Паглядзіце, у якіх аварыйных умовах працуюць на гомельскім прадпрыемстве «8 сакавіка». ФОТА

На гомельскім прадпрыемстве «8 сакавіка»

Жыхарка Менску трапіла па службовай неабходнасьці на ААТ «8 сакавіка» ў Гомлі і абурылася, што адбываецца з працоўнымі памяшканьнямі.

«Шмат накіпела, але большасьць маўчыць, і іх маўчаньне ўваходзіць у злавесны рэзананс з бруднымі бэтоннымі сьценамі фабрыкі, якая памірае», — пракамэнтавала здымкі жыхарка Менску, якая трапіла па службовай неабходнасьці на гомельскую фабрыку «8 сакавіка».

Прадпрыемства разьмешчана ў цэнтры гораду, ягоная вежа — адзін з вядомых сымбаляў Гомля. Аднак фабрыка даўно стала праблемнай, апошнія гады яна ўваходзіла ў топ найбольш стратных прадпрыемстваў рэгіёну. Фабрыка займае вялікія плошчы ў будынках, якія даўно не рамантаваліся. Яшчэ 10 гадоў таму ўлады казалі, што ёсьць пляны перанесьці вытворчыя пляцоўкі за рысу гораду, а на месцы фабрыкі зладзіць забаўляльны цэнтар, але з тых часоў нічога не зьмянілася.

Сайт ААТ «8 сакавіка» не працуе — каталёгі з прадукцыяй прадпрыемства разьмяшчае на бясплатных старонках у сацсетцы. Паводле працаўнікоў фабрыкі, праблемы ёсьць ня толькі зь віртуальнай, але і з рэальнай прасторай прадпрыемства.

«Асобныя памяшканьні больш падобныя да «заброшкі» з ускраін, хоць па-ранейшаму эксплюатуюцца. З чаго пачынаецца фабрыка? Вядома ж, з распранальні, бо менавіта там людзі могуць пераапрануцца, прыняць душ пасьля цяжкага працоўнага дня і, у нашым выпадку, паабедаць. Такое памяшканьне павінна быць зручным і бясьпечным. І вось мы стаім перад дзьвярыма. Цяжка зайсьці, каб ня трапіць пад капеж ад сьнягоў, якія растаюць дзесьці наверсе. Наогул, праблема з працяканьнем даху тут на ўсім другім паверсе, — расказвае жыхарка Менску.

Уваход у распранальню

Праз гэтае памяшканьне працаўнікі ўваходзяць на фабрык

У такім стане распранальня

«Выцяжка не працуе, таму ўсе пахі размоклых столі і труб з прыбіральні сьпяшаюцца нагадаць, кім уяўляюць сабе працаўнікоў некаторыя начальнікі. А вось рукамыйніцы і душ, якія павінны быць месцам чысьціні і гігіены, але ў рэальнасьці гэта ня так», — камэнтуе крыніца.

«Выходзячы з распранальні, бачым варсавальныя станкі (рабіць начос на тканіне), па легендзе, набытыя яшчэ ў 1980-х у ГДР. Столь над імі таксама працякае, утвараючы мудрагелістую кампазыцыю вады і сталі», — камэнтуе здымкі жыхарка Менску.

У цэху працякае столь

У такім стане некаторае абсталяваньне

«Начальства часам робіць арыгінальныя дзеяньні, спрабуючы ліквідаваць цечы», — кажа суразмоўца.

Магчыма, такім чынам імкнуліся абараніцца ад цечы

«Паглядзіце, як жыве вытворчасьць. Да таго як адправіцца ў цэх на апрацоўку, палатно захоўваецца ў памяшканьні паўзакінутага цэху з даволі вільготным паветрам разам з розным хламам. За гэты час на палатне асядае пыл, зьяўляюцца разводы, а часам нават грыбок. Часта палатно проста пачынае падгніваць», — тлумачыць суразмоўца.

Паводле яе, у фарбавальным цэху ёсьць ліфт, які падымае вазкі з палотнамі на другі паверх. Ён у абсалютнай цемры, а памяшканьне вакол яго мае шарм постапакаліпсісу. У іншым вытворчым памяшканьні часткова разбурана падлога.

У памяшканьні часткова разбурана падлога

«Легенда цэху — друкавальны станок індыйскай вытворчасьці, які рабочыя па-добраму называюць „набіўка“. Яго ўсталявалі больш за 30 гадоў таму, і ён ужо не такі бадзёры, як у былыя часы. Пастаянныя паломкі перашкаджаюць працы. У цэху кажуць, што некалькі гадоў таму на фабрыку прывезьлі новы станок, але што яго ўсталююць, ужо мала хто спадзяецца», — кажа жыхарка Менску.

Пастаянныя паломкі станка перашкаджаюць працы, скардзяцца на фабрыцы

Труба прапускае пару, сьцьвярджае суразмоўца

«Шмат накіпела — людзей прымушаюць рабіць бясплатна не сваю працу, не выконваецца тэхніка бясьпекі, затрымліваюць заробак, крыху большы за „мінімалку“, а часам і меншы. Але большасьць маўчыць, і іх маўчаньне ўваходзіць у злавесны рэзананс з бруднымі бэтоннымі сьценамі фабрыкі, якая памірае. Сьценамі, якія падзяляюць нас і начальнікаў», — кажа суразмоўца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Працягваецца палітызаваны санкцыйны ціск». Нацбанк прагназуе «складаныя ўмовы» для эканомікі на 2022 год

Афіцыйна

ААТ «8 сакавіка» — адно з найстарэйшых прадпрыемстваў Беларусі, фабрыка была заснаваная ў 1926 годзе. Ва ўласнасьці дзяржавы 72,9% акцый.

Па выніках 2020 году пры выручцы ў 21 мільён рублёў чыстыя страты склалі 8,4 мільёна, — паводле portal.gov.by.

Толькі за 2020 год колькасьць работнікаў скарацілася з 1218 да 1024. ААТ «8 сакавіка» мае неабходнасьць у абнаўленьні тэхналягічнага абсталяваньня. Некалькі гадоў прадпрыемства ня можа скончыць абнаўленьне фарбавальна-аздабляльнага абсталяваньня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сусьветны банк прагназуе падзеньне беларускага ВУП у 2022 годзе на 2,8%