Польскія і літоўскія кампаніі пераглядаюць схемы паставак пасьля контрасанкцый рэжыму Лукашэнкі

Сымболіка PKN Orlen

Найбуйнейшы польскі нафтаперапрацоўчы завод PKN Orlen гатовы перанакіраваць экспарт са свайго літоўскага НПЗ у Польшчу, бо Беларусь з 7 лютага забароніць перавозку.

«Адна з прычынаў, чаму мы набылі тэрмінал каля польскай мяжы летась, — магчымасьць экспартаваць праз Польшчу, калі палітычная сытуацыя зьменіцца», — сказала Reuters прэс-сакратар PKN Orlen Крысьціна Гяндвіле.

PKN Orlen летась экспартаваў 1 мільён тон нафты зь Літвы ва Ўкраіну празь Беларусь. Нафтапрадукты ва Ўкраіну склалі 2% ад усіх грузаў «Літоўскіх чыгунак» у мінулым годзе, паведаміў Reuters прадстаўнік чыгункі.

Будзе перафарматаваньне паставак і ў іншых кампаніях. Літоўскі вытворца ўгнаеньняў Achema, найбуйнейшы спажывец прыроднага газу ў Балтыі, сутыкнецца з «сур’ёзнымі перашкодамі» з боку Беларусі, якія забараняюць яго экспарт ва Ўкраіну, паведаміў BNS у аўторак генэральны дырэктар Рамунас Міляўскас.

Літва гатовая адказаць на рашэньне Менску спыніць транзыт часткі літоўскай прадукцыі празь Беларусь. Пра гэта LRT заявіў дарадца прэзыдэнта Літвы ў пытаньнях нацыянальнай бясьпекі Дарус Кулешус. Па яго словах, пакуль гарантаваць, што заявы Менску зьяўляюцца рэальнымі намерамі, нельга. Канчаткова меркаваць можна будзе пасьля 7 лютага, калі рашэньні набудуць моц.

Вільня гатовая прыняць новыя абмежавальныя меры ў адказ. Па словах Кулешуса, дзеяньні могуць быць «як сымэтрычнымі, так і асымэтрычнымі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Беларускія ўлады выдаюць жаданае за сапраўднае». Расейскі экспэрт пра магчымы транзыт калію не зь Літвы, а з Расеі

2 лютага Беларусь увяла санкцыі ў адказ на спыненьне транзыту сваіх калійных угнаеньняў празь Літву з 1 лютага.

«Намі прынята рашэньне аб забароне перавозак транзытам па сваёй тэрыторыі, якія ідуць зь Літвы чыгуначным транспартам, нафтапрадуктаў, хімічных і мінэральных угнаеньняў, пагружаных на станцыях «Літоўскіх чыгунак», — заявіў прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Беларусі Анатоль Глаз.

З 1 лютага Літва спыніла транзыт прадукцыі «Беларуськалію». У гэты дзень на тэрыторыі Літвы яшчэ заставаліся каля 1000 вагонаў зь беларускай калійнай прадукцыяй.​ З прапановай наладзіць перавозкі беларускіх угнаеньняў да ўладаў Літвы і ў «Літоўскія чыгункі» зьвярнуліся пяць іншых кампаній, аднак усім ім адмовілі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эканаміст Леў Львоўскі: Беларускі ўрад ня быў гатовы да спыненьня транзыту калію Літвой
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Літоўцы шукаюць варыянты чыгуначнага транзыту ў абыход Беларусі