270 мігрантаў пагадзіліся пакінуць Літву добраахвотна, яны атрымаюць выплату памерам 1000 эўра

Мігранты на беларускай мяжы. Лістапад 2021

270 мігрантаў, якія нелегальна трапілі ў Літву на працягу апошніх месяцаў, ужо пагадзіліся добраахвотна вярнуцца ў краіну паходжаньня камэрцыйнымі рэйсамі на наступным тыдні. Яны атрымаюць выплату памерам 1000 эўра.

«На гэты момант у нас 272 чалавекі, якія пакінуць краіну, абсалютная большасьць — з кампэнсацыяй 1000 эўра. Адзінкі паляцелі і не атрымалі гэтых выплат», — сказаў намесьнік начальніка літоўскай Службы аховы мяжы Рымантас Пятраўскас.

Паводле яго, абсалютную большасьць мігрантаў складаюць грамадзяне Іраку, некалькі чалавек вяртаюцца ў Расею і Індыю. Мігрантаў перавозяць камэрцыйнымі рэйсамі, яшчэ каля 80 чалавек не пакінулі краіну.

«Яны паляцяць найбліжэйшым часам, таму што рэйсы ў Стамбул выконваюцца шэсьць дзён на тыдзень, а затым іх падзеляць у залежнасьці ад таго, каму і куды трэба. Думаем, што гэтыя людзі вылецяць да сярэдзіны наступнага тыдня», — сказаў службовец.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі яшчэ каля 1500 мігрантаў і ўцекачоў, спробы прарвацца ў Польшчу працягваюцца

Службовыя асобы суправаджаюць мігрантаў у Віленскі аэрапорт, да самалёта, дзе ім выдаюць выплату памерам 1000 эўра.

Паводле Пятраўскаса, пасьля памяншэньня выплат з 1000 да 300 эўра з 21 студзеня гэтай магчымасьцю карыстаюцца нямногія.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Страляць без папярэджаньня». Што адбываецца на межах Беларусі з Польшчай і Літвой

З пачатку жніўня, калі літоўскія памежнікі атрымалі права не пускаць у краіну замежнікаў зь Беларусі ў забароненых месцах, у Літву не змаглі патрапіць больш за 8,2 тыс. мігрантаў. Праўда, некаторыя мігранты маглі спрабаваць перасячы мяжу некалькі разоў.

Летась у Літву незаконна трапіла амаль 4,2 тыс. мігрантаў, асноўная іх частка перасекла мяжу да жніўня.

Краіны Захаду абвінавачваюць менскі рэжым у арганізацыі плыняў мігрантаў і называюць гэта гібрыднай агрэсіяй.