У зьняволенай рэдактаркі Tut.by Вольгі Лойкі памёр бацька, на пахаваньне яе не пусьцілі

Вольга Лойка

Зь ліста Вольгі Лойкі стала вядома, што яе бацька Антон Лойка памёр неўзабаве пасьля яе арышту, у пачатку лета 2021 году. Яна не змагла разьвітацца, пабыць на пахаваньні.

Галоўная рэдактарка палітыка-эканамічнага блёка ў Tut.by Вольга Лойка даслала на волю ліст, датаваны 1 лютага. Вольга напісала, што, пакуль яна знаходзіцца ў СІЗА-1, памёр яе бацька, а сястра прайшла цяжкае лячэньне:

«Вельмі разумею ваш боль. У мяне, пакуль я тут, памёр бацька, а старэйшая сястра прайшла вельмі складанае лячэньне, якое расьцягнулася на 8,5 месяца. І кожны дзень, кожны ліст — на нэрвах, на вечным пачуцьці віны, што ўжо не нагнаць. І гэтая жахлівая бездапаможнасьць, немагчымасьць ня тое што дапамагчы, але нават нармальна падтрымаць», — піша з-за кратаў журналістка ў адказе на адзін зь лістоў.

Пры гэтым у сваім лісьце Волга Лойка заклікае «ня траціць аптымізму нават у самыя змрочныя часы».

«Так, нават у страшныя часы магчымыя і аптымізм, і гумар. А бязь іх ніяк. Жыцьцё працягваецца, а адчай — сьмяротны грэх. Значыць, трэба трываць. Ня памятаю, ці цытавала вам перачытанага тут залпам „Графа Монтэ-Крыста“, самую канцоўку: „Уся чалавечая мудрасьць складзена ў двух словах: чакаць і спадзявацца“. І верыць, вядома. Сілаў і мудрасьці!», — піша Вольга Лойка.

За кратамі Вольгу ўтрымліваюць ужо 8,5 месяца. Яе затрымалі ў межах крымінальнай справы, распачатай супраць Tut.by нібыта за ўхіленьне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навіны палітвязьняў: жонка Івашына адмовілася ад допыту ў ягонай справе

Пра перасьлед Tut.by

  • 18 траўня офіс рэдакцыі быў заблякаваны за публікацыю «забароненай заканадаўствам інфармацыі», туды прыйшлі супрацоўнікі ДФР. Пазьней у ведамстве паведамілі, што на службовых асобаў завялі крымінальную справу за ўхіленьне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. На думку сілавікоў, рэзыдэнт Парку высокіх тэхналёгій атрымаў выручку, не абумоўленую дзейнасьцю, дазволенай для рэзыдэнтаў.
  • У справе затрымалі агулам 15 чалавек: кіраўнікі, журналісты і іншы пэрсанал мэдыйнага парталу Tut.by (Людміла Чэкіна, Марына Золатава, Вольга Лойка, Ірына Рыбалка, Алена Талкачова, Анжэла Асад, Марыя Новік, Ала Лапатка, Аляксандра Дайнека, Андрэй Аўдзееў, Дар'я Данілава, Кацярына Ткачэнка і Ірына Касьцючэнка), а таксама генэральны дырэктар Hoster.by Сяргей Павалішаў (вызвалілі 1 верасьня) і ўдава заснавальніка Tut.by Юлія Чарняўская. Праваабаронцы прызналі іх палітвязьнямі.
  • Удава заснавальніка парталу Юрыя Зісера Юлія Чарняўская цяпер пад хатнім арыштам, два дні пасьля затрыманьня пра яе не было нічога вядома, яна перанесла гіпэртанічны крыз і была на нейкі час шпіталізаваная.
  • Сам сайт Tut.by заблякаваны рашэньнем Мінінфармацыі.
  • У сьнежні 2020 году Tut.by на патрабаваньне Міністэрства інфармацыі пазбавілі статусу СМІ. Падставай сталі раней вынесеныя папярэджаньні да матэрыялаў аб правядзеньні прэзыдэнцкіх выбараў, дзейнасьці Камітэту дзяржаўнага кантролю, беларускай мытні і г.д.
  • Увечары 27 чэрвеня партал выдаліў з сацыяльных сетак усе допісы за апошнія паўтара года.
  • 13 жніўня Суд Цэнтральнага раёну Менску прызнаў інфармацыйную прадукцыю і сацыяльныя сеткі Tut.by і новага праекту тутбаеўцаў Zerkalo.io экстрэмісцкімі.
  • 7 кастрычніка Сьледчы камітэт паведаміў пра новую крымінальную справу супраць тутбаеўцаў — за распальваньне варожасьці, учыненае групай асобаў (ч. 3 арт. 130). Максымальная санкцыя па гэтым артыкуле — 12 гадоў зьняволеньня.
  • Справу Tut.by пачалі разглядаць 9 студзеня 2023 ў Менскім гарадзкім судзе. Працэс праходзіў ў закрытым рэжыме, яго ўзначальвала судзьдзя — Валянціна Зянькевіч.
  • На лаве падсудных знаходзіліся галоўная рэдактарка выданьня Марына Золатава, былая генэральная дырэктарка Людміла Чэкіна. Яшчэ тры фігуранткі справы, якім раней зьмянілі меру стрыманьня, – Вольга Лойка, Алена Талкачова і Кацярына Ткачэнка – на судзе не прысутнічалі, яны жывуць за мяжой.
  • 17 сакавіка Марыне Золатавай і Людміле Чэкінай прысудзілі па 12 гадоў калёніі кожнай.
  • 15 красавіка генэральны дырэктар Hoster.by Сяргей Павалішаў напісаў, што ўлады памілавалі дзевецярых фігурантаў справы пасьля пададзенага ў сьнежні прашэньня аб памілаваньні. Партал Zerkalo.io паведаміў, што мае інфармацыю аб тым, што агулам ад крымінальнай адказнасьці вызвалілі 9 чалавек.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За кратамі, бо журналісты