Вядоўца праграмы на RAI 3 Фабіё Фацыё назваў інтэрвію Папы для папулярнай праграмы «эпахальнай падзеяй». Падчас гадзіннай размовы Папа празь відэасувязь з Ватыкану выказаўся, у прыватнасьці, пра гонку ўзбраеньняў. Ён заявіў, што, калі б зброю не выраблялі цягам году, можна было б забясьпечыць ежай і адукацыяй людзей ва ўсім сьвеце.
«У сьвеце вайна на першым месцы, мы думаем пра войны, ідэалягічную вайну, вайну за ўладу, гандлёвую вайну. Гэта машына зьнішчэньня», — падкрэсьліў ён.
Найвялікшым злом Каталіцкай царквы ён назваў «духоўную сьвецкасьць», бо яна, на яго думку, «спараджае клерыкалізм».
«Гэта няправільна, гэта вычварэнства, якое вядзе да ідэалягічна жорсткіх пазыцый. Тады ідэалёгія займае месца Эвангельля».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Біскуп Буткевіч заклікаў сёньня маліцца за Ўкраіну: «Няхай малітва абароніць ад сілаў, якія імкнуцца зруйнаваць мір»Папа Францішак зьвярнуўся да клопату пра «маці-зямлю». Ён падняў пытаньне аб выкіданьні ў мора плястыку.
«Кідаць плястык у мора — гэта злачынства, гэта забівае Зямлю, мы мусім берагчы біяразнастайнасьць, мы мусім клапаціцца аб стварэньні», — сказаў ён.
Францішак прызнаўся, што заўсёды пытаецца ў людзей, ці гуляюць яны са сваімі дзецьмі. Ён адзначыў, што «блізкасьць» з бацькамі і дзецьмі патрэбна заўсёды. «Бацькі павінны быць, так бы мовіць, партнэрамі дзяцей», — растлумачыў ён. Таму гульні ў сям’і і размовы на розныя тэмы вельмі неабходныя.
«Бог стварыў нас добрымі, але і свабоднымі. Свабода дазваляе нам зрабіць шмат добрага, але й шмат шкоды. Мы свабодныя і мы гаспадары сваіх рашэньняў, таксама няправільных. Магчымасьць атрымліваць прабачэньне зьяўляецца правам чалавека, мы ўсе маем права на прабачэньне, калі папросім аб гэтым», — сказаў Францішак.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Папа рымскі Францішак асудзіў эксплуатацыю мігрантаў дзеля дасягненьня палітычных мэтаўУ дзень выхаду інтэрвію, 6 лютага, Францішак таксама выступіў у Ватыкане перад пілігрымамі, дзе адказаў на пытаньне пра жаночае абразаньне ў дзень супраць гэтай зьявы. Ён выказаўся супраць калечаньня жаночых полавых органаў і выступіў за адмову ад гэтай практыкі. Каля 3 мільёнаў маладых жанчын у многіх краінах пакутуюць ад такой практыкі, якая «прыніжае іх жаночую годнасьць» і прычыняе ім фізычную шкоду, сказаў ён, напісаўшы пра гэта і ў твітэры.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На важную пасаду ў Ватыкане прызначылі жанчыну