«Літоўскія чыгункі» ацанілі зьніжэньне колькасьці цягнікоў празь беларускую забарону

Беларускія вагоны савецкай вытворчасьці з прыпіскай у дэпо Воршы на вакзале ў Вільні, лета 2021

Паток цягнікоў, якія ідуць у Беларусь, скароціцца крыху больш як на дзясятую частку, пры гэтым, пэўна, яны будуць перанакіраваныя праз Польшчу і Латвію. 

Калі раней штомесяц празь мяжу Беларусі і Літвы накіроўваліся 480-540 цягнікоў, то цяпер іх колькасьць зьменшыцца прыкладна на 45. Пра гэта паведамляе BNS.

Чвэрць саставаў, якія ідуць празь беларуска-літоўскую мяжу, фармуецца ў Літве. Яны перавозяць грузы ў Расею, Украіну, Казахстан, Узбэкістан і Таджыкістан. Акрамя тавараў, якія падпалі пад беларускія санкцыі, транспартуецца сельгаспрадукцыя і іншыя тавары. Прыкладна 55% цягнікоў фармуюцца ў Калінінградзкай вобласьці Расеі і едуць празь Літву транзытам. Яшчэ каля 20% саставаў вязуць транзытныя грузы з порту Клайпэды ў Расею, Беларусь, Украіну і Казахстан.

У «Літоўскіх чыгунках» адзначылі, што нафтапрадукты і ўгнаеньні складаюць мінімальную долю ў грузапатоку з Клайпэды.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ня толькі Літва. У сьнежні 2021 году Паўднёвая Карэя фактычна перастала набываць беларускі калій

У найбольшай ступені беларуская забарона закранула вытворцу азотных угнаеньняў Achema і НПЗ у Мажэйках Orlen Lietuva. Першая кампанія мае намер выкарыстоўваць маршрут праз Латвію, а другая — праз Польшчу.

«Літоўскія чыгункі» плянавалі ў 2022 годзе перавезьці празь Беларусь каля 900 тысяч тон нафтапрадуктаў і каля паўмільёна тон угнаеньняў.

7 лютага набыла моц забарона на транзыт па чыгунцы нафтапрадуктаў і ўгнаеньняў, пагружаных у Літве. Такую меру беларускія ўлады прынялі ў адказ на скасаваньне кантракту паміж «Літоўскімі чыгункамі» і «Беларуськаліем» на перавозкі беларускіх калійных угнаеньняў у порт Клайпэды.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хто і колькі страціць ад транзытнай вайны Беларусі і Літвы
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Літва забараніла транзыт «Беларуськалію». Што гэта значыць для Беларусі. ВІДЭА