Сьвятлана Ціханоўская на сустрэчы адзначыла, што «крах дэмакратычных інстытутаў у Беларусі прывёў да безразважных паводзінаў рэжыму. Гэта стала пагрозай міжнароднаму міру і бясьпецы».
Таксама яна ўзгадала згон самалёта з журналістам Пратасевічам, мігранцкі крызіс на межах Польшчы, Літвы і Латвіі, а таксама ўмяшаньні ва ўнутраныя справы Казахстану. Цяпер жа Лукашэнка дазволіў Расеі сканцэнтраваць вайсковыя сілы каля межаў Украіны.
«Цяпер ён хоча ўвогуле адмовіцца ад статусу краіны, свабоднай ад ядзернай зброі. Усе гэтыя крокі Лукашэнка зрабіў, не параіўшыся з народам. Гэтыя падзеі дэстабілізуюць рэгіянальную бясьпеку. Відавочна, што адмова ад бязьядзернага статусу пагражае ўжо глябальнай бясьпецы. Гэтая зьмена супярэчыць нацыянальным інтарэсам Беларусі. Мы спадзяёмся, што будзем працаваць разам са спадарыняй Фін, ICAN і іншымі міжнароднымі суб’ектамі, каб гарантаваць, што Беларусь застанецца бязьядзернай і нэўтральнай дзяржавай. Гэта тое, чаго хацелі беларусы ў 1990 годзе. Гэта тое, чаго яны жадаюць сёньня».
Бэатрыс Фін, выканаўчы дырэктар Міжнароднай кампаніі за адмену ядзернай зброі і ляўрэатка Нобэлеўскай прэміі міру 2017 году, сказала, што лічыць ядзерную пагрозу цалкам рэальнай:
«Беларускі дыктатар хваліцца пагрозай перамяшчэньня расейскай ядзернай зброі. Мы чулі пагрозьлівыя словы нават ад генэральнага сакратара NATO, які прапаноўваў перанесьці ядзерную зброю ЗША на ўсход. Апошняе, што цяпер патрэбна сьвету, гэта кубінскі ракетны крызіс 2.0. Мы павінны слухаць людзей, грамадзянскую супольнасьць і праваабаронцаў у рэгіёне. Наступствы ядзернай зброі і вайны былі б разбуральныя для жыхароў Беларусі і рэгіёну. Мэта ICAN — прывесьці дэмакратыю да раззбраеньня».
Фін заклікала Лукашэнку, Пуціна і NATO адмовіцца ад сваіх пагроз і спрыяць ліквідацыі напружанасьці, бо «ядзерная зброя ня можа быць разьменнай манэтай».
Прапанаваныя Бэатрыс Фін канкрэтныя крокі:
- Спыніць вучэньні ў рэгіёне зь ядзернымі сыстэмамі;
- Усе бакі абавязваюцца спыніць пралёты бамбавікоў, здольных несьці ядзерную зброю;
- Пакласьці канец усялякай рыторыцы, якая прапануе разгортваць новую ядзерную зброю;
- Беларусь павінна захаваць статус бязьядзернай дзяржавы і далучыцца да Дамовы;
- NATO і Расея павінны браць на сябе абавязаньні не пашыраць ядзернае разьмяшчэньне;
- Расея і ЗША павінны неадкладна пачаць сур’ёзныя перамовы аб скарачэньні ядзерных сіл.
Стратэгічная ядзерная зброя была разгорнутая ў Беларусі, а таксама ў Казахстане і Ўкраіне да моманту распаду Савецкага Саюзу. Беларусь адмовілася ад гэтай зброі і ўключыла ў Канстытуцыю 1994 году абавязаньне заставацца бязьядзернай зонай.
Сьвятлана Ціханоўская сказала, што пасьля аднаўленьня незалежнасьці беларусы масава выступілі за добраахвотную адмову ад ядзернага арсэналу, але цяпер палажэньні Канстытуцыі пра бязьядзерны статус праз палітыку Лукашэнкі апынуліся пад пагрозай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хто гаворыць голасам Лукашэнкі? Прэзыдэнты Польшчы, Літвы і Ўкраіны пра заяву аб разьмяшчэньні ў Беларусі ядзернай зброіНа 27 лютага заплянаваны так званы канстытуцыйны рэфэрэндум. Аляксандар Лукашэнка, якога на Захадзе не прызнаюць легітымным кіраўніком Беларусі, у лістападзе 2021 году ўзьняў пытаньне аб магчымасьці разьмяшчэньня ў краіне расейскай ядзернай зброі. Міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей паўтарыў гэтую заяву ў сьнежні.
Прадстаўнік Крамля, а таксама намесьнік міністра замежных спраў Расеі заявілі, што «Расея разгледзіць магчымасьць разьмяшчэньня ядзернай зброі ў Беларусі, калі Ўкраіне будзе дадзена членства ў NATO або ядзерную зброю ЗША разьмесьцяць у Польшчы».
Па дадзеных Міністэрства абароны Беларусі, Расея таксама накіравала два бамбавікі Ту-22М3 зь ядзернымі боегалоўкамі для патруляваньня заходніх межаў Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму Лукашэнка не баіцца страціць статус самастойнага палітыка?Канстытуцыйная рэформа ў Беларусі-2022. Асноўнае
Якія паўнамоцтвы прапануюць забраць у прэзыдэнта?
З тэксту Канстытуцыі прапануюць забраць наступныя палажэньні пра прэзыдэнта:
- прызначае шэсьць чальцоў Цэнтравыбаркаму;
- са згоды Савету Рэспублікі прызначае на пасаду старшыняў Канстытуцыйнага суду, Вярхоўнага суду, Вышэйшага гаспадарчага суду зь ліку судзьдзяў гэтых судоў;
- вызваляе ад пасады старшыню і судзьдзяў Канстытуцыйнага, Вярхоўнага і Вышэйшага гаспадарчага судоў, старшыню і сяброў Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзеньні рэспубліканскіх рэфэрэндумаў, генэральнага пракурора;
- прызначае на пасаду і вызваляе ад пасады старшыню Камітэту дзяржаўнага кантролю.
Якія паўнамоцтвы даюцца «Ўсебеларускаму народнаму сходу»
Праект замацоўвае статус «Усебеларускага народнага сходу» як паралельнай парлямэнту структуры з вышэйшымі за яго паўнамоцтвамі.
Сярод іх:
- «Усебеларускі народны сход» зацьвярджае асноўныя кірункі ўнутранай і замежнай палітыкі, ваенную дактрыну, канцэпцыю нацыянальнай бясьпекі;
- зацьвярджае праграмы сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця Рэспублікі Беларусі;
- заслухоўвае прэм’ер-міністра аб выкананьні праграмы сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця Рэспублікі Беларусі;
- прапануе зьмены і дадаткі ў Канстытуцыю;
- прапануе правядзеньне рэспубліканскіх рэфэрэндумаў;
- мае права разглядаць пытаньне аб легітымнасьці выбараў;
- прымае рашэньне аб зьняцьці прэзыдэнта з пасады ў выпадку сыстэматычнага або грубага парушэньня ім Канстытуцыі альбо зьдзяйсьненьня дзяржаўнай здрады ці іншага цяжкага злачынства.
Што яшчэ ў праекце новай Канстытуцыі
- Здымаецца артыкул аб бестэрміновым прэзыдэнцтве, вяртаецца абмежаваньне двума тэрмінамі: «Адна і тая ж асоба можа быць прэзыдэнтам ня больш за два тэрміны». Але правіла мае дзейнічаць толькі для новаабраных прэзыдэнтаў.
- Уводзіцца імунітэт для былога прэзыдэнта: «Прэзыдэнт, які спыніў выкананьне сваіх паўнамоцтваў, ня можа быць прыцягнуты да адказнасьці за дзеяньні, учыненыя ў сувязі з ажыцьцяўленьнем ім прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў».
- Закрываецца магчымасьць абірацца прэзыдэнтам тым, хто часова зьехаў: «Прэзыдэнтам можа быць абраны грамадзянін Рэспублікі Беларусі па нараджэньні, не маладзейшы за 40 гадоў, які валодае выбарчым правам, пастаянна пражывае ў Рэспубліцы Беларусі ня менш за 20 гадоў непасрэдна перад выбарамі, які ня мае і ня меў раней грамадзянства замежнай дзяржавы, або дазволу на жыхарства, або іншага дакумэнту замежнай дзяржавы, які дае права на льготы і іншыя перавагі».
- З праекту выключаны артыкул пра імкненьне Беларусі зрабіць сваю тэрыторыю бязьядзернай зонай, а дзяржаву – нэўтральнай.
«Заключныя і пераходныя палажэньні» праекту Канстытуцыі
- Паводле артыкулу 143 абмежаваньні на прэзыдэнцкія тэрміны ўступяць у сілу толькі пасьля наступных прэзыдэнцкіх выбараў: «Зьмены Канстытуцыі, якія абмяжоўваюць колькасьць тэрмінаў, на працягу якіх адна і тая ж асоба можа займаць пасаду прэзыдэнта, уступаюць у сілу зь дня ўступленьня на пасаду зноў абранага прэзыдэнта». Паводле літары артыкулу, Лукашэнка можа балятавацца ў прэзыдэнты яшчэ прынамсі двойчы.
- Таксама паводле артыкулу 143 ніякіх датэрміновых выбараў не прадугледжана, у тым ліку і прэзыдэнцкіх: «Дзяржаўныя органы (службовыя асобы) ажыцьцяўляюць сваю дзейнасьць на працягу тэрміну, на які яны былі ўтвораныя (абраныя, прызначаныя), альбо да спыненьня іх паўнамоцтваў ва ўстаноўленым парадку.
- Паводле артыкулу 144 дзейны кіраўнік дзяржавы можа прэтэндаваць на пасаду старшыні Ўсебеларускага народнага сходу: «Закон, які вызначае кампэтэнцыю, парадак фармаваньня і дзейнасьці Ўсебеларускага народнага сходу, падлягае прыняцьцю на працягу году з дня ўступленьня ў сілу зьменаў Канстытуцыі. У мэтах арганізацыі належнай працы Ўсебеларускага народнага сходу прэзыдэнт, які займае гэтую пасаду на дату ўступленьня ў сілу зьменаў Канстытуцыі, можа быць абраны старшынём Усебеларускага народнага сходу».