СМІ: Расія сьцягнула да мяжы каля 70 працэнтаў «арміі ўварваньня»

Вучэньні расейскіх вайскоўцаў у Растоўскай вобласьці

Расея сьцягнула да межаў Украіны каля 70 працэнтаў сіл і сродкаў, неабходных для буйнамаштабнага ўварваньня ў краіну. Пра гэта са спасылкай на амэрыканскіх афіцыйных асобаў пішуць агенцтва Reuters і Washington Post.

Паводле дадзеных крыніц выданьняў у амэрыканскай выведцы, колькасьць расейскіх батальённых тактычных груп ля межаў з Украінай дасягнула 83, прычым усяго тыдзень таму іх было каля 60. Яшчэ 14 груп, як сьцьвярджаецца, яшчэ ў дарозе. З публікацый незразумела, ці ўключаныя ў агульную колькасьць БТГ расейскія вайскоўцы, якія прыбылі ў Беларусь для ўдзелу ў вучэньнях «Саюзная рашучасьць».

У адной батальённай тактычнай групе каля 750 вайскоўцаў. Агульная колькасьць расейскіх вайскоўцаў ля межаў з Украінай і ў анэксаваным Крыме Washington Post ацэньвае на 100-130 тысяч.

Да 15 лютага, як сьцьвярджаюць экспэрты, якіх цытуе Reuters, глеба дастаткова прамерзьне, каб цяжкая вайсковая тэхніка змагла перамяшчацца па бездаражы — гэта называецца адной з умоваў, якія палягчаюць ўварваньне. З пункту гледжаньня ўмоваў надвор’я яго пагроза захаваецца да канца сакавіка, затым пачнецца бездараж.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзяждэпартамэнт ЗША папярэдзіў Макея пра санкцыі ў выпадку ўдзелу Беларусі ў расейскай агрэсіі супраць Украіны

Выданьні — таксама са спасылкай на амэрыканскіх службоўцаў — прыводзяць магчымыя ацэнкі страт у выпадку шырокамаштабнага ўварваньня. Паводле гэтых ацэнак, страты сярод вайскоўцаў Украіны могуць скласьці 5-25 тысяч чалавек, сярод вайскоўцаў Расеі — 3-10 тысяч, сярод мірных жыхароў — 25-50 тысяч чалавек. Акрамя таго, як сьцьвярджаецца, уварваньне можа прывесьці да перамяшчэньня да 5 мільёнаў уцекачоў у краіны ЭЗ.

Таксама ў публікацыях гаворыцца аб ацэнках ходу магчымай вайсковай кампаніі. Сьцьвярджаецца, што расейскім вайскоўцам можа спатрэбіцца ўсяго 2 дні для таго, каб увайсьці ў Кіеў, але ўзяцьце гэтага гораду будзе суправаджацца шматлікімі ахвярамі. Fox News — са спасылкай на крыніцы ў Кангрэсе, азнаёмленыя зь нядаўнім закрытым выступам кіраўніка Аб’яднанага камітэту начальнікаў штабоў Марка Мілі перад кангрэсмэнамі — сьцьвярджае, што Кіеў можа быць узяты за 72 гадзіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка: вайна з Украінай працягвалася б 3-4 дні

Расея заяўляе, што не плянуе ўварваньня ва Ўкраіну, і крытыкуе заходніх палітыкаў і СМІ, якія заяўляюць і пішуць пра такую пагрозу. Намесьнік пастаяннага прадстаўніка Расіі пры ААН Дзьмітрый Палянскі назваў апошнія публікацыі «вар’яцтвам і панікёрствам».

ЗША і іх саюзьнікі лічаць пагрозу шырокамаштабнага расейскага ўварваньня рэальнай, падкрэсьліваючы, што дакладна не вядома, ці прыняў Уладзімір Пуцін рашэньне аб такім уварваньні. Пры гэтым незразумела, якія мэты можа мець Расея. У СМІ публікуюцца розныя матэрыялы аб магчымых плянах расійскага кіраўніцтва — ад лякальных баявых дзеяньняў у Данбасе да ўварваньня з мэтай узяць пад кантроль усю тэрыторыю Ўкраіны. Аб другім варыянце напярэдадні паведамляла нямецкая газэта Bild. Яе публікацыя выклікала рэзкую рэакцыю Масквы, дзе выданьне абвінавацілі ў распальваньні вайны.