Урад увёў абмежаваньні на вываз зь Беларусі яблыкаў, капусты і цыбулі

Ілюстрацыйнае фота

Беларусь уводзіць ліцэнзаваньне вывазу цыбулі, капусты і яблыкаў. Адпаведнае рашэньне прынята пастановай № 70 Савета Міністраў ад 4 лютага 2022 году, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе ўраду.

Згодна з пастановай, гаворка ідзе як айчынныя, так і імпартныя тавары: вываз цыбулі, белакачаннай капусты і яблыкаў незалежна ад краіны паходжаньня за межы Беларусі будзе магчымы толькі па разавых ліцэнзіях, якія будзе выдаваць Міністэрства антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю па ўзгадненьні з аблвыканкамамі і Менскім гарвыканкамам.

Абмежаваньні ўводзяць на 3 месяцы, яны набудуць сілу пасьля афіцыйнага апублікаваньня пастановы ўраду (пакуль не апублікаваная). Паводле кіраўніка МАРГ, пры неабходнасьці дзеяньне абмежаваньняў могуць працягнуць да паўгода.

«Мы бярэм пад кантроль вываз прадукцыі расьлінаводзтва беларускага паходжаньня. Чаму неабходна такая мера? Справа ў тым, што ў краінах-суседзях вельмі моцна растуць кошты на садавінагародніную прадукцыю, у прыватнасьці на капусту, яблыкі і цыбулю. Асноўная задача — абараніць унутраны рынак ад іх бескантрольнага вывазу», — патлумачыў міністар антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю Аляксей Багданаў увядзеньне абмежаваньня.

Абмежаваньні не распаўсюджваюцца на тавары, якія вывозяць у краіны ЕАЭС, а таксама іншыя дзяржавы для аказаньня міжнароднай гуманітарнай дапамогі. Таксама новаўвядзеньне не датычыцца тавараў, якія ідуць празь Беларусь транзытам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Буракі — плюс 60%, бульба — плюс 35%. Як даражэюць прадукты, цэны на якія кантралюе дзяржава

Яшчэ 1 лютага прэм’ер-міністар Беларусі Раман Галоўчанка казаў, што на ўнутраным рынку Беларусі дастаткова агародніны, а цэны на яе (у тым ліку капусту, цыбулю і яблыкі) рэгулююцца.

«У нас ніколі не было дэфіцыту ў вытворчасьці агародніны. Па некаторых пазыцыях вырошчваем у дзясяткі разоў больш, чым трэба ўнутранаму рынку, напрыклад бульбы — у 13 разоў», — казаў Раман Галоўчанка.