У Міністэрстве здароўя патлумачылі рэзкі рост заражэньня каранавірусам і параілі «адназначна» насіць маскі

У апошнія дні афіцыйная статыстыка захворваньня на каранавірус б’е рэкорды. 2 лютага Мінздароўя паведаміла пра 3634 новыя выпадкі за дзень, 3 лютага — ужо пра 4990 новых выпадкаў, у той час як 1 лютага паведамлялася пра 1 918 выпадкаў. Чым выкліканы такі вялізны скачок?

Чытачка «Нашай нівы» патэлефанавала на гарачую лінію Міністэрства аховы здароўя з пытаньнем, чаму так рэзка вырасла колькасьць хворых на каранавірус.

«Ужо ня першы дзень новы штам гуляе, які называецца „Омікрон“. Ён больш кантагіёзны, больш заразны», — патлумачыў спэцыяліст Мінздароўя.

Але ж раней пры «Омікроне» за дзень было ня больш за дзьве тысячы выпадкаў, а апошняя афіцыйная лічба — амаль пяць тысяч. Што здарылася?

«Ну такая няпростая сытуацыя», — адказалі на гарачай лініі.

Чытачка таксама пацікавілася, ці трэба цяпер зноў насіць маскі. Бо само міністэрства выкрасьліла масачны рэжым з абавязковых правілаў, а з транспарту і іншых грамадзкіх месцаў паздымалі налепкі з заклікамі насіць маскі.

«Адназначна!» — адказалі на гэтае пытаньне ў міністэрстве.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каранавірус у Беларусі: у Берасьці і Гомлі паліклінікі будуць працаваць без выходных

Як адзначае выданьне, калі паглядзець статыстыку, то колькасьць праведзеных тэстаў не заўсёды зьвязаная з колькасьцю новых выяўленых выпадкаў каранавірусу. Напрыклад, 30 студзеня пры 43 тысячах тэстаў за мінулыя суткі зафіксавалі 2387 новых хворых на COVID-19, а 2 лютага пры 41,6 тысячы тэстах — 3634 выпадкі. Каля 1900 новых выпадкаў давала і 11 тысяч тэстаў (1 лютага), і 29 тысяч (31 студзеня).

Першага лютага Мінздароўя заявіла пра дзьве новыя формы барацьбы з COVID-19: лекары могуць ставіць дыягназ COVID-19 без правядзеньня тэстаў, а студэнты мэдычных ВНУ маюць права выдаваць бальнічныя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Якія тэсты? Да мяне нават лекар не прыйшоў!». Як беларусы змагаюцца з амікронам
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «50 пацыентаў з COVID-19 за зьмену». Беларуская лекарка расказвае, як прайшлі суткі на дзяжурстве