Палітвязень Уладзімер Мацкевіч заявіў пра галадоўку. Чаго ён патрабуе?

Уладзімер Мацкевіч

Палітвязень Уладзімер Мацкевіч патрабуе зьмяніць яму меру стрыманьня на падпіску аб нявыезьдзе, завяршыць сьледчыя дзеяньні і прызначыць дату судовага разбору.

Мацкевіч перадаў на волю, што адмовіцца ад ежы да выкананьня ягоных патрабаваньняў з 4 лютага. Першыя дзесяць дзён будзе «галадоўка на вадзе». Калі па сканчэньні гэтага тэрміну ягоных патрабаваньняў ня выканаюць, палітвязень гатовы перайсьці да «сухой галадоўкі», паведамляецца на ягонай старонцы ў Facebook.

«Галадоўка — гэта спосаб ціску. Адзіным аргумэнтам палоннага можа быць сваё цела, сваё жыцьцё. Мы ведаем, што сёньня для рэжыму практычна няма аргумэнтаў, ён не баіцца асуджэньня, не імкнецца выглядаць цывілізавана. Але, тым ня менш, чым шырэйшыя рэзананс і напружаньне, тым больш шанцаў для перамогі Ўладзімера.

Выстаўленыя патрабаваньні выканальныя. Значыць, нам разам трэба прымусіць іх выканаць», — пішуць прыхільнікі Ўладзімера Мацкевіча, якія вядуць прысьвечаную яму старонку ў Facebook.

Каб падтрымаць Мацкевіча, яны заклікаюць усіх:

  • распаўсюджваць інфармацыю пра галадоўку і пра Ўладзіміра Мацкевіча любымі даступнымі вам сродкамі (СМІ, сацыяльныя сеткі);
  • зьвярнуцца да вядомых і ўплывовых людзей у Беларусі і за мяжой за публічным выказваньнем, рэакцыяй;
  • зьвярнуцца да міжнародных арганізацый або супольнасьцяў, якія дэкляруюць каштоўнасьці правоў чалавека, каштоўнасьці мысьленьня, каштоўнасьці чалавечай годнасьці і жыцьця за публічнымі выказваньнямі і зваротамі;
  • зьвязацца з камандай Мацкевіча, калі ў вас ёсьць ідэі і прапановы дзеяньняў;
  • напісаць, патэлефанаваць ва ўпраўленьне Сьледчага камітэту, каб даведацца аб тым, як яны рэагуюць на сытуацыю;
  • а таксама пісаць лісты падтрымкі і тэлеграмы Ўладзімеру Мацкевічу (адрас: 220030, Менск, вул. Валадарскага, 2, СІЗА № 1, Мацкевічу Ўладзімеру Ўладзімеравічу).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Філёзаф Мацкевіч з-за кратаў: «Дзе Лукашэнка — там канфлікт, крызіс і рэпрэсіі»

Уладзімер Мацкевіч мае намер адрасаваць начальніку СІЗА просьбу аб візытах лекара, натарыюса і пастара.

Уладзімера Мацкевіча затрымалі 4 жніўня 2021 году пасьля ператрусу ў доме ў межах крымінальнай справы. Яму выставілі абвінавачаньне ў «арганізацыі дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак» (арт. 342 КК).

Уладзімер Мацкевіч ужо галадаў раней. У 2006-м ён 23 дні трымаў галадоўку разам з прыхаджанамі царквы «Новае жыцьцё» на знак пратэсту супраць яе прымусовага высяленьня. Тады галадоўнікі дамагліся выкананнья сваіх патрабаваньняў — улады скасавалі сваё рашэньне.