Трэцяга лютага Беларуская чыгунка паведаміла аб аднаўленьні афармленьня электронных квіткоў на цягнікі гарадзкіх і рэгіянальных ліній.
24 студзеня ў Беларускай чыгункі адбыўся маштабны збой, празь яго немагчыма было набываць квіткі праз онлайн-сэрвісы. Адказнасьць за гэты збой узялі на сябе «Кібэрпартызаны».
Ён рабіўся з мэтаю запаволіць рух расейскіх вайсковых цягнікоў на анансаваныя ў Беларусі вучэньні. «Кібэрапартызаны» запатрабавалі вызваліць 50 палітвязьняў, якім патрэбна тэрміновая мэдыцынская дапамога, і прыпыніць групаваньне расейскіх войскаў на тэрыторыі Беларусі.
Аднавіць магчымасьць афармляць білеты онлайн Беларуская чыгунка змагла толькі 3 лютага, паведамляе сайт чыгункі. За некалькі дзён да гэтага аднавілася магчымасьць набываць квіткі з нумараванымі месцамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чыгуначнік пра ўзлом Беларускай чыгункі: «Ляжыць уся сыстэма, а таго, хто мог памагчы, звольнілі за палітыку»