Расея аднавіла ўладкаваньне вайсковых лягераў на Браншчыне каля мяжы з Украінай

Расейскія вайскоўцы, якія прыбылі ў Беларусь на вучэньні, студзень 2022

Зьявіліся новыя сьведчаньні перакіданьня расейскіх войскаў да мяжы з Украінай. Пагроза нападу захоўваецца, Пуцін умацоўвае лягеры, якія даўно не чапалі.

Група расейскіх незалежных блогераў Conflict Intelligence Team (CIT), якая займаецца расьсьледаваньнем абставінаў збройных канфліктаў па адкрытых крыніцах, прааналізавала матэрыял журналістаў France Télévisions, што выйшаў напярэдадні. Прадстаўнікі FT пабывалі ў населеных пунктах Клінцы і Клімава Бранскай вобласьці (45 і 13 кілямэтраў ад мяжы з Украінай адпаведна).

Уладкаваньне палявых лягераў і стаянак у гэтым раёне пачалося яшчэ летась, аднак у апошнія тыдні актыўнасьць у Клінцах і Клімаве аднавілася.

У рэпартажы францускай тэлевізіі спэцыялісты CIT заўважылі некалькі грузавікоў з дзяржаўнымі нумарамі з двухзначнымі кодамі 76 і 87. На чорных вайсковых нумарах гэтыя коды адпавядаюць Цэнтральнай вайсковай акрузе (ЦВА).

Стаянкі тэхнікі ў Ельнінскім лягеры практычна апусьцелі, у той час як у намётавым мястэчку актыўнасьць, наадварот, павысілася. Акрамя таго, раней адзначаўся рух аўтакалёнаў паміж Смаленскай і Бранскай абласьцямі. Акрамя таго, ёсьць і сьвежыя сьведчаньні перакіданьня тэхнікі зь Ельні па чыгунцы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зьявіліся першыя сьведчаньні перакідваньня сілаў Расгвардыі, — расьсьледнікі CIT
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Тыдзень да пачатку вучэньняў. Дзе ў Беларусі заўважылі расейскія войскі. МАПА