Прэм'еры краін Балтыі: санкцыі ў дачыненьні да беларускага рэжыму павінны ўводзіцца ў маштабе ўсяго ЭЗ

У сувязі з тым, што ўрад Эстоніі вырашыў увесьці нацыянальныя санкцыі супраць Беларусі і прыпыніць транзыт яе нафтапрадуктаў праз краіну, прэм'ер-міністры Літвы і Латвіі зазначаюць, што найбольш эфэктыўнымі і справядлівымі санкцыямі для рэжыму былі б агульныя санкцыі на ўзроўні Эўразьвязу.

Прэм'ер-міністарка Літвы Інгрыда Шыманіце зьвярнула ўвагу на тое, што транзыт беларускіх нафтапрадуктаў празь Літву быў спынены да таго, як летась ЭЗ абвясьціў аб санкцыях адносна асобных сфэраў беларускай эканомікі. Паводле яе, было б найбольш эфэктыўна, калі б санкцыі былі ўведзеныя на ўзроўні Эўразьвязу і сынхранізаваныя з санкцыямі ЗША.

«Толькі ў такім выпадку можна было б дасягнуць найлепшага эфэкту і стварыць як мага менш умоваў для тых, хто шукае выключэньні або нейкія шчыліны, празь якія можна абысьці санкцыі, і ў гэтым выпадку вынік будзе лепшым і найбольш эфэктыўным», — сказала яна.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хто і колькі страціць ад транзытнай вайны Беларусі і Літвы


Прэм'ер-міністар Латвіі Крыш'яніс Карыньш таксама лічыць, што санкцыі павінны быць агульнымі, але будуць абмяркоўвацца і нацыянальныя санкцыі.

«Знайшліся шчыліны ў рэжыме санкцый у дачыненьні да Лукашэнкі, але сапраўдны шлях у тым, што трэба дамагацца ўвядзеньня санкцый у маштабах усяго ЭЗ», — сказаў ён на прэс-канфэрэнцыі.

«Але самы эфэктыўны і справядлівы спосаб — гэта тое, што мы, тры балтыйскія дзяржавы, ужо прапанавалі ўвесьці санкцыі ва ўсім ЭЗ, што выключыць магчымасьць таго, што нехта паспрабуе законна абысьці санкцыі асобнай краіны», — дадаў ён.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эстонія ўвяла санкцыі на транзыт мінэральных аліваў зь Беларусі


Урад Эстоніі ў чацьвер прыняў рашэньне аб увядзеньні нацыянальных санкцый у дачыненьні да Беларусі і прыпыненьні транзіту яе нафтапрадуктаў праз краіну. З 1 лютага сёлета «Літоўскія чыгункі» па распараджэньні ўраду спынілі транзыт угнаеньняў «Беларуськалію».