадзяніна Расеі, які, паводле ByPol, у 2018 годзе «купіў беларускае грамадзянства», стаў былы сілавік з ГУБАЗіК.
Пры гэтым аўтары расьсьледаваньня асобна адзначаюць, што Synesis удзельнічаў у стварэньні мэсэнджара Viber, якім актыўна карыстаюцца ў Беларусі і за мяжой. Пры гэтым офіс Viber Media знаходзіцца па тым жа самым адрасе, на якім зарэгістраваны сам Synesis. Паводле ByPol, Viber, а дакладней інфармацыя, якая па ім перадавалася, легла ў аснову не адной крымінальнай справы супраць беларусаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Амэрыканская экспэртка пра сачэньне за людзьмі: Нават некаторыя ўрады не разумеюць, куды пойдуць дадзеныяШто такое ініцыятыва ByPol
У ініцыятыву ByPol уваходзяць былыя і цяперашнія працаўнікі сілавых структур, нязгодныя з гвалтам, фальсыфікацыямі і масавымі рэпрэсіямі, якія ўзмацніліся ў Беларусі пасьля выбараў 2020 году.
Згодна са справаздачай на тэлеграм-канале ByPol, унутраныя дакумэнты сілавых структур у офіс арганізацыі паступаюць штодня. Асаблівая ўвага надаецца супрацоўніцтву зь дзейнымі сілавікамі, якія сьвядома дапамагаюць апанэнтам рэжыму.
Як вынік, ByPol рэгулярна публікуе сакрэтныя ведамасныя ўказы і аўдыёзапісы перамоваў высокіх чыноў сілавога блёку (напрыклад, экс-старшыні КДБ Вадзіма Зайцава, былога начальніка ГУБАЗіК Мікалай Карпянкова ды іншых).
Iніцыятыва аб’ядноўвае былых беларускіх сілавікоў, уключна з супрацоўнікамі Камітэту дзяржбясьпекі, Апэратыўна-аналітычнага цэнтру, Службы бясьпекі прэзыдэнта ды іншых структураў.
У красавіку 2021 суд Чыгуначнага раёну Гомля прызнаў Telegram-канал ByPol экстрэмісцкім. 8 лістапада 2021 суд вызнаў ByPol і распрацаваны ініцыятывай мабілізацыйны плян «Перамога» «экстрэмісцкімі фармаваньнямі».
У чэрвені 2023 году ByPol раскалоўся, удзельнікі нутранога канфлікту паспрачаліся паміж сабой, у выніку спатрэбілася ўрэгуляваньне пры дапамозе АПК. Пасьля перамоваў бакоў з удзелам Сьвятланы Ціханоўскай ініцыятыва падзялілася на фонд ByPol і аб’яднаньне BelPol.
BelPol стаў праваўладальнікам «тэхнічных і інтэлектуальных магчымасьцяў і інструмэнтаў» першапачатковай арганізацыі. У сваю чаргу, фонд, які ўзначальвае Аляксандар Азараў, захаваў толькі юрыдычную назву ByPol і плян «Перамога».