Казаскі апазыцыянэр праз 6 гадоў вярнуўся на радзіму з Украіны, і яго затрымалі ў аэрапорце

Ярмэк Нарымбай падчас аднаго з затрыманьняў перад эміграцыяй, 2010 год

Блогер і палітычны актывіст Ярмэк Нарымбай у 2016 годзе праз крымінальны перасьлед на радзіме зьехаў у Кіеў. 6 лютага ён прыляцеў у Алматы, і быў затрыманы.

Нарымбая затрымалі наўпрост у аэрапорце адразу пасьля таго, як ён прайшоў пашпартны кантроль, паведамляе казаская служба Радыё Свабода.

Сустракаць Ярмэка Нарымбая ў аэрапорт прыехалі каля 50 чалавек, аднак паліцыя затрымала яго да таго, як мужчына выйшаў да прыхільнікаў.

У канцы студзеня Нарымбай напісаў у фэйсбуку аб тым, што хутка вернецца на радзіму, бо верыць у «дыялёг паміж уладай і грамадзтвам». Перад вылетам з Кіева ён выходзіў у жывы этэр. 51-гадовы актывіст дапускаў, што яго могуць затрымаць адразу ў аэрапорце. Пры гэтым ён сьцьвярджаў, што «саджаць яго» ўладам Казахстану нявыгадна з-за рэпутацыйных стратаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Адных пляменьнікаў мяняюць на іншых». Палітоляг пра кадравыя перастаноўкі ў Казахстане

Ярмэк Нарымбай пасьля пратэстаў у 2010 годзе атрымаў 4 гады пазбаўленьня волі, адбыў палову тэрміну. У кастрычніку 2015 году грамадзкія актывісты Ярмэк Нарымбай і Сэрыкжан Мамбэталін былі асуджаныя за рэпост урыўку з кнігі «Вецер з вуліцы». За «распальваньне варожасьці» Нарымбая асудзілі на 3 гады турмы.

Пазьней абодва актывісты апублікавалі лісты з раскаяньнем. Апэляцыйны суд замяніў Нарымбаю рэальны тэрмін на 3 гады абмежаваньня волі. У 2016 годзе Нарымбай пакінуў Казахстан, нягледзячы на забарону.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Першыя ўрокі апэрацыі АДКБ у Казахстане

Сёньняшняе затрыманьне ў дэпартамэнце паліцыі Астаны патлумачылі парушэньнем правілаў абмежаваньня волі ў 2016 годзе. Палітычнага актывіста і блогера адправілі ў СІЗА.

Апазыцыянэр вырашыў вярнуцца ў Казахстан з Украіны пасьля студзеньскіх падзеяў у роднай краіне, калі масавыя пратэсты ў шэрагу гарадоў перарасьлі ў беспарадкі з чалавечымі ахвярамі. Прэзыдэнт Касым-Жамарт Такаеў пасьля здушэньня пратэстаў пры дапамозе АДКБ умацаваў асабістую ўладу — за кошт былога прэзыдэнта Нурсултана Назарбаева і яго набліжаных. Пры гэтым Такаеў паабяцаў правесьці ў краіне рэформы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Казахстане завялі амаль сотню крымінальных справаў па скаргах пацярпелых ад дзеяньняў сілавікоў