Пра гэта ён заявіў у інтэрвію расейскаму журналісту Ўладзіміру Салаўёву.
Пры гэтым апублікаваныя раней відэакадры зь месца падзеі ўжо даўно цалкам абверглі гэтую вэрсію.
Аляксандар Тарайкоўскі загінуў 10 жніўня каля станцыі мэтро «Пушкінская» ў Менску. У МУС тады заявілі, што ён спрабаваў кінуць у бок сілавікоў неўстаноўленую выбуховую прыладу, а тая выбухнула ў руцэ і прычыніла яму траўмы, несумяшчальныя з жыцьцём. Аднак відэакадры зь месца падзеі цалкам абверглі заяву МУС: Тарайкоўскі нічога ў руках не трымаў і ўпаў на зямлю пасьля раненьня ў грудзі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Год з дня сьмерці Аляксандра Тарайкоўскага. Як гэта было19 лютага папярэдні кіраўнік Сьледчага камітэту Іван Наскевіч заявіў, што пачынаць крымінальную справу па факце сьмерці Аляксандра Тарайкоўскага ня будуць. Рашэньне ён пракамэнтаваў так:
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бацька Тарайкоўскага перакананы, што сына застрэлілі сілавікі, і патрабуе крымінальнай справы«Сваімі дзеяньнямі Тарайкоўскі правакаваў праваахоўнікаў, яны ня ведалі яго сапраўдныя матывы і мэты яго дзеяньняў, а з улікам апэратыўнай інфармацыі аб магчымых тэрактах, наяўнасьці ў пратэстоўцаў выбуховых рэчываў, зброі ўспрымалі яго як рэальную пагрозу жыцьцю і здароўю як супрацоўнікаў, так і саміх пратэстоўцаў», — заявіў тады Наскевіч.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каго Беларусь страціла ў 2020 годзеЁн указаў, што сілавікі дзейнічалі «выключна ў рамках наяўных у іх інструкцый», ужыўшы супраць Тарайкоўскага несьмяротную зброю, дзеяньне якой было «накіравана не на паражэньне, а на яго фізычнае прыпыненьне, зь бясьпечнай адлегласьці, якая выключае летальны зыход».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускі народ, Ціханоўскія, дактары ды іншыя Героі 2020 году«У сілу зьбегу шэрагу трагічных абставін адно з раненьняў аказалася пранікальным, у выніку якога сьмерць Тарайкоўскага наступіла на месцы здарэньня», — дадаў Наскевіч.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Судзяць за надпіс памяці забітага пратэстоўца Тарайкоўскага. Справы па факце сьмерці дагэтуль нямаПры гэтым ужо былы кіраўнік СК тады не пракамэнтаваў вэрсію гібелі Тарайкоўскага, выказаную МУС. Тым ня менш яе паўтарыў Аляксандар Лукашэнка ў нядаўнім інтэрвію Салаўёву:
«Як ён загінуў? Ён падхапіў гранату сьвятлашумавую. Гэтага ж ніхто ня бачыў у натоўпе. Праваахоўнікі кідалі, ён падхапіў і замахнуўся, каб кінуць яе назад. А ў АМАПаўцаў рэакцыя якая? Тамака жа не разгледзіш, тым больш гэта было ўначы. Яны ўбачылі і адразу на паражэньне. Праўда стралялі, па-мойму, не баявымі. Баявыя не прымянялі. А, па-мойму, турэцкія гумовыя кулі былі гэтыя, яны вельмі жорсткія і трапілі ў яго. Вось так ён загінуў», — сказаў Лукашэнка.
Аляксандар Тарайкоўскі загінуў 10 жніўня 2020 году на скрыжаваньні ля станцыі мэтро «Пушкінская» ў Менску. За яго сьмерць ніхто не асуджаны, хоць расьсьледвальнікі выявілі ўсіх, хто ўдзельнічаў у забойстве. Па зьвестках @euroradio, сілавік, які націснуў на курок, ужо даўно пакінуў Беларусь.
Ахвяры беларускіх пратэстаў. Што важна ведаць
За ўвесь час пратэстаў пры розных абставінах загінулі сама меней 4 чалавекі. Пры гэтым улады і кіраўніцтва МУС ні разу не прызналі, што людзі загінулі ад рук сілавікоў. Гэтыя людзі на сёньня лічацца ахвярамі пратэстаў:
- Аляксандар Тарайкоўскі, 34 гады, Менск, застрэлены сілавікамі на вуліцы Прытыцкага;
- Аляксандар Віхор, 25 гадоў, Гомель, памёр пасьля зьбіцьця ў міліцыі;
- Генадзь Шутаў, 43 гады, Берасьце, застрэлены сілавіком;
- Раман Бандарэнка, 31 год, Менск, пабіты да непрытомнасьці, памёр у шпіталі.
Таксама дагэтуль невядомыя абставіны сьмерці яшчэ некалькіх чалавек. Іх сваякі і сябры лічаць, што яны маглі быць забітыя падчас пратэстаў.
- Мікіта Крыўцоў, 28 год, Жодзіна, знойдзены павешаным;
- Аляксандар Дзямідаў, 25 гадоў, Бараўляны, знойдзены мёртвым;
- Канстанцін Шышмакоў, 29 гадоў, Ваўкавыск, нібыта ўчыніў самагубства;
- Арцём Парукаў, 19 гадоў, Менск, зьбіты машынай.