На пасяджэньні Савету бясьпекі Лукашэнка заявіў, што ў крымінальны працэс прапануецца ўвесьці «завочнае» вядзеньне крымінальных спраў у дачыненьні да абвінавачаных, якія знаходзяцца за межамі Беларусі. Яго цытуе БелТА.
Паводле Лукашэнкі, гэта будзе датычыць «тых, хто зрабіў або робіць асабліва небясьпечныя злачынствы, прадугледжаныя нацыянальным заканадаўствам»:
«Ня думаю, што новаўвядзеньне закране нейкую значную колькасьць нашых грамадзян. Відаць, гэта адзінкі зь ліку так званых зьбеглых. Яны, на жаль, ёсьць. Будзе над чым падумаць тым, хто мае намер нашкодзіць краіне, людзям, эканоміцы, а потым схавацца за мяжой», — сказаў Лукашэнка.
Супраць шэрагу дзеячоў новай хвалі палітычнай эміграцыі ўжо завялі крымінальныя справы на радзіме, у прыватнасьці супраць Сьвятланы Ціханоўскай і Паўла Латушкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Наш прэзыдэнт — Плятон, Арыстотэль і Гегель сучаснасьці». Калі ў Менску зьявіцца бронзавая статуя Лукашэнкі?Кіраўнік Сьледчага камітэту Дзьмітры Гара паскардзіўся на тое, што Польшча, Літва і іншыя краіны адмаўляюць рэжыму ў выдачы асоб, якія «зьдзейсьнілі злачынствы».
«Дзеля таго каб рэалізаваць прынцып непазьбежнасьці крымінальнай адказнасьці, уносіцца прапанова разглядаць у судах крымінальныя справы ў адносінах такіх асоб у выпадку, калі нам адмоўлена ў іх выдачы або калі не паступіла адказу на запыт аб выдачы, у завочным парадку, гэта значыць без удзелу асобы, у адносінах якой разглядаецца крымінальная справа».
Ён дадаў, што законапраектам прадугледжаны гарантыі абароны правоў абвінавачаных і выкананы стандарты, якія прадугледжаны заканадаўствам як эўрапейскіх краін, так і краін СНД, дзе працуе завочнае вядзеньне ў крымінальных справах.
«Рэалізацыя гэтага інстытуту дасьць магчымасьць нам забясьпечыць няўхільнасьць пакараньня, а таксама кампэнсацыю шкоды ў крымінальных справах асобамі, якія ўчынілі крымінальныя злачынствы. Думаю, што гэта будзе мець і даволі дзейсны прафіляктычны эфэкт», — заявіў кіраўнік СК.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У Нямеччыне справа Пуцілы нават не дайшла б да суду». Што будзе, калі Беларусь запатрабуе вашай экстрадыцыі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Андрэя Казімірава, якога ў Беларусі абвінавачваюць ва «ўдзеле ў масавых беспарадках», вызвалілі з-пад варты ў Маскве