Эканамічныя санкцыі ў дачыненьні да беларускіх уладаў пасьля выбараў 2020 году і пачатку масавых рэпрэсій уводзілі краіны Эўразьвязу, ЗША, Канада, Вялікая Брытанія і шэраг іншых. Аднак сярод іх не было ніводнай краіны Азіі, Афрыкі альбо Лацінскай Амэрыкі. Тым ня менш заходнія санкцыі ў дачыненьні да Беларусі наўпрост адбіваюцца і на пастаўках беларускай прадукцыі ў трэція краіны. Расказваем пра гэта на прыкладзе гандлю Беларусі з Паўднёвай Карэяй.
4 лютага 2022 году новапрызначаны амбасадар Беларусі ў Паўднёвай Карэі Андрэй Чарнецкі акурат уручыў даверчыя лісты прэзыдэнту гэтай краіны Мун Чжэ Іну. На сустрэчы Чарнецкі «падкрэсьліў важнасьць далейшага ўмацаваньня двухбаковага супрацоўніцтва ў сфэры інавацый, біятэхналёгій, энэргетыкі і разьвіцьця інфраструктуры, дасягненьні вугляроднай нэўтральнасьці і харчовай бясьпекі». Да прызначэньня на пасаду амбасадара Андрэй Чарнецкі 24 гады праслужыў у органах дзяржаўнай бясьпекі. Працаваць новапрызначанаму амбасадару будзе над чым. У сьнежні 2021 году пастаўкі беларускага калію ў Паўднёвую Карэю з максымальных паказчыкаў упалі амаль да нуля.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Былы кіраўнік Галоўнага ўпраўленьня КДБ заклікаў на саміце спэцслужбаў у Сэуле да даверу і абмену інфармацыяйПаводле зьвестак амбасады Беларусі ў Паўднёвай Карэі, на працягу апошніх дзесяці гадоў таваразварот паміж краінамі амаль не зьмяняўся. Беларусь пастаўляла ў азіяцкую краіну тавараў прыкладна на 40 мільёнаў даляраў штогод, набывала ўтрая больш. Сытуацыя пачала мяняцца з канца 2020 году, калі паказчыкі экспарту і імпарту спачатку зраўняліся, а пасьля сальда рэзка ссунулася на карысьць Беларусі. У студзені 2021 году Беларусь паставіла ў Карэю тавараў прыкладна на 3 мільёны даляраў, а ў лютым ужо амаль на 11 мільёнаў. Далей паказчыкі зьмяняліся, але буйныя ўздымы захоўваліся. У ліпені 2021 году Беларусь прадала карэйцам сваёй прадукцыі амаль на 15 мільёнаў — рэкорд за некалькі дзесяцігодзьдзяў.
Посьпехі Беларусі ў гандлі з Карэяй супадаюць па часе з рэзкім ростам паставак калійных угнаеньняў. Калі ў студзені 2021 году з Салігорску ў Карэю прывезьлі прадукцыі «Белкалію» менш як на 1 мільён даляраў, то ўжо ў лютым таго ж году агульны кошт паставак дасягнуў 10 мільёнаў. А ў пікавым для гандлю паміж краінамі ліпені 2021-га — амаль 13 мільёнаў даляраў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Паўднёвая і Паўночная Карэі аднавілі сувязь на памежжыАгулам за ўвесь 2021 год Беларусь паставіла ў Паўднёвую Карэю калійных угнаеньняў на 65 мільёнаў даляраў. У 2020 годзе было менш як на 30 мільёнаў, а ў «даковідныя» 2017–18 — крыху больш за 30 мільёнаў штогод. Рост больш як удвая.
Ці захаваецца рост паставак беларускага калію ў Паўднёвую Карэю ў 2022 годзе, сказаць складана. У апошні месяц 2021 году пастаўкі раптоўна абваліліся амаль да нуля. Калі ў лістападзе Карэя набыла ў Беларусі калійных угнаеньняў амаль на 12 мільёнаў даляраў, то ў сьнежні — толькі на 8 тысяч. Статыстыка за першы месяц 2022 году пакуль не публікавалася.