Лукашэнка стаў навыцяжку перад Пуціным, — Дракахруст пра крамлёўскае пасланьне

Сяргей Шайгу, Віктар Хрэнін, Аляксандар Лукашэнка, Менск, 3 лютага 2022 г.

28 студзеня, выступаючы са штогадовым пасланьнем, Аляксандар Лукашэнка назваў дзьве прычыны, зь якіх Беларусь можа ўступіць у вайну — гэта непасрэдны напад на яе і непасрэдны напад на яе саюзьніка, Расейскую Фэдэрацыю.

Аднак ужо 4 лютага ў інтэрвію расейскаму журналісту Ўладзіміру Салаўёву ён фактычна назваў яшчэ і трэцюю прычыну — напад Украіны на Данбас (відаць, меліся на ўвазе самаабвешчаныя рэспублікі «ДНР» і «ЛНР»): «Менск і Масква дадуць супольны адказ, калі Кіеў пачне вайну супраць Данбасу», — цытуе яго словы РИА Новости.

Лукашэнка тут фактычна паўтарыў тое, што гаварылі і гавораць расейскія палітыкі і вайскоўцы.

28 студзеня начальнік расейскага генштабу Валеры Герасімаў заявіў: «Любыя правакацыі ўкраінскіх уладаў у сілавым урэгуляваньні праблем Данбасу будуць спыняцца».

Фармальна кажучы, «супольны адказ» не абавязкова павінен быць ваенны — размова можа ісьці пра санкцыі або пастаўкі ўзбраеньня ў самаабвешчаныя рэспублікі.

Але Салаўёў з дапамогай удакладняльных пытаньняў высьветліў у Лукашэнкі, што размова ідзе менавіта аб ваенным адказе:

«Адно з пытаньняў тычылася таго, як павядзе сябе беларускае войска, калі ўкраінскія ўлады наважацца на ўжываньне сілы супраць Данбасу.

„Гэтаксама як расейскае“, — адказаў на гэта Лукашэнка.

На пытаньне, ці будзе гэта супольным адказам Беларусі і Расеі, ён сказаў: „Натуральна“.

Пры гэтым Лукашэнка выказаў упэўненасьць у тым, што гэта ЗША падштурхоўваюць Кіеў да вайны. На яго думку, расейскі лідэр Уладзімір Пуцін правільна паводзіць сябе ў гэтай сытуацыі. „Я гэта падтрымліваю. Мы накрэсьлілі „чырвоныя лініі“. Наступіў на „чырвоную лінію“ — атрымлівай!“ — працягнуў беларускі прэзыдэнт.

На пытаньне, ці можа быць адказам ракетны ўдар па тэрыторыі Ўкраіны, Лукашэнка адказаў: „Ня толькі“».

Калі адказ мяркуецца з выкарыстаньнем беларускага войска, калі адказ мяркуецца «ня толькі» ракетны (але і ракетны, як можна зразумець, таксама), то гаворка ідзе пра менавіта ваенныя дзеяньні, у якіх возьмуць удзел беларускія войскі.

А як жа толькі дзьве прычыны, пры якіх Беларусь будзе ваяваць, сфармуляваныя ў пасланьні? Самаабвешчаныя рэспублікі не зьяўляюцца часткамі ні Беларусі, ні Расеі, прычым і Менск, і Масква афіцыйна лічаць іх тэрыторыяй Украіны.

Так што былі дзьве прычыны, а цяпер зьявілася трэцяя. Лукашэнку даціснулі.

Як, праз каго — гэта невядома. Магчыма, міністар абароны РФ Сяргей Шайгу, які наведаў Беларусь і сустрэўся з Лукашэнкам, перадаў яму крамлёўскае пасланьне, што адседзецца нават у адносным баку не атрымаецца і што Лукашэнка павінен адстойваць «чырвоныя лініі» Крамля, а не свае ўласныя, накрэсьленыя ў пасланьні літаральна некалькі дзён таму.

З заяваў Лукашэнкі Салаўёву, дарэчы, прама не вынікае, што ў выпадку расейска-ўкраінскай вайны беларускія салдаты абавязкова будуць у ёй непасрэдна ўдзельнічаць.

Але гэта ўжо пытаньне апэратыўнай і палітычнай мэтазгоднасьці, якую будзе вызначаць Уладзімір Пуцін. Спатрэбіцца з апэратыўнага пункту гледжаньня — будуць выкарыстоўвацца. Захочацца Пуціну, каб Менск прынёс прысягу вернасьці крывёй — паедуць беларускія салдаты забіваць украінцаў.

Як паляцелі ў Казахстан у межах місіі АДКБ. Знайшлося б у Расеі дадатковых 250 дэсантнікаў, каб паслаць іх у Алматы замест беларускіх. Але была патрэба ў беларускіх. І патрэба ня столькі ваенная, колькі палітычная.

Зрэшты, беларускае войска Пуціну ў рэалізацыі яго плянаў можа проста не спатрэбіцца. Але пасьля заявы Лукашэнкі Салаўёву нішто іншае ўжо ня можа прадухіліць удзел беларусаў у вайне.

Перадрук з парталу Zerkalo.io

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Пагроза нападу Расеі на Ўкраіну

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.