«Вучэньні, бясьпека і супраца». Што яшчэ абмяркоўвала Ціханоўская з украінскімі дэпутатамі

Сьвятлана Ціханоўская размаўляе з дэпутатамі Вярхоўнай Рады Ўкраіны

Сьвятлана Ціханоўская заклікала дэпутатаў Вярхоўнай Рады Ўкраіны паспрыяць спыненьню супрацы ўкраінскіх праваахоўных органаў зь беларускімі «карнымі» службамі.

«Украіна не прызнала легітымнасьць Лукашэнкі, і важна быць пасьлядоўнымі ў гэтым годным выбары. Не супрацоўнічаць з карнымі органамі, ня весьці справы з тымі, хто займаецца палітычным перасьледам беларусаў», — сказала Сьвятлана Ціханоўская сёньня ў часе відэасустрэчы з дэпутатамі міжфракцыйнага аб’яднаньня «За дэмакратычную Беларусь» у Вярхоўнай Радзе Ўкраіны.

Як паведамілі ў прэсавай службе Сьвятланы Ціханоўскай, яна таксама зьвярнулася да ўкраінскіх дэпутатаў з просьбай рэалізаваць магчымасьць прадстаўленьня беларусам-уцекачам статусу часовай абароны, які прадугледжаны ўкраінскім законам аб уцекачах і асобах, якія патрабуюць дадатковай ці часовай абароны. «Нават калі людзей немагчыма забясьпечыць жытлом і матэрыяльнай падтрымкай, такі статус дазволіць грамадзянам Беларусі легальна знаходзіцца і працаваць ва Ўкраіне», — адзначыла яна.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская паведаміла пра нефармальную сустрэчу зь Зяленскім у Літве

Сьвятлана Ціханоўская заклікала дэпутатаў спрасьціць шэраг працэдурных аспэктаў у працэсе легалізацыі беларусаў, якія зьехалі ва Ўкраіну ад крымінальнага перасьледу ў Беларусі.

Як паведамілі ў прэсавай службе Сьвятланы Ціханоўскай, яна таксама адрэагавала на выклік украінскага амбасадара ў МЗС Беларусі з нагоды нібыта перахопленага ўкраінскага бесьпілётніка. «Рэжым зацікаўлены толькі ў эскаляцыі напружанасьці. Гэта дазваляе яму адцягнуць увагу ад праблем, якія існуюць у Беларусі, і апраўдаць рэпрэсіі і гвалт. Запэўніваю вас, беларусы лічаць украінцаў братамі, і любыя спробы рэжыму ўцягнуць Беларусь у канфлікт на баку Расеі абернуцца супраць яго».

У той жа час Сьвятлана Ціханоўская лічыць заўчаснымі высновы наконт акупацыі Беларусі Расеяй. «Рэальную ацэнку мы зможам даць пасьля 20 лютага, калі зразумеем, ці пачаўся працэс вываду расейскіх войскаў зь Беларусі. Так, пагроза ёсьць, і мы працуем зь міжнароднымі партнэрамі, каб, калі гаворка ідзе аб пагрозах Украіне, таксама гаварылі і аб пагрозах Беларусі. Вядома, мы будзем вітаць дыпляматычнае вырашэньне, але мы ня можам дапусьціць, каб цаной разьвязаньня крызісу стаў беларускі сувэрэнітэт».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Лукашэнка змагаецца за даўжыню павадка ад Крамля». Украінскі палітоляг пра візыт Зяленскага ў ЗША і адносіны Кіева зь Менскам

Сьвятлана Ціханоўская паведаміла, што гатовая наведаць Кіеў, а старшыня міжфракцыйнага дэпутацкага аб’яднаньня «За дэмакратычную Беларусь» у Вярхоўнай Радзе Ўкраіны Аляксей Ганчарэнка, у сваю чаргу, заявіў, што найбліжэйшым часам накіруе ў Міністэрства замежных спраў Украіны запыт наконт арганізацыі такога візыту.

Аляксей Ганчарэнка таксама прапанаваў разам працаваць на пляцоўцы Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы, каб актуалізаваць пытаньне аб парушэньнях правоў чалавека ў Беларусі.

«У часе размовы мы напрацавалі шэраг дзеяньняў і кірункаў, па якіх у далейшым будзем актыўна супрацоўнічаць. Бо вольная дэмакратычная Беларусь — гэта гарантыя бясьпекі і Ўкраіны, і Эўропы», — сказаў Аляксей Ганчарэнка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне расказалі, як і чаму выконваюць запыты зь Беларусі ў палітычна матываваных крымінальных справах
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьвятлана Ціханоўская: «Вобраз Беларусі як мірнай і дружалюбнай краіны разбураны канчаткова»